Праўда, каб яна прывяла ў дом здаровага мужчыну, то яшчэ невядома, што маглі б сказаць і падумаць, хутчэй за ўсё наўрад ці паверылі б, што ратавала яна палоннага з патрыятычных меркаванняў. А так паверылі, бо цётка Марыля расказвала, у якім стане хлопец і як Вольга лечыць яго.
Сорамна было Вользе думаць пра гэта, але сапраўды атрымлівалася так, што хвароба Алесева памагала ёй, таму, пэўна, нараджалася дзіўная прыхільнасць да яго і своеасаблівая ўдзячнасць. Усё так добра складвалася, быццам ён прыносіў шчасце. Друцьку яна сказала пра пляменніка проста так — ад нечаканасці з’яўлення паліцая, бадай, ад страху, пабаялася прызнацца, што ўзяла хлопца з лагера. Расказала пра гэта Лене, а тая праз два дні прынесла даведачку на імя Аляксандра Ляновіча са Случчыны, што ён нібыта ляжаў у бальніцы з вельмі незразумелай хваробай, па-лацінску напісанай. Цяпер Вользе належала тлумачыць, што гэта сапраўды яе пляменнік, што лячыўся ён у цывільнай бальніцы, але з надыходам маразоў там усталяваўся такі холад, што хлопец у дадатак да сваёй хваробы схапіў крупознае запаленне лёгкіх. Такі дыягназ паставіў доктар, якога Лена прыводзіла: запаленне і моцнае знясіленне, дыстрафія.
Друцька спытаў на рынку:
— Як твой пляменнік? Ачуняў?
— Не ачуняў, але, дзякуй Богу, не тыф, запаленне.
Паліцаі, ажно трое, у той жа дзень прыпляліся па пачастунак. Паглядзелі на Алеся, які ўжо апрытомнеў, але ад слабасці ледзьве слова мог вымавіць, падбадзёрылі:
— Нічога, будзеш жывы. Ачуньвай. У паліцыю возьмем. Людзі нам трэба.
Вольга ад радасці пачаставала іх шчодра. Падвыпілі, але з лапамі не лезлі: сорамна ўсё ж ім, паразітам, пры хворым чалавеку нахабнічаць, цёткі Марылі не саромеліся, а хворага пасаромеліся. I гэта таксама падабалася Вользе і дадало яшчэ крупінку нечага добрага да хворага — павагі, сімпатыі.
Здзівіла яго гарачнасць у размове аб свяце і крыўда, што яна забылася на такое свята, самае вялікае, самае дарагое — для яго. Здзівіла і ўсхвалявала.
Праўда, здзіўляе ён не ўпершыню. Дзён колькі назад, калі трохі акрыяў, ва ўсякім разе, вочы зрабіліся нармальныя, не з таго свету глядзелі на яе, Вольга спытала ў яго між іншым, так пытаюць ва ўсіх хворых, калі заўважаюць, што яны ачуньваюць:
— Можа, табе яшчэ што трэба? Кажы, не саромейся, Саша.
Хворы на момант задумаўся.
— Кнігі. Ёсць у цябе кнігі?
— Кнігі?
Вельмі яна здзівілася. Не паверыла нават адразу, каб у чалавека, што толькі выкараскаўся ад смерці, першай патрэбай сталі кнігі.
Кніг у Вольгі не было, адно Евангелле матчына засталося, але гэтую кнігу яна прапанаваць не магла, бо адчувала — пакрыўдзіцца хлопец, камсамолец жа, безумоўна. Былі ў доме падручнікі, часопісы — яна спаліла іх у грубцы, каб далей ад граху, а то, чаго добрага, яшчэ пацягнуць немцы, хаваць не стала, хапала больш каштоўных рэчаў, якія прыйшлося закопваць у цёмныя ночы на гародзе ці хаваць у паграбах.
Між іншым, Алесь нічога не сказаў, але — па вачах убачыла — здзівіўся, што ў доме няма ніводнай кнігі. Вольгу нават трохі пакрыўдзіла гэтае здзіўленне: падумаеш, шчасце — кнігі!
— Якія табе кнігі трэба? — спытала яна.
— Добра было б паэзію. Класіку. Пушкіна. Лермантава. За класіку не бойся, яны не прычэпяцца.
Пра жаданне яго Вольга сказала Лене. I зноў яе зачапіла за жывое, што Лену гэта нічуць не здзівіла, быццам яна ведала наперад, што іншай патрэбы ў хлопца не магло ўзнікнуць.
Праз дзень ці два Лена прынесла кнігу — тоўсты томік у самаробнай, з жоўтага кардону вокладды, на ёй хімічным алоўкам было напісана: «Аляксандр Блок».
Вольга не чула раней пра такога пісьменніка.
— Немец, ці што? — спытала яна ў Лены.
— Ды не, наш, рускі. Але сімваліст, — адказала Бароўская.
Вольга прыгадала, што, здаецца. у восьмым класе настаўнік літаратуры, сам паэт, нешта расказваў ім пра нейкіх сімвалістаў, але прайшло так многа часу і так многа падзей у жыцці, што яна ўсё забылася, для яе гэта пустыя гукі — сімвалісты, рэалісты.
Алесь спаў, калі Лена прыходзіла. Вольга пасля, увечары, з некаторай нават урачыстасцю, як падарунак імянінніку. паднесла яму кнігу.
Вокладка, магчыма, яго трохі збянтэжыла. Але разгарнуў кнігу і — як бы сустрэўся з даўнім добрым сябрам, ажно заззяў увесь.