— Што нельга?
Алесь ступіў да яе, падняў руку, быццам хацеў замахнуцца на яе, але толькі мякка і ласкава дакрануўся да дзіцяці.
— Нельга забывацца на тое, што нам самае дарагое. На свята наша самае вялікае і… на ўсё, за што ваявалі нашы бацькі… Нельга. За гэта аддалі жыццё… лепшыя людзі рабочага класа… Ленін… Што ў нас тады застанецца? За што будзем ваяваць з фашызмам? З чым пойдзем у бой?.. Што застанецца ёй, калі мы на ўсё забудзем? — паказаў ён на малую, а той здалося, што ён кліча яе да сябе, і яна працягнула ручкі, згодная пайсці ад маці да яго.
Вольга застыла, ашаломленая. Словамі яго. Чула яна падобныя словы, але ніхто і ніколі не гаварыў іх так, як ён, гэты хворы юнак, так горача, так шчыра. Часцей за ўсё словы такія гаварылі з трыбун, па радыё, а ён гаварыў ёй адной, і яго ажно ліхаманіла, ажно загарэўся ўвесь, і голас дрыжаў ад слёз. Пачула яна ў словах і іншае: ён кідаў папрокі ёй — за жыццё яе такое, за гандаль. Яна пачула такі папрок у многа разоў паўтораным «нельга так». Што нельга? А можа, можна? На міг Вольга ўзлавалася: гэта ён так за тое, што яна зрабіла для яго? Ах ты, казяўка! Хацелася секануць: «Пайшоў ты, неданосак! Чаму ж цябе твае не ратавалі? Чаму яны драпнулі, народ у бядзе пакінулі?»
Але ён працягваў гаварыць усё так жа горача. Не, ён не дакараў яе, ён прасіў, маліў зразумець, што так нельга, што нельга сагнуць галаву і чакаць, калі табе на шыю надзенуць хамут, што лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях, так сказала Далорэс Ібаруры. Вольга ўспомніла, што чула гэтыя словы, калі яшчэ вучылася ў школе, а фашысты напалі на іспанскі народ. Хоць і іх часта паўтаралі, але тады яны не краналі яе, а цяпер, пачутыя з вуснаў чалавека, які ледзь выкараскаўся ад смерці, неяк нязвыкла, па-новаму ўсхвалявалі. Безумоўна, фашысты — нелюдзі, звяры, жыць пад імі ўвесь час яна таксама не згодна. Каб Светку яе, калі вырасце, павезлі на чужыну нявольніцай, надзелі хамут… О не! Але няхай іх разаб’е наша армія, без арміі ніхто нічога ім не зробіць, так яна думала. Словы Алесевы кранулі яшчэ і таму, што гарачнасць давяла яго да знямогі, і ён пахіснуўся, напэўна, паваліўся б, каб яна не падхапіла.
Трымаючы адной рукой дзіця і абняўшы яго другой, павяла ў бакоўку.
— Ох, горачка маё! Казала ж, што не трэба падымацца было. Бачыш, зноў распаліла. Колькі там таго цела, няма чаго і паліць.
Алесь паслухмяна лёг на ложак, паглядзеў на яе ўжо іншымі вачамі — вінаватымі, папрасіў:
— Прабачце, — зноў на «вы».
Вольга прывыкла да яго прабачэнняў, але, бадай, ніводнае не збянтэжыла яе так, як гэтае. Не ведаючы, што адказаць, яна спытала жартаўліва:
— Пагаліўся хоць?
Алесь стомлена плюснуў вейкамі.
— А я думала, што ты яшчэ не голішся. Таму не прапанавала брытвы. Здавалася, нічога ж не расце. Так — рудзенькі пух. А пагаліўся — і праўда папрыгажэў. Хоць жані цябе…
Але вочы ў яго патухлі. Не да жартаў яму было.
Вольга кожны раз палохалася, калі пасля ўзбуджанасці, ліхаманкавага бляску вочы ў яго вось так патухалі, як у нежывога.
Вольга разула чаравікі — ён не супраціўляўся.
— Штаны памагчы зняць?
— Не… не… Што вы!.. Я сам.
Вольга помніла, як страшэнна ён засаромеўся, калі апрытомнеў і зразумеў, што колькі дзён яна даглядала яго, як даглядае санітарка ў бальніцы цяжкахворага. Такая юнацкая цнатлівасць кранала Вольгу, яна паблажліва дазволіла, як малому:
— Добра, паляжы так. Адпачні. Я накрыю цябе коўдрай. Не так цёпла ў нас, каб ляжаць у адной сарочцы… пасля такога запалення… Я табе Адасёў світэр дам, раз ты ўжо паднімаешся.
Тая акалічнасць, што хлопец гэты ў першы ж дзень на волі моцна захварэў (безумоўна, быў і раней хворы, толькі трымаўся ў лагеры з апошніх сіл, бо там зваліцца — смерць), памагла пэўным чынам і Вользе, і яму: як кажуць, не было б дабра, ды бяда памагла.
Такое хворае хлапчо (пад коўдрай — падлетак з выгляду), да якога дні чатыры не вярталася прытомнасць, непрыкметна і амаль натуральна прыжылося ў яе. Паліцай, што заглянуў у тыя дні на «калым» — па шклянку самагонкі, магчыма, убачыў каля яго ложка смерць, што сапраўды неадлучна дзяжурыла там, таму не стаў нават распьггваць, задаволіўся кароткім тлумачэннем: «Пляменнік прыехаў з вёскі і захварэў. Баюся, як бы не тыфус». Тыфус прымусіў Друцьку хутчэй пакінуць дом і не заляцацца да яе.
Суседзі, праўда, употай шапталіся, што Ляновічыха падабрала чырвонаармейца, які паміраў ужо, таму немцы выкінулі яго з лагера — бяры хто хоча (людзі яшчэ верылі хоць у малюсенькую чалавечнасць немцаў) — і цяпер выходжвае смяртэльна хворага чалавека, як уласнае дзіця.
Адны не адразу верылі гэтаму, другія здзівіліся, трэція — ухвалілі, гаварылі, што яны даўно прыкмячалі, што Вольга не ў маці пайшла па душэўных якасцях сваіх — у бацьку, а стары гарбар Ляновіч пражыў сваё жыццё сумленна, камерцыяй і ашуканствам не займаўся і заўсёды стараўся памагчы людзям. Ва ўсякім разе, Вользін учынак быў ёй на карысць, ён у пэўным сэнсе рэабілітаваў яе ў вачах тых, хто цішком кідаў ёй услед, калі яна ішла, нагружаная вузламі на рынак: «Гандлярка! Нямецкая шлюха!»