Выбрать главу

Вольга села і расказала, што адбылося ў Пушкінскім пасёлку і што на гэты конт думае Яніна Восіпаўна, і перасцярогу яе перадала, каб ён не з’яўляўся пакуль.

Камандзір слухаў моўчкі, зрабіўшыся раптам вельмі сур’ёзным, заклапочаным. А Вольга ўслухалася ў свой голас і пачула, што ён дрыжыць. Здзівілася, чаму хвалюецца, расказваючы аб выкананні першага задання, вельмі простага, па сутнасці, звычайнай чалавечай паслугі. Потым зразумела. Усё гэта цяпер, калі яна расказвае, набывала сапраўды асаблівы сэнс — для яе самой. Здавалася, не тады, калі яна ратавала Сашу, і не тады, калі ён адыходзіў, а яна дала згоду на Камандзіраву просьбу, і нават не тады, калі Камандзір даў ёй гэтае заданне і яна пайшла яго выконваць, а менавіта цяпер, расказваючы пра размову з Янінай Восіпаўнай, яна як бы пераступае нейкі парог і ўступае ў новае жыццё, вельмі небяспечнае. Але ці не ад таго яна хвалюецца, радасна хвалюецца, што, ведаючы пра гэтую небяспеку, упершыню не адчувае таго страху, ад якога раней халадзела сэрца і млелі рукі? Жадаючы сказаць яму нешта прыемнае, яна ў заключэнне выгукнула са шчырым захапленнем:

— Якая ў цябе жонка, Камандзір! У такую нават я закахалася.

Андрэй усміхнуўся з удзячнасцю. А стары засмяяўся весела, як маладуха, пажадаў:

— Ах, каб вам добра было!

Ён тым часам дастаў з шуфляды стала вышчарбленую, пажаўцелую ад часу чарку, выцер яе рукавом сваёй зашмальцаванай фланелевай сарочкі і наліў у яе самагонкі, цырымонна паднёс Вользе:

— Проша, пані.

Вольга ўзяла чарку, лізнула і скрывілася:

— Цьфу, брыдота! Што газа нямецкая.

Захар Пятровіч заліўся смехам, сапраўды як хлапчук — Віцёк, ажно слёзы на вачах выступілі.

— Ты паглядзі, Андрэй, ды яна ж панскага роду. Дзе яна расла, такая княжна? Царскі напітак — для яе нямецкая газа. Ах, каб табе добра было! Ды гэта ж бульбовачка наша дарагая.

Вольгу турбавала, што Камандзір, сам вялікі жартаўнік — як ён размаўляў з ёй пры тых сустрэчах! — неяк не адзываецца на жарты. Што яго ўсхвалявала? Ажно на месцы чалавеку не сядзіцца.

Андрэй хадзіў па прасторным пакоі — ад рускай печы да кута, дзе стаялі калода, нізкі табурэцік са скураным сядзеннем і скрынка з шавецкім інструментам. Выходзіць, тыя боты Захар Пятровіч пашыў сам. Аднак ён не толькі шавец, але і цясляр, сталяр, бо на паліцы ляжалі ў лепшым парадку, чым увесь іншы набытак, гэблі, стамескі, віселі на сцяне нажоўкі.

Сочачы за Андрэем, Вольга па-жаночаму хутка і пільна агледзела хату і здзівілася, што ўсё ў доме зроблена не жаночымі рукамі. Нават ложка не было, спалі, напэўна, на лежаку ці на шырокай печы.

Камандзір спыніўся ля стала, сказаў, звяртаючыся да старога:

— Разумееш, Пятровіч, што мяне хвалюе. За тыдзень гэта трэцяя аблава такая, калі ачапляюць цэлы раён. Янініна здагадка супала з маім меркаваннем. Пра тыя аблавы я ёй не гаварыў, аднак бачыш, што яна перадае. Цяпер не сумняваюся: нікога іншага так не лавілі б, каб аўтабатальён узнімаць па трывозе. Толькі радыста! А ён няўлоўны. Ах, каб звязацца нам з гэтым хлопцам ці дзяўчынай! Як гэта нам патрэбна, каб ты ведаў! Сувязь з Масквой.

— Калі яму ёсць што перадаваць, значыцца, ён звязаны з кім трэба.

— Але з кім? З кім?

— Браце ты мой, не адны мы з табой у Мінску. Я табе расказваў, каго сустрэў…

— Я ведаю, што не адны мы. Але як нам аб’яднаць усіх? — А навошта? Каб гітлераўцам лягчэй было нас пералавіць?

Гэта артысту хочацца, каб яго ўсе ведалі. А нам апладысменты цяпер без патрэбы. Лепш у адзіночку.

— Моцна ў табе трымаецца псіхалогія саматужніка.

Захар Пятровіч бяскрыўдна засмяяўся:

— Ты мяне хоць гаршком называй, але ў агонь не стаў.

— Баішся агню? — задзірыста і бадай уедліва пажартаваў Камандзір.

Але інвалід адказаў з бацькоўскай паблажлівасцю:

— Пайшоў ты, Андрэй, да прабабкі. Давай лепей вып’ем.

— Давай, — Андрэй глытнуў са сваёй шклянкі і смешна скрывіўся. — А праўду Вольга сказала — керасінам аддае. У керасінавым бідоне, мабыць, трымаеш, хітруган стары?

— Во стрэмка, каб табе добра было! Як табе жонка дагаджае?

Гэта Вольгу рассмяшыла. Тады і Андрэй хораша засмяяўся — так, як смяяўся пры ранейшых сустрэчах, паказваючы рад белых прыгожых зубоў.

— Ладна, Пятровіч, лічы, што твая самагонка адменная. Будзь здароў, начальнік АХО.

— Нешта ты паніжаеш мяне, быў начальнікам штаба.

— А ты ў нас кожны дзень у новай ролі. А кажаш — не артыст. Яшчэ які артыст!

— Не мянці ты… Закусвай. Ды бяры хлеб. Не шкадуй. Куплю я хлеб. З маёй прафесіяй з голаду не памру.