Выбрать главу

Праўда, цяпер ёй больш прыходзіцца займацца барахлом, што яна не вельмі любіла — хадзіць па дамах і скупліваць рэчы. Але і на прадуктовы рынак не забывалася: трэба ж збыць з выгадай прадукты, якія выменяла, а інакш, каб яна раптам перастала гандляваць, яе паходы ў вёску, якімі так даражылі Захар Пятровіч і Камандзір, маглі б выклікаць непатрэбныя размовы, здагадкі, падазронасць.

Вольга, безумоўна, не здагадвалася, што непрыкметна зрабілася адным з самых дзейных членаў падпольнай групы. Андрэй і хацеў мець такую сувязную. «Толькі сувязь», — паўтараў ён, калі размова ішла пра Вольгу. Але з-за свайго занятку «надомніцы», нястомнасці — за дзень паўгорада абшнырыць, хітрасці і розуму, жаночай прывабнасці, умення падміргнуць, пажартаваць, лёгка пазнаёміцца, дзякуючы сваім шматлікім ранейшым знаёмствам з гараджанамі і асабліва з паліцыяй, Вольга сама сабой, без спецыяльных заданняў, ператварылася ў добрую разведчыцу. Ведала многія гарадскія навіны, дзе што адбылося, дзе што знаходзіцца, і гэтым памагла сваім наладзіць сувязь з іншымі падпольнымі групамі, пра што нават не ведала. Па ўласнай ініцыятыве памірылася з братам, які рабіў на біржы працы, і прыносіла некаторыя звесткі ад яго. Хоць да Казіміра яна «пайшла на паклон» і па іншай прычыне, з-за свайго асабістага: каб у выпадку чаго не пакінуў Светку — усё-такі родны дзядзька, не чужы; ранейшага страху не мела, але не думаць пра гэта не магла, практычна прадугледжвала ўсё — і добрае і благое.

З Камандзірам сустракалася рэдка. У Яніны Восіпаўны ні разу больш не была. Пастаянную сувязь трымала з Захарам Пятровічам; можа, яно само па сабе так атрымлівалася, бо ніхто не забараніў ёй наведвацца ў гэты двор без брамы, у дом без замкоў, наадварот, гаспадар у першы ж дзень запрасіў: «Заходзь, Вольга». Выходзіць, можна зайсці проста так, без задання. I ёй падабалася бываць у гэтым недабудаваным доме. Прастата і натуральнасць старога інваліда, адсутнасць у яго паводзінах усялякай таямнічасці, лішніх напамінкаў пра вайну і небяспеку моцна прыцягвалі. Гэта быў надзіва спакойны чалавек, спакой яго і нейкая незвычайная пераконанасць у неабходнасці і непазбежнасці ўсяго таго, што яны, падпольшчыкі, робяць, перадаваліся Вользе. Безумоўна, яны не маглі не гаварыць паміж сабой пра вайну, але пасля размовы з Захарам Пятровічам ніколі не рабілася страшна, нават нядобрыя думкі не з’яўляліся, як пасля размовы з іншымі людзьмі. Смерць і страх для яго як бы не існавалі, пра іх стары ніколі не гаварыў. Пра вайну ён расказваў або весела, са смяшынкай, або з той сур’ёзнасцю, з якой большасць людзей гавораць пра галоўную сваю працу — у полі, на заводзе. Так Вользін бацька гаварыў пра сваё гарбарства. У інваліда, мабыць, не было такога асноўнага мірнага занятку, магчыма, што чалавек гэты ў душы заставаўся ваенным, таму пра свае цывільныя прафесіі гаварыў з гумарам. Паказваў пашытыя боты і смяяўся: «Ты глядзі, Вольга, ні разу мне не ўдалося пашыць пару ботаў, каб бот на бот быў падобны. Ох і дасць мне заказчык!» Ці раптам глядзеў на дзверы і заліваўся смехам: «Ах, каб табе добра было! Гэта ж я не бачыў, што так перакасіў касяк. Во майстра, дык майстра!»

Пра свае паходы ў арміі Будзённага Захар Пятровіч расказ-ваў ахвотна і весела, з любоўю да Будзённага, да сваіх таварышаў. А пра тое, як страціў нагу, гаварыў так, што Вользе хацелася смяяцца, але непрыстойна смяяцца з бяды, з калецтва.

Перад вайной прыехала да Захара Пятровіча ў госці нявестка з унукам, жонка старэйшага сына — афіцэра. Вельмі спалохалася жанчына вайны. Кінулася на вакзал, але ні ў які цягнік, ні ў пасажырскі, ні ў таварны, не ўціснулася. З нявесткай, каб памагчы ёй несці двухгадовае дзіця, пайшла з Мінска свякруха, жонка Захара Пятровіча. Мелася вярнуцца, але… «Драпанулі мае бабы, відаць, так, што і нямецкія танкі не дагналі іх. Інакш вярнуліся б, шмат хто вярнуўся з мінчан». Пра жонку і нявестку гаварыў са стоеным смуткам, з трывогай, але ўсё адно са смяшынкай. А вось малодшага сына, Віцька, які нядаўна пайшоў у партызаны, стары заўсёды прыгадваў сур’ёзна і па-бацькоўску заклапочана. «Сніў сёння майго Віцька. Лес з ім пілавалі. Такія тонкія сосны спускалі. Да чаго б гэта, Вольга, не ведаеш?» Не верыў ні ў сны, ні ў прыкметы, з іконаў і багоў кпіў, варажбітак, якія хадзілі па дамах, выганяў, але што тычылася Віцька — усяму пачынаў верыць. «Каб ты ведала, што за хлопец мой Віцёк!» «Гэта Віцёк зрабіў. Залатыя рукі ў хлопца».

Пэўна, пра Віцька ён гаварыў не адной Вользе, недарэмна яму і клічку падпольную далі — Віцёк.

Палюбіла Вольга старога дзівака з першых сустрэч і даверылася яму больш, чым каму. У Камандзіра не адважылася больш прасіць, каб дазволіў Сашы прыйсці да яе ці даў яго адрас. А ў Захара Пятровіча папрасіла. I той адразу, нічога не пытаючыся, зразумеў яе, ажно ёй трохі няёмка стала. «Ведаю твайго Салаўя, у нас ён — Салавей. Быў у мяне, начаваў дзве начы. Разумны хлопец. Як Віцёк мой».