Выбрать главу

— Каб ты ведаў, якія дранікі пячэ Вольга. Язык можна пракаўтнуць. Я як пакаштаваў, дык і цяпер пальцы аблізваю.

Вользе была прыемная такая пахвала, хоць і сказаная жартаўліва. Увогуле ёй падабалася ўся іх размова, іх адносіны паміж сабой, простыя і сяброўскія, нягледзячы на розніцу ў гадах і ў становішчы, у адукацыі. Камандзір, калі не афіцэр Чырвонай Арміі, то, напэўна, нейкі савецкі начальнік — па ўсім відаць, па спрыту, як кажуць. А стары — самы просты чалавек, які, не маючы нагі, займаецца, відаць, усім патроху — шые боты, майструе табурэткі. Аднак і такі чалавек пайшоў на ворага. Хіба адно крышачку расчаравала жанчыну: мімавольнае Камандзірава прызнанне, што не маюць яны сувязі з Масквой. А яна была ўпэўненая, што такія людзі абавязкова павінны мець гэтую сувязь. Але заўважыла, як моцна Камандзіру хочацца знайсці радыста, як ён ломіць галаву — каб адшукаць яго. Ажно захацелася памагчы яму. Але як? Гэта што іголку ў сене шукаць.

Змянілася яе ўяўленне аб падпольшчыках ад заўвагі Захара Пятровіча, што не адны яны ў горадзе і што ён сустрэў некага такога, каго нават не захацеў назваць пры ёй. Яна не пакрыўдзілася. Яна адразу згадзілася, што сапраўды не трэба кожнаму з іх ведаць занадта многа, людзей многіх. Чаго чалавек не ведае, таго ён не скажа ні жонцы, ні сябру ненадзейнаму, ні следчаму. Быў момант, калі яна глыбей, чым дзе дагэтуль, адчула небяспеку на той дарозе, па якой пайшла. Нават страх варухнуўся, калі гаспадар нагадаў пра гэтую небяспеку: «Каб гітлераўцам было лягчэй нас пералавіць?» Але, могуць пералавіць. Аднак як проста яны пра гэта гавораць, мужчыны. Так, напэўна, гавораць пра магчымую смерць у баях салдаты. П’юць, ядуць, жартуюць і… пра смерць успамінаюць як пра непазбежнае на вайне. Але ніхто не забывае пра абавязак — пайсці ў бой, у атаку.

Так гаварыў стары інвалід, які пражыў ужо жыццё. Ён пражыў, а яна толькі пачала яго, жыццё… А Яніна Восіпаўна? А Камандзір? Яны дамовіліся, каб мець дзіця. I ўсё адно ідуць у бой.

Ёй, Вользе, сапраўды пашанцавала ў адзін дзень сустрэцца з такімі вельмі рознымі людзьмі. I яна палюбіла іх, гэтых людзей, пераканаўшыся, што не дзеля сваёй выгады ідуць яны на такую справу. Яны пацвярджалі Сашавы словы. Але, можа, яшчэ больш важна для яе было, што яны паверылі ёй, жыццё сваё даверылі. Як жа яна можа адступіць цяпер? Не, цяпер у яе адна дарога. Разам з імі. На славу ці на смерць. Як у песні пяюць.

X

Вольга не спала. Не магла заснуць. Чуйна ўслухоўвалася ў ноч, лавіла кожны шорах, кожны гук. Менш за ўсё яе трывожылі далёкія стрэлы — іх яна чула неаднойчы. Міма вушэй прапускала свісткі і ляскат паравозаў. А вось загаўкалі сабакі — і яна ўся напружылася, гатовая падхапіцца. У гараджан сабак няма, іх знішчылі па загаду немцаў. Сабакі толькі ў тых, хто палюе на людзей. Але сабакі як устрывожылі, так і супакоілі — брэх не прыбліжаўся. Палохалі іншыя гукі, невыразныя, таемныя, якімі быў напоўнены яе стары дом. Здавалася, нехта цяжка дыхаў за акном, нехта стаіўся на гарышчы і асцярожна поўзаў там, а ў пограбе перасоўваліся з месца на месца бочкі, скрынкі, бутлі.

Зданяў яна не баялася, у дамавікоў не верыла. Увогуле яна нічога не баялася. У мінулыя ночы апошнім часам спала спакойна. Доўга не засынала хіба тады, калі дзень быў напоўнены такімі падзеямі, пра якія ўначы трэба было сур’ёзна падумаць, успомніць усё, што пачула і ўбачыла. Але ў такім выпадку яна думала, а не прыслухоўвалася вось так, калі шастанне і піск мышэй пачынаюць здавацца засадай гестапаўскіх шпіёнаў. Смешна. Навошта ім такая засада? Ім даволі аднаго падазрэння, каб яны прыехалі на машынах і схапілі не толькі вінаватага, яго сям’ю, але і суседзяў, усю вуліцу… Яна, Вольга, ведала гэта і, аднак, засынала без страху ўвесь час пасля таго, як пачала выконваць заданні падпольшчыкаў. Заставалася ўдзвюх са Светкай, нават не запрашала цётку Марылю, каб тая паначавала. Не запрашала таму, што чакала Сашу. Кожную ноч чакала. З-за гэтага часам не спалася. А не з-за страху. Страх яна перамагла, здавалася ёй, назаўсёды яшчэ ў той першы дзень, на першых явачных кватэрах, асабліва ў Захара Пятровіча.

Чым больш яна знаёмілася з падпольшчыкамі, чым глыбей унікала ў работу, тым больш смялела. Ці, можа, проста прывыкала да небяспекі? Чалавек да ўсяго прывыкае.

Работа захапляла. Ды і як можна было не захапляцца, калі ўся яе гандлярская дзейнасць набыла зусім іншы сэнс — тайны. Цяпер яна гандлявала не дзеля сваёй уласнай карысці. Стоячы побач з сяброўкамі, яна глядзела на іх іншымі вачамі, як бы з вышыні, з радасным хваляваннем думала: «Каб вы ведалі, хто я такая і што я раблю!» А над паліцаямі дык проста здзекавалася.