Выбрать главу

— Здарова, прыгажуня. Пачастуеш гарачымі дранікамі?

Вольга засмяялася голасна, на ўсю рыначную плошчу.

— Спазніўся ты. Няма больш дранікаў. Цяпер іх з рукамі адарвалі б. Бульба цёплая ў мундзірах. Хочаш?

— А соль маеш?

— Для такога пана знайду драбок.

— О, у такім разе давай тваю бульбу. Соль цяпер — што сала.

Вольга схілілася над саначкамі, на якіх стаяў вялікі чыгун, «свіны», загорнуты ў старую ватоўку.

Ён схіліўся над прылаўкам, нібы паглядзець, адкуль яна дастае бульбу, і ціха сказаў:

— Паклон ад Сашы.

Вольга ўстрапянулася, але не выпрасталася, даставала бульбу з-пад нізу, дзе цяплейшая.

— Як ён?

— О, герой!

— Дазволь нам сустрэцца.

— Я? — здзівіўся ён.

— А хто ж?

Ён зразумеў, што пра арганізацыю іх Вольга думае як пра вайсковую, у якой без дазволу камандзіра падпольшчык не мае права нават сустрэцца з блізкімі, а яго лічыць камандзірам. Яму, былому палітработніку, пальсціла, што простая жанчына, пакуль што далёкая ад іх спраў, так уяўляе падпольную арганізацыю. Так напачатку ўяўлялі і ён, і некаторыя яго таварышы. Але ў гэтым была іх памылка. Ён, гарачая галава, да таго часу ўжо астыў і шмат што зразумеў — пасля хвалі снежаньска-студзеньскіх арыштаў. Шырока размахнуліся кіраўнікі першага падполля, многа ўцягвалі людзей непадрыхтаваных, нерэальную задачу ставілі — узняць лагеры палонных на паўстанне і вызваліць Мінск. Стары камуніст, падпольшчык часоў Грамадзянскай вайны, Павел Восіпавіч называў гэта авантурай, ды кіраўнікі ваеннага савета не захацелі з ім нават сустракацца, хоць Андрэй стараўся звязаць іх. Цяпер ён прызнае, што менавіта шваграў канспіратыўны вопыт памог уратавацца не толькі яму асабіста, але і зберагчы ад правалу большасць членаў групы. Правалы навучылі асцярожнасці. Але ўсё адно рызыкаваць прыходзілася штодня. Ёсць рызыка ў даверы да людзей, але і без даверу нельга ў такім змаганні.

Вользе ён паверыў з таго дня, калі забіраў прыёмнік. Абураўся, што чалавек, якога яна ратавала, не выказаў у свой час такой веры. Яе адмова, калі ён прыйшоў з просьбай, не пахіснула яго ўпэўненасці, наадварот: ён разумеў, як нялёгка такой жанчыне пайсці на свядомую барацьбу, стыхійна яна можа зрабіць любы самы адчайны ўчынак, а свядома пайсці на подзвіг не здолее. Парадаваўся не за яе — за Алеся, калі той з радасным хваляваннем сказаў яму, што Вольга згодна. Але выказаў перасцярогу Павел, таму ён два доўгія тыдні не мог прыдумаць новай сувязной задання. Ды сёння яму не абысціся без гэтай увішнай жанчынкі, бо яна менш, чым любы іншы з іх людзей, можа наклікаць на сябе падазронасць.

Раніцой, вяртаючыся з «начной работы», ён угледзеў, што ваенная жандармерыя і гестапа ачапілі цэлы квартал, дзе яго дом. Лезці ім у лапы, нават маючы дасканалыя дакументы, было б вар’яцтвам. Але што здарылася? Што з Янінай? Цяпер, удзень, ачаплення не відаць на вуліцах — хлапчукі праверылі. Але ці няма засады ў доме?

Вольга дастала з-за пазухі насовачку, у вузялку якой быў драбок солі. Соль яна брала не для пакупнікоў — для паліцэйскіх: бобікі, калі нават выпівалі і закусвалі ў каго іншага, па соль усё адно ішлі да яе.

Камандзір разламаў бульбіну і вельмі ашчадна пасаліў, еў з шалупіннем, чым здзівіў Вольгу: няўжо такі галодны? З’еўшы тры бульбіны, дастаў кашалёк і пачаў старанна падлічваць грошы.

— Ці хопіць у мяне разлічыцца з табой?

Вольга разумела, што адмаўляцца ёй ад грошай нельга, але сказала:

— Такому пану я адпушчу напавер.

Убачыла, што нават гэта яму не спадабалася, але ён падыграў: