Выбрать главу

— Дзіўлюся я… Што вы за людзі?!

Але жанчына адказала інакш, чым яе муж, не такімі высокімі словамі:

— Мы такія ж людзі, як і ты, Оля. Не думай, што мы нейкія асаблівыя, з іншага цеста… Не. Мы такія ж…

Чай сапраўды быў вельмі смачны, хоць гэта быў нямецкі чай і наліваўся з нямецкага тэрмаса. Хоць чорта лысага тыя немцы маюць, чужога нахапалі. Яніна сказала, што чай французскі. Тэрмас, відаць, таксама не нямецкі, бо размаляваны дзіўна: з аднаго боку пальма, пад ёй леў, а з другога — ільдзіна, а на ёй — белы мядзведзь; ніякіх нямецкіх знакаў ці надпісаў. Ва ўсялякім разе, Вользе здалося, што ніколі яна не піла такога чаю, нават тады, калі на стале шумеў самавар і падавалася найлепшае варэнне. А тут і драбка цукру не было, а такая смаката.

Пасядзелі яны не доўга, з паўгадзіны, а так паразумеліся. Яніна нагадала, што Вользе трэба ісці — сказала адрас і пароль, па якім незнаёмы Віцёк павінен прызнаць яе за свайго чалавека.

Калі Вольга апраналася ў калідоры, Яніна Восіпаўна ўспомніла пра хустку і вельмі збянтэжылася, што, пераклаўшы хустку са стала на крэсла, забылася пра яе.

— А хустку? Прабачце, калі ласка.

Вольга ўзяла прынесеную Янінай з пакоя хустку, разгарнула, як бы любуючыся, і раптам, абняўшы гаспадыню, накінула хустку ёй на плечы, захутала шчыльна грудзі, пацалавала ў шчаку.

— Якая яна цёпленькая, а вам гэта трэба цяпер, каб цёпла было, — і, не даўшы запярэчыць разгубленай жанчыне, хутка выйшла.

На другую явачную кватэру (дарэчы, словы такія яна пачула ад Яніны Восіпаўны), з другім сваім заданнем у адзін дзень Вольга ішла з яшчэ большай цікавасцю, па-новаму ўзбуджаная, і ўзбуджанасць гэтая была радасная.

Жанчына, з якой яна амаль параднілася за кароткі час, зрабіла незвычайнае ўражанне, яна неяк па-свойму, па-жаночаму дапоўніла тыя асаблівыя пачуцці, якія, магчыма, упершыню з’явіліся перад калючым дротам лагера ці на кастрычніцкія святы, калі Саша кінуў ёй першы папрок і ёй захацелася адзначыць са-вецкае свята. Прарасталі яны, гэтыя пачуцці, нялёгка, пакутліва, па меры таго як яна ўсё больш пазнавала Сашу, збліжалася з ім душэўна. А сустрэчы з Камандзірам, з яго жонкай — што вясновы дождж і пасля яго — сонца.

У той дзень яна як бы нарэшце зразумела, што ж гэта за людзі, з якімі звязаў яе лёс.

Самае першае пачуццё, калі выйшла ад Яніны Восіпаўны, было нечаканае сваёй практычнасцю. Вучоным людзям яна і раней часам зайздросціла, але настаўнікаў ставіла не вельмі высока: нерваў псуюць многа, а атрымліваюць капейкі. А тут упершыню ёй вельмі захацелася стаць настаўніцай, вучыць дзяцей. Успомніла, ж угаворваў Саша, што ў яе выдатная памяць, незвычайныя здольнасці і ёй абавязкова трэба вучыцца. Прасіў, каб яна паабяцала, што будзе вучыцца. Яна абяцала, але сама не верыла сабе, ды і яму неяк выказала: якая там вучоба! А цяпер ішла па пустых заснежаных вуліцах і давала зарок, клятву самой сабе, Сашу, Камандзіру, Яніне, небу, з якога церушыўся ласкавы сняжок, на якім, верыла, ёсць Бог, што абавязкова пойдзе вучыцца адразу ж, як толькі прыйдуць нашы, не зважаючы ні на якія цяжкасці. Былі ж да вайны вячэрнія школы, будуць і пасля вайны, бо патрэба ў іх вырасце: падлеткі, якім трэба цяпер быць у школе, не вучацца, перарастуць.

Ад нечаканага і проста-такі прагнага жадання вучыцца неяк адразу пабольшала яе ўпэўненасць, што нашы скора вернуцца і жыццё адновіцца. I яшчэ адно здарылася ў той момант: вельмі ж яно дарагім здалося, тое даваеннае жыццё, якое яна як бы і не заўважала ці заўважала тады, калі з’яўлялася прычына палаяць парадачак на рынку, у магазіне, у пашпартным стале, у чарзе ля кінатэатра, у трамваі. Цяпер ёй здавалася недарэчным, проста злачынным, што за такія дробязі некаторыя камароўцы часам залішне лаялі сваё начальства — сваіх людзей, з рабочых і сялян. Так лаяла старая Ляновічыха, з-за гэтага бацька неаднойчы сварыўся з ёй, стары гарбар тлумачыў усе цяжкасці па-рабочаму. Дарэчы, нават у адносінах да бацькоў у той дзень як бы адбылася нейкая змена. Да таго Вольга часцей успамінала маці, асабліва ў цяжкія хвіліны, і як бы раілася з ёй, верачы ў яе жыццёвую мудрасць, з бацькам ніколі не раілася, а тут раптам бадай з удзячнасцю ўспомніла бацьку, пагаварыла з ім і як бы адчула, што ён блаславіў яе.

Другі пароль ёй гаварыць не прыйшлося, хоць дом яна знайшла не адразу, ён стаяў у адным з безыменных завулкаў пад самым лесам — Красным Урочышчам. Дом быў новы, але недабудаваны, нават без брамы — заходзь хто хочаш. А двор бязладна завалены бярвеннем і дошкамі, усё гэта, аднак, не ляжала нерухома, бо амаль усюды быў парушаны снег, жаўцелі свежае пілавінне і трэскі, пад адкрытай, таксама недабудаванай паветкай ляжалі нядаўна габляваныя дошкі, стружкі. Прыемна пахла свежай сасной. Ужо тое, што тут у такі час будуюцца, неяк хораша настроіла Вольгу, яна адчула сімпатыю да гаспадароў, людзей, безумоўна, працавітых і ўпэўненых, што ім доўга жыць. Не, відаць, упэўненыя яны ў нечым большым, чым уласнае даўгалецце, калі зрабілі свой недабудаваны дом явачнай кватэрай. Вокны былі забітыя шалёўкамі, толькі дзве новыя рамы, злева ад ганка, зашклёныя, два акны тыя дагледжаны па-зімоваму — заканапачаныя пакуллем шчыліны паміж луткамі і рамамі, закітаваныя шыбы.