Унучкі Хрысціна не дачакалася. Па вясне, калі пачаліся работы на гародзе, выйшла капаць пад грады — цяжарнай Вользе нельга было — ды так і асела ў разору. Суседка праз плот убачыла ненатуральнасць яе паставы, узняла трывогу. Выбегла з хаты Вольга — а маці ўжо мёртвая. «Лёгкая смерць, — казалі суседкі і сяброўкі, выціраючы скупыя слёзы. — Дзе ўсё жыццё прарабіла, там і памерла — на зямеяьцы нашай камароўскай».
У ліпені Вольга нарадзіла дзяўчынку і назвала яе Святланай, яшчэ да нараджэння назвала, модным тады было гэтае імя. Пасля з’яўлення дзіцяці зрабілася Вольга яшчэ больш падобная на маці сваёй апантанасцю ў працы, энергіяй ва ўсім, настырнасцю, якая часта межавала з нахабнасцю, асабліва там, дзе трэба было адстаяць сваё. О, за сваё, за адно каліва цыбулі яна магла горла перагрызці! Аўсюку, партрэт якога вісеў у трамвайным парку на Дошцы стаханаўцаў, часта было няёмка за жонку, ён спрабаваў ушчуваць яе: «Воля, нядобра гэта. Цяпер людзі гэтым не жывуць, не той час. Са мной вунь Зенчык, сакратар наш партыйны, гаварыў, каб я ў партыю рыхтаваўся…»
Але і ў гэтым — у адносінах да мужа — яна зрабілася падобная да маці. Там, на працы, у трамвайным парку, ён, можа, нават абавязаны працаваць па-стаханаўску, уступаць у прафсаюз, у партыю — куды хоча, каб не адставаў ад людзей. а тут, дома, — паўнаўладная гаспадыня яна, і рабіць будзе — што ёй падабаецца. што яна лічыць неабходным для дабрабыту сям’і, для дачкі сваёй і дзяцей, якія народзяцца, таму лепш няхай ён не замінае ёй, калі хоча, каб у хаце быў лад. Так і сказала мужу, праўда, не так груба, як казала некалі бацьку маці, больш далікатна, ласкава. але з цвёрдасцю не меншай. А ў Адама такой цвёрдасці не ставала. П’яны, ён мог даць жонцы кухталя, тыцнуць у твар кулаком і паставіць пад вокам «ліхтар», але потым, цвярозы, прасіў прабачэння, часта на каленях, дарэчы, гэта яна, Вольга, прымусіла яго яшчэ пры жыцці маці ўпасці на калені і паклясціся, што пальцам яе ніколі не кране. Клятву сваю ён хутка парушыў, але ведаў ужо, як замаліць свой грэх, як улагодзіць жонку — стаць на калені і зноў клясціся. Вользе такі «шпіктакль» падабаўся.
Месяца за паўтара да пачатку вайны Адама ўзялі на ваенныя зборы, і Вольга засталася адна з малой, не вельмі бядуючы: на гародзе ўжо ўсё пасеяна, пасаджана, ёй заставалася толькі вынасіць на рынак радыску, салату і цыбулю. Праца не цяжкая, і час цёплы — дзесяцімесячную Святланку можна было браць з сабою; так часта і прывозіла ў адной калясцы малую і радыску і пераконвалася, што дзіця нядрэнна памагае ў гандлі: інтэлігенты не праходзяць міма, каб не зацікавіцца добранькай ружовашчокай дзяўчынкай і не менш прывабнай маці, і абавязкова тады купляюць і не таргуюцца, плацяць, колькі скажаш, ды яшчэ іншы раз і рэшту не хочуць браць. Вольга ніколі не ашуквала пакупнікоў, такі быў запавет маці, але калі хто сам, загледзеўшыся на яе вочы, рабіўся шчодры — ад капеек яго не адмаўлялася, лічыла, што інтэлігенты грошы зарабляюць лёгка: іншы, акрамя пяра, цяжэйшага нічога ў рукі не бярэ ці языком перад студэнтамі паменціць — і яму сотні адвальваюць, а яна ўсю вясну лапату ды матыку з рук не выпускала, з дзіцем вымушана на рынак хадзіць, то за такую працу не грэх і лішнюю капейку ўзяць. Увогуле, самыя прыемныя для яе пакупнікі былі інтэлігентныя мужчыны, кожны з іх распальваў яе цікаўнасць: што гэта за чалавек? дзе ён робіць? З імі яна была вясёлая, тактоўная. А вось жанчын, убраных па-інтэлігенцку, не любіла, лічыла ўсіх такімі ж бабамі, як яна сама, і злавалася на іх ашчаднасць і скупасць — іншая за капейку паўгадзіны будзе таргавацца, адказвала ім груба, усім на «ты», а часам не саромелася іншую паслаць так, што суседкі па прылаўку хапаліся за жываты: «Во Ляновічыха сячэ! Уся ж у матку!»
Вайна Вольгу не вельмі спалохала, нават пра мужа і брата яна падумала не адразу. Перш-наперш прыгадала матчыны расказы, што ў вайну вельмі даражэюць прадукты. Прыкідвала, якую цану назначыць, каб не прагадаць, калі праз тыдзень, у наступную нядзелю, вынесе першыя, з цяпліцы, гурочкі, упэўнена была, што яе гуркі сапраўды-такі будуць першымі на Камароўцы, бо толькі ля Чэрвеньскага рынку жыве дзед, які мае такую ж цяпліцу, нябожчыца маці канкурыравала з тым дзедам, але і вучылася ў яго.