Выбрать главу

— Блок! Божа мой! Блок. Дарэвалюцыйнае выданне. Дзякуй вам.

Вользе была прыемная такая яго радасць, і яна не сказала, што кнігу прынесла Лена Бароўская, няхай, маўляў, думае, што не хто іншы, сама яна выбрала якраз жа тое, што яму падабаецца, што і яна не якая-небудзь непісьменная гандлярка, а знаўца кніг.

А пасля ён здзівіў яшчэ больш.

Дні тры назад, калі моцна ўжо захаладала, прыбегла яна, акалелая, з рынку, каб накарміць дачку і яго — Марылю цяпер не запрашала, каб лішняе не плаціць: хоць і ляжаў Алесь яшчэ, але ўжо мог заставацца за няньку, гуляў з малой, сама Светка ўзлазіла на ложак, і ў яго хапала сілы пераадзець ёй сухія штонікі.

У той дзень Вольга прадавала буракі, рэшту, што не паспела прадаць, даручыла суседцы: была ў гандлярак, як у кожным цэху, свая салідарнасць і ўзаемавыручка. Але ўсё адно прыходзілася спяшацца — на рынку засталіся кашы, мяшкі, іх трэба забраць, лістападаўскі дзень кароткі, скора паліцыя пачне ўсіх разганяць, а суседка па рынку жыве на другой вуліцы, далёка.

Алесь еў сам, седзячы на ложку, пад спіну яму Вольга падсунула падушкі, каб лягчэй сядзець было.

Вольга ўподбег накарміла дачку і падсвінка, якога хавала ў хлеўчуку за шуркамі наколаных дроў і за якога вельмі баялася: калі немцы не абрабуюць (з-за свінча яна ўлешчвала і немцаў, і паліцаяў), то могуць украсці: галодных у горадзе процьма.

Заглянула ў бацькоўскую спальню, каб забраць талерку, і ўбачыла: забыўшыся на ежу, Алесь чытаў. Упікнула:

— А ты ўжо чытаеш?

Паглядзеў на яе вільготнымі вачамі і раптам папрасіў:

— Пасядзі са мной хвілінку. Я пачытаю табе вершы. Паслухай, якая гэта прыгажосць.

— Не да вершаў мне, — адмахнулася яна.

— Нельга ж жыць… — хацеў ёй сказаць, Вольга здагадалася што, але не сказаў, паправіўся: — Нельга ж увесь час на нагах… Я не ведаю, калі ты адпачываеш. Ты нават ясі стоячы.

Такая нечаканая яго просьба і клопат пра яе і тое, што ён упершыню звяртаўся так проста — на «ты». як да Лены звяртаўся адразу, неяк нязвыкла, трывожна і радасна ўсхвалявалі Вольгу. Яна паслухмяна села на ложак каля яго ног, па-сялянску паклаўшы свае загрубелыя ад працы, чырвоныя ад холаду рукі на калені.

Спачатку ён чытаў вершы пра каханне, не па парадку, выбіраючы іх з розных месц кнігі.

Для кого же ты была невинна И горда?

Вольгу вершы такія спачатку не кранулі, яна падумала з грубаватай гарэзлівасцю: «Бач ты, на ладан дыхае, а пра любоў думае». Але потым адбылося нешта неверагоднае. Вершы, як хатняе цяпло ці добрае віно, пачалі размякчаць яе застылую душу, абуджалі ўспаміны маленства, пасля ўспомніліся ўсе блізкія, родныя, ніколі яны так не ўспаміналіся ёй, каб усе адразу: і бацькі-нябожчыкі, і Адась, і Павел — франтавікі (ці жывыя яны?), і Казімір, які пайшоў працаваць да немцаў і які страшэнна лаяўся, што яна ўзяла палоннага, сказаў, што калі немцы возьмуць яе за жабры, то няхай не спадзяецца на яго дапамогу, ды яна адказала, што ніколі і не спадзявалася на старэйшага брата, не чакала, што ён у нечым паможа… Але ад гэтага зрабілася сумна. Ад успамінаў ці ад вершаў? Разабрацца ёй было цяжка ва ўсіх тых вельмі складаных асацыяцыях, якія нараджала музыка вершаў. Такога яна, бадай, яшчэ не перажывала — каб так хутка, як у сне, адны пачуцці змяняліся другімі; яна прывыкла, што пачуцці, як і погляды, у яе былі стойкія і трывалыя, а тут раптам усё як бы перамяшалася, бурліла, што ў катле, на паверхню ўсплывала то адно, то другое — то лёгкі смутак, то трывога, то незразумелая радасць, то востры боль, то страх…

Амаль жах апанаваў, калі Алесь шэптам прачытаў:

Плачет ребенок. Под лунным серпом Тащится по полю путник горбатый. В роще хохочет над круглым горбом Кто-то косматый, кривой и рогатый.

Уявілася касматае страшыдла, якое з’явіцца, а з ім прыйдзе канец свету. Вершы абудзілі і рэлігійныя ўяўленні, якія таксама драмалі ў ёй. Але побач з рэлігійнымі асацыяцыямі ўзніклі і грамадзянскія: хоць кніжка і старая з выгляду, але вельмі можа быць, што чалавек гэты, паэт, быў прарокам і глядзеў далека наперад. Можа, ён сённяшняе страшыдла бачыў, калі плача дзіця і вецер маўчыць, але блізка труба, ды не бачна яе ў змроку. Ой, не бачна. Няхай бы затрубіла хутчэй!..

А потым сумнае і светлае — як бы Алесь гаварыў пра сваё, што дарога яго цяжкая і далёкая, а конь стаміўся, хрыпіць. і невядома, дзе родны прытулак, але дзесьці далёка-далёка, за лесам, пяюць песню — і ад гэтага лягчэй дыхаецца; каб не было яе, песні, то і конь бы ўпаў і ён ніколі не даехаў бы, а так верыць — даедзе. Куды? Да чаго? Усё адно. Абы была вера. Абы была вера! У што?