Выбрать главу

Лена цяжка ўздыхнула.

Вольга дакарала сябе рэўнасцю, што Лена выявіла большую практычнасць — не забылася, што вызваленага трэба накарміць, бо інакш можна не давесці, не блізка ад Драздоў да Камароўкі.

Задыхаўшыся ад ежы, як ад цяжкай працы, Алесь спытаў у Лены:

— Ты шукала кагось іншага?

Лена кіўнула.

— Раніцой расстралялі шасцярых. Перад строем. Нібыта яны хацелі ўцячы.

Вольгу зноў-такі раўніва кранула, што яны так адразу паразумеліся, Лена і ён, гэты выкуплены ёю хлапчына, што да Лены ён, інтэлігенцік, адразу на «ты», як да даўняй знаёмай.

III

Вольга ўвайшла ў дом і на кухні загрукала намёрзлымі ботамі аб падлогу, збіваючы снег, захукала на рукі. Не адчыняючы дзвярэй у пакой, бо пачула, што да іх прытупала Светка і клікала маму — не прастудзіць бы дзіця! — сказала гучна, каб пачуў жыхар:

— Сапраўдная зіма. Гэта ж трэба, так рана. Як на гора…

— Каму на гора? — спытаў Алесь і паклікаў малую: — Свецік, ходзь сюды, а то там зюзя, дзед-мароз прымарозіць пальчык.

Але дзяўчынка барабаніла кулачкамі ў дзверы і патрабавала:

— Дай, дай! — што значыла: дай маму!

Вольга сціхла, застыла з узнятымі рукамі, бо пачала развязваць хустку, прыслухалася. Слухала яна не дачку. Ёй здалося, што голас хлопца пачуўся не з таго месца, дзе належала быць хвораму, — у спальні яе бацькоў, на іх шырокім драўляным ложку, што займаў палавіну цеснага пакойчыка — а бліжэй, адразу за дзвярамі, у зале, як называлі пярэдні пакой, дзе тупала Света. Вольга скінула халоднае паліто, асцярожна адчыніла дзверы ў залу і не падхапіла, як звычайна, Светку нарукі, бо вельмі здзівілася. Сапраўды, хворы стаяў перад люстрам вялікай, з чырвонага дрэва шафы і галіўся.

Яго вайсковае адзенне, падранае, забруджанае, яна абдала варам, каб забіць вошай, памыла, папрасавала, пакуль ён быў у непрытомнасці, і без яго дазволу прадала на «таўчку», разважыўшы, што вайсковае яму цяпер без патрэбы, больш таго, хадзіць у ім па горадзе небяспечна, выкінуць жа пашкадавала: у яе нічога не прападала марна. Калі ж пачаў ачуньваць, Вольга дала яму адзенне мужа, але пры ёй Саша ні разу яшчэ не адзяваўся.

А цяпер ён стаяў перад люстрам у жоўтых чаравіках, у чорных Адасёвых штанах, у белай сарочцы, вялікай на ім, таму здавалася, што там, пад сарочкай, няма цела, адно паветра. Ды і ўвогуле ўвесь ён як бы прасвечваўся, ажно ззяла вакол яго — вакол сарочкі, вакол смяртэльна-белага твару, над белымі валасамі. Каб не старая, яе бацькі, брытва ў яго руцэ, Вользе, трохі набожнай, магло б здацца, што ў вобразе ўратаванага ёю чалавека — бесцялесны анёл. Не адразу яна сцяміла, што такі незямны выгляд хлопец мае не толькі ад таго, што схуднеў — зусім высах, нябога, але і ад святла, што падала з вокнаў праз цюлевыя гардзіны. Уначы выпаў снег, і моцна падмарозіла. Нечаканая зіма ў пачатку лістапада. Снег пакрыў зямлю, асеннюю чарнату яе. Вользе з самай раніцы здавалася, што снег пакрыў усю гразь, бруд, усю жудасць, якую зрабілі на зямлі людзі. Таму анёльскі выгляд мае ахвяра гэтай жудасці.

Алесь збянтэжана і вінавата ўсміхнуўся ёй.

— Прабач… я знайшоў брытву без дазволу… твайго, — ён каза ў ёй ужо «ты», але кожны раз яму як бы рабілася няёмка за гэта.

Вольга адразу ўсхвалявалася і затрывожылася, як толькі ўбачыла яго на нагах.

— Навошта ты падняўся? Нельга ж табе яшчэ. Такі слабенькі… Мог бы самлець… з брытвай. Упасці. А тут дзіця…

— Ды не, нічога, як бачыш, стаю. Спачатку галава кружылася.

— Што цябе падняло?

— Свята ж сёння, Вольга Міхайлаўна.

— Якое свята?

— Як якое? — здзівіўся і неяк дзіўна сумеўся і разгубіўся хлопец. — Вялікага Кастрычніка… — Не мог ён нават падумаць, што нехта з савецкіх людзей мог забыцца на гэтае свята, дзе б ні сустрэў яго: на фронце, у акупацыі, у лагеры палонных. I яго страшэнна ўразіла, калі Вольга абыякава працягнула: «А-а», — і занялася малой — падхапіла на рукі, выцерла ёй прыполам спадніцы носік.

Не ўбачыла Вольга, як ён стаяў гэтую хвіліну, апусціўшы руку з брытвай, бледны, раптоўна знясілены, сапраўды мог упасці, бо кроў ударыла ў галаву, зашумела ў вушах. Не, у яго хапіла сілы пакласці брытву на стол, побач са сподачкам з малюсенькім кавалачкам мыла і намыленым пэндзлем. Празрысга-бледныя, упалыя шчокі загарэліся хваравітым агнём — не пунсовым, фіялетавым нейкім.

— Нельга так, Вольга… Нельга!

А яна ўжо забылася, а таму не зразумела адразу: