Выбрать главу

Даючы ёй дні праз два адрас, пасміхнуўся: «Любіць Андрэй гуляць у канспірацыю. Навошта яму было разлучаць вас? Майце хоць якую радасць. А канспірацыя — яна такая хітрая штука, што чым прасцей, тым глыбей. Не трэба ў яе гуляць».

Яна ў той жа дзень паляцела на другі край горада, на Каменную вуліцу. Алеся дома не было. Па-жаночаму супакоілася, калі ўбачыла, што кватаруе ён у старых адзінокіх людзей. Сказала ім, каб перадалі, што прыходзіла Вольга, пакруцілася, пакрасавалася перад гаспадарамі, каб даць ім зразумець, што мэта ў яе чыста жаночая, спытала нават: «Дзяўчаты да яго не ходзяць?» — «Што ты, любая! Святы хлопец», — сказала гаспадыня. «Усе яны, цётка, святыя, пакуль матчыну цыцку ссуць, а як не матчыну ўбачаць, куды іх святасць дзяецца».

Старая ажно ўпотай перахрысцілася.

Алесь прыйшоў на другі дзень. Яна паліла ў печы, завіхалася па гаспадарцы. Абняла яго мокрымі рукамі, цалавала на кухні. Ён упікнуў, што так нельга, што яна моцна збянтэжыла яго гаспадароў, яны кінулі яму папрок, што прыходзіла дзеўка, падобная да тых, што нюхаюцца з нямецкімі афіцэрамі. Яна адказала сярдзіта, словамі Захара Пятровіча:

«Не гуляйце вы з Андрэем у канспірацыю. А гаспадарам тваім сказала так таму, што не спадабаліся яны мне. Нейкія… быццам іх з калыскі спалохалі. А я не люблю пужаных!» — «Калі ты сама стала такая смелая?»

Траха не пасварыліся.

Гаспадары такі сапраўды не спадабаліся ёй, і яна, думаючы пра Сашаву бяспеку, расказала пра іх Захару Пятровічу, усё сказала, як было. Інвалід да слёз смяяўся з яе слоў: «А каб табе добра было! Дык, кажаш, як убачаць не матчыну?..» Але заспакоіў: гаспадар кватэры — яго даўні сябра, разам на белякоў хадзілі, рабочы паравозарамонтнага завода, быў членам партыі, але яго выключылі — за жонку, за тое, што ў царкву хадзіла: жанчына яна сумленная, добрая, хоць і набожная.

Хораша Вользе зрабілася ад таго, што Саша жыве не абы ў каго, а як бы знаходзіцца пад аховай такога чалавека, як Захар Пятровіч, упэўненая была, што яго ахова самая надзейная. Праўда, здаралася, што і гэты чалавек здзіўляў і палохаў яе неасцярожнасцю і, здавалася ёй, непатрэбнай рызыкай.

У недабудаванай палавіне хаты стары трымаў казу, мабыць, меў патрэбу, каб у двары было нешта жывое, ды і шклянка малака дорага каштавала. Каза лашчылася да гаспадара, што сабака, але па-сабачаму кідалася да чужых, каб бадануць, Вольгу доўга не падпускала да сябе, пакуль, мабыць, не пераканалася, што жанчына — свой чалавек у доме. Там жа, дзе стаяла каза, захоўвалася сена, складзенае ўздоўж глухой сцяны, пад сенам была наслана падлога. Аднойчы Вольга даглядала казу. Цераз штабель дошак, што адгароджваў корм ад жывёліны, дастала віламі сена; калі паднімала, з сена выпала нешта цяжкое, круглае, пакацілася па падлозе. У хаце стаялі прыцемкі, таму нельга было ўгледзець, што гэта такое. Вольга перагнулася цераз дошкі, узяла рэч у рукі, падняла, паднесла да вачэй і ледзьве не самлела ад нечаканасці і страху. Граната! Круглая, з наразным кажухом. Бачыла такія яшчэ некалі ў ваенным кабінеце школы, ведала, што іх называюць «лімонкамі». Але тыя былі пустыя, разраджаныя, а гэтая ж, безумоўна, баявая, упала, стукнулася аб падлогу, ды і жалезныя вілы яе маглі зачапіць… Значыцца, вось-вось павінна разарвацца. У руцэ ў яе. Што рабіць? Шыбнуць куды? Навокал сцены. У сена? Каб яно загарэлася ад выбуху?

Немаведама колькі часу стаяла нерухома, трымаючы на далоні смерць сваю. Пасля сцяміла, што калі адразу не ўзарвалася, значыцца, тагачаснай небяспекі няма. Асцярожна, як шкляную, паклала гранату на дошкі. Збялелая ўвайшла ў жылую палавіну хаты. Захар Пятровіч адразу, па выглядзе яе, здагадаўся, што здарылася незвычайнае. Глянуў у акно — ці не акружаюць дом гестапаўцы? Не, нікога не чутно.

«Там — граната… у сене…»

«А-а, што б табе добра было! Напалохала. Як жа гэта яна выкацілася?»

Пайшоў туды, да казы. Узяў гранату, падкінуў яе, як мячык, на далоні.

«Не бойся, яна без запалу. Спужалася? — пералез цераз дошкі ў сена, паклікаў Вольгу: — Ходзь сюды, я табе нешта пакажу».

Разгарнуў у куце сена і паказаў «кубло», у якім, як яйкі невядомай вялізнай птушкі, ляжалі такія ж гранаты, мабыць. добрая паўсотня. I парадаваўся, як хлапчук: «Во багацце, Вольга! Каб нашым як занесці? Віцьку майму. Нам тут няма дзе іх прымяніць. А ім там, у лесе, гэта што хлеб».