Выбрать главу

— Заходзьце, Вольга.

Не, пароль Вольга ўсё ж сказала. Яніна Восіпаўна дала адказ як мае быць. Але тут жа зняла з плячэй шэрую пуховую хустку, працягнула Вользе, папрасіла:

— Вы ходзіце ў сёлы мяняць? Выменяйце мне што-небудзь… сала, масла…

Вольга разгубілася: што гэта, дадатковая праверка, працяг пароля ці шчырая просьба? Вельмі проста зразумець, што жанчыне ў такім стане патрэбны тлушч. Але гэта проста там, дзе ўсё проста, а тут — бог ведае, што да чаго.

Збіраючыся сюды пад выглядам скупшчыцы, яна ўзяла з сабой не толькі што-нішто з нядаўна купленага адзення, але захапіла буханку хлеба і брусок сала, бо ведала, што многія з гэтых спекулянтаў, якія нажываюцца на бядзе, не галадаюць: скупляюць рэчы не за грошы — за прадукты, але плацяць трэць таго, што пасля выменьваюць у вёсках. Падумала і пра іншае, маючы вопыт: самагонкай, хлебам ды салам лягчэй за ўсё адкупіцца ад якога-небудзь нахабнага паліцая, ды і немцы не грэбуюць — бяруць.

Пастаяўшы нейкі момант у нерашучасці, у роздуме, Вольга ўзяла з рук гаспадыні хустку, акуратаа згарнула і паклала на стол, на чысценькі, добра адпрасаваны клятчасты абрус. Пасля развязала свой вузялок і туды ж на стол, побач з хусткай, паклала хлеб і сала.

Глянула на гаспадыню і… аслупянела: шырокія вочы, з сінімі кругамі вакол, як у многіх цяжарных, раптоўна напоўніліся смяртэльным страхам, жудасцю. Вольга глядзела на яе і не разумела, што ж адбылося за нейкі міг, пакуль яна развязвала вузел.

— Што з ім? — ледзь чутна прашаптала Яніна Восіпаўна раптоўна засмяглымі вуснамі.

— З кім?

— З Андрэем.

Дык вунь што! Божа мой! Які сорам! Якая яна варона! Сама ж перажыла такое зусім нядаўна і не сцяміла, што патрэбна гэтай жанчыне ў першую чаргу, чаго яна чакае. Хіба не відно было, што хустку гэтую сунула, пра мену загаварыла, каб не выдаць хвалявання, адцягнуць час, калі яна, Вольга, прыйшла з бядой? А яна, дурніца, пачала хлеб выкладваць, як міласціну няшчаснай, як дапамогу на памінкі.

— Андрэй чакае ў Віцька.

Яніна Восіпаўна схапіла яе за рукі:

— Хто? Хто сказаў вам?

— Ён сам.

— Вы бачылі яго? Калі?

— Сёння. На рынку. Нядаўна. Колькі таго часу прайшло? — глянула на будзільнік, што цікаў на стале. — Гадзіны дзве, можа, не больш.

Яніна Восіпаўна адступіла, павольна высунула з-пад стала крэсла, асцярожна, як пры радыкуліце, села на яго, запрасіла Вольгу:

— Сядайце, калі ласка.

Страху ёй не ўдалося ўтаіць, а радасць стаіла: адразу зрабілася спакойная, падкрэслена ветлівая, уважлівая. Вольга села напроціў і проста растлумачыла:

— Я так зразумела, што сам ён не мог пайсці дадому, таму паслаў да вас мяне. Доўга ж, ведаеце, гаварыць не было як. Людзі ж вакол. Ён з’еў колькі бульбін. Я солі яму дала.

— Дзякуй, Вольга. Цяпер я разумею. На світанні гэтыя, — яна кіўнула на акно, дзе цераз вуліцу стаяла ваенная часць, — узнялі трывогу, ачапілі ўвесь раён, рабілі вобыск у кожнай кватэры. Некага і нешта шукалі. Але не арыштоўвалі. Ва ўсякім разе, з нашага дому не ўзялі нікога. Па тым, як шукалі ў мяне, куды заглядвалі, здагадваюся, што недзе блізка вёў перадачу наш радыст, і яны яго запеленгавалі. Але гэта мая здагадка. Так перадайце Андрэю. Няхай пачакае, пакуль не праверым.

— А ёсць і такія… радысты? — шэптам, азірнуўшыся на акно, спытала Вольга.

Яніна Восіпаўна ледзь прыкметна ўсміхнулася, і Вольга пачырванела, зразумеўшы, што спытала па-дзіцячаму наіўна. Добра ж ведае сама, што ёсць, немцы пісалі з восені, што злавілі савецкіх радыстаў, і на рынку пра іх людзі шапталіся. Але ж вельмі захацелася пачуць ці хаця б здагадацца з Янінінага адказу, што радысты разам з імі, адна група. Яшчэ там, на рынку, з’явілася непараўнальнае ні з чым ранейшым адчуванне, што яна далучаецца да нечага асаблівага, высокага, уступае на новую дарогу, невядомую, таемную, небяспечную, але і прывабную сваёй нязведанасцю. Ды хацелася ўведаць усё хутчэй. Хацелася пэўнасці. Радысты — гэта пэўнасць і сіла, гэта Чырвоная Армія, а не нейкая мясцовая самадзейнасць, накшталт таго, з чаго пачаў Саша: узяў употайкі пісталет і застрэліў немца; толькі цуд уратаваў яго, можа, яе, Вользіна, малітва. Каб да яе прыйшоў радыст і папрасіў дапамогу, то такому байцу яна, напэўна, даўно, нават на пачатку вайны, згадзілася б памагаць.

Яніна Восіпаўна разглядала яе так пільна, што Вользе стала няёмка, яна апусціла вочы.