Выбрать главу

— О, пані добрая. Але пані можа памыліцца: я рэдкі госць тут. Ды і ўвогуле забываюся аддаваць.

Калі аддаў грошы, сказаў адрас. А пасля, улучыўшы момант, калі суседка адвярнулася, палез сам у чыгун, каб за свае грошы выбраць лепшыя бульбіны, і так, схілены, як у паклоне, сказаў ёй:

— Твой пароль: «Кажуць, у вас прадаецца арэнбургская хустка?» Адказ: «Белую прадала, а шэрая ёсць». Імя жанчыны — Яніна Восіпаўна. Гэта мая жонка. Калі ж яе няма там, сама разумееш, што гэта азначае. Выкручвайся — як умееш.

— А што перадаць? Што спытаць?

— Што Андрэй чакае ў Віцька.

— Усяго?

— Не будзь прагная, — засмяяўся ён.

Вольга нібыта расчаравалася, але гэта было няшчыра. Праўда была ў іншым: яе моцна ўразіла, што чалавек не можа прайсці дадому, да роднай жонкі. I зноў ударыў страх: так можа быць і з ёй — што яна не здолее ўбачыць роднае дзіця. Але страх трымаўся адзін міг. У наступную хвіліну яна з новым захапленнем глядзела на Камандзіра. Ён выпрастаўся і зноў смачна еў неачышчаную бульбіну, ажно мурлыкаў, як кот, і вочы яго смяяліся, быццам ён толькі што ашукаў самога Гітлера.

Дома Вольга сказала цётцы Марылі ўпершыню такое:

— Калі мяне арыштуюць, занясеш Светку да Казіка.

Старой не падабалася раптоўнае знікненне «кватаранта», таму такая нечаканая Вользіна просьба спалохала яе. Яна бачыла, як Вольга хвалявалася, калі не вярнуўся дадому Алесь, бегала да павешаных, а потым раптам пасля адной ночы супакоілася. Тады ўжо Марыля адчула нейкую таямнічасць, якая яшчэ больш узмацнілася, калі на яе трохі прытворнае бедаванне, куды знік хлопец, Вольга адказала нібыта ўзлавана:

— Можа, бабу знайшоў другую. Хіба цяпер мала нас? Кожная заманіць хоча хоць якія-небудзь штаны.

Але цётка Марыля добра ведала, што не той хлопец Алесь, каб проста так перайсці да іншай саддаткі.

— Завошта гэта цябе арыштуюць? Што ты плявузгаеш?

— За спекуляцыю.

— За спекуляцыю немцы не чапаюць.

— Ого, яшчэ як чапаюць! Ты скажы, за што яны не садзяць, не страляюць?

З гэтым старая не магла не згадзіцца. Але ўсё адно ёй не падабалася, як Вольга збіраецца. З рознымі рэчамі яна хадзіла на рынак, у вёскі, але неяк не так выносіла іх з дому. А тут абвязала сябе пад плаццем лепшай гарусавай хусткай, паклала за пазуху гадзіннік, залаты пярсцёнак. I вузялок навязала.

У сапраўднасці ўсё было натуральна: Вольга нібы рэпеціравала новую ролю. Яшчэ там, на рынку, як толькі Камандзір развітаўся з ёй, яна падумала, што ёй трэба як сувязной. — пароль падказаў: зрабіцца «надомніцай», хоць не надта паважала тых, хто гэтым займаецца — ходзіць па дамах і купляе рэчы, каб пасля ў вёсках выгадна выменяць на прадукты; такі гандаль здаваўся ёй цыганскім, несумленным. Але цяпер ён мог памагчы справе.

«Выкручвайся — як умееш». А гэта яна ўмее.

Ішла Вольга на сваё першае баявое заданне без страху. Сама здзіўлялася. Разумела: калі Камандзір баіцца пайсці дадому і калі думае, што жонка можа быць арыштаваная, значыцца, нешта здарылася. Але, напэўна, з-за таго, што нічога не ведала і здагадацца не магла, што там у іх такое, і чалавека, да якога ішла, не ведала, — нічога не баялася. Верыла ў праўдзівасць сваёй ролі скупшчыцы адзення, для яе роля гэтая сапраўды-такі праўдзівая: ёй не трэба прытварацца. Паўгорада пацвердзіць, хто яна такая: прадавала з маленства, а раз прадавала — значыцца, і купляла, і цяпер купляе.

Адно хіба збянтэжыла: з варот напроціў таго дома, куды ёй трэба зайсці, выязджалі ваенныя машыны. Няўжо яна недачула адрас, наблытала? Але прыгадала, на якой машыне Камандзір прыязджаў па прыёмнік. Рызыкант. Урэшце, суседства такое адбылося не па яго волі. Шмат каму яны сталі суседзямі, гэтыя прышэльцы, — кожны другі дом заняты.

Вольга пільна прыглядалася, каб зразумець, што ж не дало Камандзіру зайсці дадому. Нічога падазронага не ўбачыла. Па вуліцы ходзяць немцы. Але дзе яны не ходзяць? У двары пуста. I ў пад’ездзе дома — нікога.

Яна паднялася па скрыпучай лесвіцы на другі паверх. I толькі перад дзвярамі пачула, што хвалюецца, як вучаніца перад экзаменам. Але не баіцца, а хвалюецца. Паўтарыла ў думках пароль. Не адразу адважылася пастукаць. Пасля схамянулася, што нельга доўга стаяць: раптам за ёй сочыць таемна-чужое вока, варожае вока? Камандзір мог угледзець гэтае вока.

Рашуча пастукала. Адчынілі без запытання. Вольга ўзрадавалася і збянтэжылася: жанчына, што стаяла ў калідоры, была знаёмая — да вайны неаднойчы купляла ў яе зеляніну, і запомніла таму, што належала да тых нямногіх гаспадынь, якія дробязна не таргаваліся, не перабіралі пучкі радыскі і цыбулі — куплялі, як мужчыны. Але найбольш уразіла, што Яніна Восіпаўна цяжарная. Угледзела гэта адразу па плямах на твары, па паставе, па тым, як тая трымала рукі. Ад такое неспадзяванасці забылася нават на пароль. Ды гаспадыня запрасіла без пароля, здзівіўшы, што ведае яе імя: