Вучылася Вольга да сёмага класа нішто сабе, а ў восьмым класе, калі ўжо хлопцы былі ў галаве, двойкі пачала прыносіць. Цяпер Ляновічысе хацелася, каб дачка пайшла ў навуку, стала культурнай: час змяніўся, дзеці многіх камароўскіх старажылаў канчалі інстытуты. Чым жа яе дзеці горшыя? Спрабавала прымусіць Вольгу вучыцца — усё той жа дзягай, бацькавай папругай. Нічога не памагло, Вольга сапраўды-такі ўпартасцю ўдалася ў маці і пасля восьмага класа школу кінула. Год гандлявала разам з маці, пасля пайшла працаваць у трамвайнае дэпо.
У васемнаццаць гадоў Вольга выйшла замуж за вагонаважатага Адама Аўсюка. Зяць падабаўся старой Ляновічысе, хоць і быў галадранец — прыйшоў у дом з адным маленькім чамаданчыкам.
Але — вясёлы, не цураўся ніякай работы, нават не саромеўся прадаваць на рынку абсмаленых курэй, капусту, свініну. Было ў яго нешта ад характару самой Ляновічыхі, таму і паразумеліся яны. Толькі п’яны Адась рабіўся дурным — лез біцца, неаднойчы вяртаўся з «ліхтарамі». Старому Ляновічу вельмі не падабалася, што важаты трамвая напіваецца да шаленства. «Як ты заўтра людзей будзеш вазіць? Яшчэ зарэжаш каго! Каб я быў вашым начальнікам, то такіх блізка не падпускаў бы да вагона».
I бываюць жа такія недарэчныя, проста-такі нейкія фатальныя супадзенні! У цёмную лістападаўскую раніцу, калі выпаў першы мокры снег, стары гарбар не ўціснуўся ў перапоўнены трамвай, павіс на падножцы, сарваўся ці, можа, незнарок спіхнуў хто, трапіў пад колы — і яму адрэзала ногі: на другі дзень ён сканаў у бальніцы.
Вагон вёў не Адась, але ўсё адно сярод камароўскіх абывацеляў, як кругі па вадзе, пайшлі самыя неверагодныя, дзікія плёткі, дайшлі да Вольгі, да яе мужа, да старой Ляновічыхі, усіх балюча ранілі.
Здаецца, без асаблівай любові і прыхільнасці адзін да аднаго жылі Ляновічы. Хрысця гаварыла пра свайго Міхала са скептычнай паблажлівасцю, рэдка калі раілася з ім у сваіх камерцыйных справах. Дзеці прызнавалі больш матчын аўтарытэт, бацька заўсёды знаходзіўся як бы ў цяні. А не стала яго — асірацела хата, і сама Ляновічыха адразу змарнела, сцішылася, страціла цікавасць да багацця, пабляклі неяк адразу для яе ўсе набытыя нікеляваныя ложкі, паліраваныя шафы, густа абсыпаныя нафталінам футры. Адно хіба яна яшчэ з цікавасцю чакала — будучага ўнука ці ўнучку, Вользіну: Казіміравага сына ад развядзёнкі не любіла, чамусьці чужым унук здаваўся ёй.
Але тое, што пасля смерці мужа страчвала пастарэлая маці, з малой сілай і энергіяй нараджалася, ажывала ў Вользе. Працу ў дэпо яна кінула і амаль цалкам узяла на сябе матчыны абавязкі па гандлі ўсім тым, што вырасла на гародзе і ў хлявах. Розніца хіба адна была: працавала яна не з такой апантанасцю, як маці, умела ўсю самую цяжкую, чорную работу на Адася ўзваліць. Але на рынку паводзіла сябе, бадай, больш умела, спрытна і ў той жа час асцярожна, з улікам кан’юнктуры, якая змянілася: халодная і галаднаватая зіма трыццаць дзевятага — саракавога гадоў, калі ішла фінская вайна, — гэта не дваццатыя нэпаўскія гады, у якія разгортвала сваю камерцыю яе маладая, тады яшчэ поўная сілы маці. Аднак і ў такіх нялёгкіх умовах камароўскія гандляркі хутка прызналі маладую Ляновічыху за сваю завадатарку. Ад маці і імя засталося ёй — Ляновічыха, хоць і была яна Аўсюк. Маладая Ляновічыха. А старая як бы страціла гэтае вядомае на ўсю Камароўку імя, цяпер для суседзяў яна была просга Хрысця ці Крыся, некаторыя так скарачалі яе імя — на польскі лад, бо Ляновіч лічыўся католікам, хоць у касцёл ніколі не хадзіў і вянчаўся ў царкве — Хрысціна была з праваслаўнай набожнай сям’і.