Выбрать главу

Гаспадыня сказала:

— Прабачце, я не прапанавала вам распрануцца. Сёння ў мяне цёпла, я прапаліла пасля вобыску, яны выстудзілі…

Вольга са здзіўленнем і супярэчлівым захапленнем, да якога прымешваўся дакор, падумала, што гэтая інтэлігентка не ўяўляе сабе іншага жыцця: няхай галодна, але ўсё адно павінна быць чыста і ўтульна, бач, нават пасля вобыску, пасля такой трывогі за мужа навяла парадачак, прапаліла грубку. Здалося, што пра распрананне гаспадыня сказала таму, што яна ў сваім зашмальцаваным паліто аблакацілася на чысценькі — як толькі можна без мыла так памыць! — абрус.

Засаромленая, Вольга падхапілася і гатова была развітацца: няма чаго сядзець, не ў госці прыйшла. Але Яніна Восіпаўна сапраўды памагла ёй распрануць паліто, аднесла ў калідор на вешалку. Вольга пакарылася, хоць была незадаволеная сабой, паспрабавала настроіцца супроць гэтай чысцюлі. Што хочаш можна падумаць пра жанчыну, якая, носячы ў сабе дзіця, новае жыццё, свядома ідзе на такое, на смерць. Але настроіцца супроць яе немагчыма. Загадкавы яе муж, у якога яна, Вольга, спытала: «Што вы за людзі?» Яшчэ ў большай меры хацелася спытаць у жонкі: «Што ты за чалавек, жанчына? Растлумач мне, я хачу зразумець цябе, мне гэта вельмі патрэбна, можа, тады лягчэй будзе разумець уласныя ўчынкі, якія так палохаюць мяне». Але не ўмее яна спытаць такое, няма ў яе патрэб-ных слоў, асаблівых, высокіх, такіх, якія гаварыў Алесь.

Яніна Восіпаўна сказала:

— А я помню вас.

— I я помню вас.

I яны абедзве засмяяліся. Гэта неяк адразу зблізіла іх, спрасціла адносіны. Пры наступным звароце Яніна сказала ёй «ты»:

— Я пачастую цябе чаем. Андрэй ведае, што я люблю чай, і купіў у немцаў пачку натуральнага, з маркай французскай фірмы. Цэйлонскі.

Вольга не адмовілася, ёй хацелася надаўжэй застацца з гэтай жанчынай, можа, сапраўды спадзявалася адкрыць нешта асаблівае ў людзях той жа пароды, што і Саша.

Пакуль Яніна Восіпаўна падавала чай — ён быў гатовы, у нямецкім тэрмасе, — Вольга яшчэ раз агледзела пакой. Як усё проста, небагата — нічога дарагога, нічога лішняга, але прыгожа! Упершыню яна па-жаночаму пазайздросціла такому ўменню ствараць вакол сябе прыгажосць. I кубачкі для чаю асаблівыя, быццам зробленыя па заказу, бо пасавалі і да шпалераў на сценах, і да пледа, якім засланы ложак, і да льнянога абруса з васільковым беражком.

Наліўшы чаю, Яніна сказала трохі збянтэжана, быццам сала было не яе:

— Я з’ем трошкі сала. Мне так захацелася сала. Гавораць, што гэта рэдка бывае, каб хацелася мяснога, — так ускосна прызналася, што цяжарная. — Але гэта, відаць, тады, калі яно ёсць. У мяне сёння — што свята. Ты прынесла мне радасць. Я баялася за Андрэя, хоць у яго і надзейны дакумент. Але ён неасцярожны, — і раптам шэптам папрасіла: — Асцерагай іх, Оля.

Вольга ажно ўздрыгнула. Іх! Каго іх? Безумоўна, яна ведае пра Сашу, Андрэй расказаў усё. Захацелася расказаць пра свае пачуцці да Сашы, так, як расказваюць толькі самай блізкай сяброўцы. Але пасаромелася ці, можа, нават пабаялася: а калі Яніна спытае пра мужа? Вольгу даўно бянтэжыла і здзіўляла, што яна не адчувае сваёй віны перад Адасём. Але і найлепшай сяброўцы сказаць пра гэта сорамна, а тым больш чалавеку, з якім упершыню сустрэлася. Таму і пра Алеся змаўчала. Пачала расказваць пра дачку. Расказвала замілавана, з такімі падрабязнасцямі, якія ўмее ўбачыць у дзіцяці толькі маці і якія могуць зацікавіць толькі маці ці жанчыну, што рыхтуецца да мацярынства.

Яніна Восіпаўна слухала моўчкі, вельмі ўважліва, але, здавалася Вользе на нейкі міг, як бы насцярожана ці нават баязліва: так слухаюць тое, што не жадаюць пачуць, чаго не хочуць ведаць.

Вользе карцела сказаць, што толькі за яе, за Светку сваю, яна баіцца. Але, злавіўшы гаспадыніну насцярожанасць, зразумела, які страх яна перажывае за будучае дзіця, таму сказала тую не зусім шчырую праўду, якую ва ўсе часы паўтараюць усе маці:

— Цяпер адзіная радасць мая — дачка. Дзеля яе жыву.

Яніна Восіпаўна па-свойму прыняла гэтую размову і насцярожылася з іншай прычыны — баялася, што Вольга падвядзе: які гэта жах, страх, якія пакуты — жыць такім жыццём, маючы дзіця. Высока ацаніла Вользіну душэўную далікатнасць і ад удзячнасці прызналася ў самым запаветным, сапраўды, як вельмі блізкаму чалавеку:

— Мы з Андрэем свядома пайшлі на гэта, хочам, каб наша жыццё прадоўжылася ў ім. Можа, гэта жорстка ў адносінах да яго, але мы верым, што добрыя людзі не пакінуць дзіця, калі мы загінем. Толькі б цяпер захаваць яго.

Кранулі гэтыя словы Вольгу ледзь не да слёз сваёй трагічнасцю, але ў той жа час як бы адкрылі перад ёй трохі больш заслоны над таямніцамі чужых душ. I яна зноў, як некалі ў Камандзіра, спытала… не, бадай, не спытала — выгукнула: