Ліхаманкава ляцелі думкі, кружыліся і не знаходзілі выйсця. Адбівацца — смерць пэўная, бо гэта не паліцаі, якім можна было даць кухталя ці туманнае абяцанне. Няўжо трэба перажыць страшнае зганьбаванне, каб уратаваць чалавека? А як адступіць? Як уратаваць сябе?
У роце — быццам ваты сухой напхалі, і яна ніяк не магла пракаўтнуць гэтую вату. Печка чадзіла, ад цеплыні і чаду кружылася галава. Вольга падумала, што няхай бы яна страціла прытомнасць. Можа, гэта спыніла б гвалтаўнікоў, ва ўсякім разе. яна нічога не бачыла б, не адчувала б. Заплюшчыла вочы, гатовая ўпасці на падлогу. Але страшнага не здарылася, лёс быў літасцівы. Яна пачула знаёмыя ўжо словы: «Вас іст гір?» — і расплюшчыла вочы.
Фашыст стаяў перад ёй і тоўстым пальцам паказваў на кошык.
Узрадаваная Вольга нахілілася, адгарнула ручнік і выхапіла пляшку гарэлкі, узбаўтнула, паказала наклейку:
— «Маскоўская»!
— О, «Маскоўская»! — Тоўсты схапіў пляшку, падбег да таго, што гаварыў па-руску, і доўга нешта весела тлумачыў яму, круцячы бутэльку і паўтараючы то «москаў», то «маскоўскі», — амаль чыста па-руску.
А Вольга, асмялелая, падышла да заплямленага чарнілам, пафарбаванага стала, пачала выкладваць з кошыка сала, кілбасу, сыр, блінцы, якія раніцой напякла з пшанічнай мукі.
Тоўсты, як кот, абышоў вакол стала, агледзеў прысмакі, памаўзліва аблізнуўся, але тут жа зморшчыўся і пакруціў галавой.
— Мала, — сказаў перакладчык.
Вольга палезла за пазуху, дасгала хусцінку, зубамі развязала вузялок і працягнула два залатыя чырвонцы, царскія.
У немца загарэліся вочы. Схапіўшы золата, кінуўся да фрэнча, што вісеў на спінцы крэсла, дастаў з кішэні акуляры, доўга і ўжо моўчкі, без смеху і слоў, разглядаў чырвонцы. Потым павярнуўся да тлумача і крыкнуў нешта, як мацюкнуўся.
— Мала, — зноў сказаў той.
«Каб вас разарвала, гады вы ненажэрныя, Бога ў вас няма, мучыце людзей ды яшчэ хочаце зарабіць на гэтым», — падумала Вольга, развяла рукамі: маўляў, больш нічога не мае.
— Мала, — паўтарыў перакладчык з пагрозай.
Вольга зразумела, як моцна яны напрактыкаваліся зарабляць на людзях. Але таргавацца і яна ўмела, ведала многія, самыя тонкія таямніцы гандлёвай справы. Задумалася: што яшчэ яна можа прапанаваць? Успомніла і «ўзрадавалася» — падміргнула таўсцяку. Ссунула хустку: адчапіла з вушэй завушніцы, залатыя. Такія яна не насіла не толькі цяпер, пры немцах, але і раней, да вайны, на свята зрэдку чапляла. Але на рынку яна ўведала нямецкую сквапнасць, іх гандлёвую хітрасць і таму захапіла завушніцы, параіўшыся з Ленай, на той выпадак, калі запатрабуюць большае платы: во, маўляў, апошняе аддаю, з вушэй здымаю.
Тоўсты фашыст адразу схаваў завушніцы туды ж, куды і залатыя, — у нагрудную кішэню, зашпіліў гузічак і прыціснуў кішэню падцяжкай, каб грудзьмі адчуць золата. На гэтым супакоіўся — паверыў, што больш нічога каштоўнага ў жанчыны няма. Але патрабаваў дакумент. Вольга дала пашпарт.
Тлумач перапісаў з пашпарта ў кнігу яе прозвішча, імя, запытаў імя мужа, заглянуў на тую старонку, дзе стаялі савецкі і нямецкі штампы аб прапісцы. Тым часам тоўсты ўзяў кош і пачаў складваць у яго выкладзеныя на стол харчы.
«Не трэба ім сала і блінцы, адно золата трэба», — падумала Вольга і парадавалася, што хоць нешта застанецца, прадукты цяпер даражэй за золата, а яе ўжо трохі шкрабнула заўсёдная сквапнасць: занадта дорага прыйшлося заплаціць за немаведама каго, нават не за таго чалавека, які так патрэбны Лене Бароўскай. Чаму гэты хлапчук так кінуўся ў вочы? Чаму так захацелася выратаваць яго? I што цяпер рабіць з ім? Таго недзе ўладкавала б Лена. А гэтага не забярэ. Навошта ён Лене, такі дахадзяга, дзіця бязвусае? Лене і яе сябрам, безумоўна, патрэбны быў нейкі камандзір ці камісар, можа, вялікі бальшавіцкі начальнік.
Але Вольга тут жа прагнала ўсе сумненні. Лена будзе незадаволена? Ну і няхай. Сабе нарабіла клопату? Не было б большага.
Не, немец не вярнуў ёй прадукты. Ён забраў усё — і кошык, і ручнік — і схаваў за шафу. Вользе ажно весела зрабілася ад такой сквапнасці тоўстага паразіта. Яна раптам адчула, наколькі яна лепшая за іх, за гэтых прышэльцаў, якія крычаць на ўсё горла, што яны вышэйшыя за ўсе іншыя народы. Нябожчыцу маці і яе некаторыя суседзі, знаёмыя, у тым ліку Бароўскія, абвінавачвалі ў прагнасці. Стары Бароўскі некалі сказаў: «Ляновічыха за капейку ў царкве пёрне». Але тут Вольга падумала, што яе прагнасць у параўнанні са скнарасцю гэтых ненажэрных прыблуд, што зарабляюць на крыві і смерці, — драбяза, бяскрыўдная чалавечая слабасць, і ёй зрабілася асабліва хораша ад свайго ўчынку. Што цяпер думаць пра тое, што будзе заўтра? Важна, што яна зрабіла добрае сёння — не пашкадавала ні прадуктаў, ні золата і нічога не пабаялася, каб уратаваць чалавека. Сапраўды, такая дабрата як бы ачысціла яе душу, узняла над тым брудам, у якім яна штодня корпалася, да якога прывыкла ў барацьбе за сытнае жыццё. Цяпер яна хіба аднаго баялася, што, забраўшы выкуп, ахоўнікі не аддадуць палоннага: ад фашыстаў можна чакаць усяго — чаго хочаш.