Выбрать главу

Незадоўга перад тым Вольга першы раз схадзіла на незвычайнае заданне — да партызан, занесла ім бінты, ёд, іншыя лекі. Праўда, у саміх партызан яна не была, перадала ўсё гэта іх сувязному ў вёсцы ў Рудзенскім раёне, добраму знаёмаму Захара Пятровіча, разам на рыбалку ездзілі на Сяргееўскае возера.

…Ляпнулі дзверы, зарыпелі пад нечымі нагамі настылыя дошкі. Вользе здалося, што ляпнула яе брамка і рыпяць маснічыны яе ганка — так выразна блізка. Белай чайкай зляцела з пасцелі, прыліпла да акна, да другога акна. Цяпер яна не зачыняла аканіц, баялася слепаты і глухаты, здзіўлялася, ад каго некалі зачынялася яе маці — у той ціхі мірны час!

Выйшаўшы на кухню, пачула знаёмы кашаль і крахтанне старога суседа, ды і ўбачыла яго, як ён у чорным кажусе і белых падштаніках вяртаўся з прыбіральні. Падумала пра суседзяў — цяпер ёй не абыякава, што яны за людзі. З гэтым старым маці яе часта сварылася, з-за чаго — ужо немагчыма ўспомніць. Яна, Вольга, застаўшыся адна з дзіцем на пачатку вайны, пастаралася з усімі суседзямі наладзіць добрыя адносіны, гэтым старым у апошні час нават памагае харчамі. Але са смуткам падумала, што ніводнаму з самых блізкіх суседзяў, з якімі мяжуе яе сядзіба, яна не можа даверыцца так, як Бароўскім.

Стаяць босай на падлозе было холадна. Вольга абулася ў валёнкі, накінула на сарочку кажушок. Села ля грубкі. Вырашыла больш не лажыцца, бо ўсё адно не засне. Будзе вартаваць яго сон вось так, седзячы, каб не падхоплівацца на кожны мышыны шорах і хутчэй пачуць сапраўдную небяспеку. А што б яны — Саша і яна — рабілі, каб тыя, у чорных мундзірах, раптам з’явіліся б сюды? Не, аб гэтым лепш не думаць. Аднак тут жа падумала, што на кухні варта выняць зімовую раму, каб акно можна было адчыніць і выскачыць на гарод. А яшчэ падумала, што добра было б папрасіць у Захара Пятровіча пару «лімонак» — Сашу, на выпадак, калі яму прыйдзецца адбівацца. Не сумнявалася, што проста так ён не здасца, будзе адбівацца. Раней ад думкі пра такі няроўны бой яе апанавала б жудасць, цяпер разумела, што гэта адзінае і зусім натуральнае выйсце.

Думкі чапляліся адна за адну.

А можа, і лепш, што Бароўскія не самыя блізкія суседзі? Апошні, хто назваў яе мяшчанкай і нават больш — здрадніцай і шлюхай, дык гэта Лена, не так даўно. Але яна, Вольга, не толькі не пакрыўдзілася за гэтыя словы, яна радавалася, бо размова такая адбылася ў іх пасля… пасля таго, што змяніла яе жыццё.

Яна знала пра Лену ўсё, Захар Пятровіч хваліў Бароўскую, казаў, што добрую сяброўку яна, Вольга, мае. А Лена пра яе не знала нічога, і Вользе гэта падабалася: яна ўпершыню як бы адчувала сваю перавагу над Ленай; выходзіць, яна ў арганізацыі больш засакрэчаная. I пра Сашу Лена не ведала. Прыйшла і спытала, куды дзеўся Алесь, дайшло да Бароўскіх па суседзях, што Ляновічышын кватарант знік.

«А я выгнала яго».

«Завошта?»

«А які з яго наедак? Што ён за мужчына? Толькі іншым перашкаджае. Да мяне, ведаеш, якія заляцаюцца? Афіцэр набіваецца».

Вось тады Лена і выпусціла ў яе такую чаргу, такія слоўцы, якіх яна ў вочы ні ад каго не чула яшчэ. А яна, Вольга, яшчэ больш паддражнівалася, такой выстаўляла сябе, што пабялелая ад гневу Лена кінула ёй страшнае пракляцце і пагрозу: прыйдуць нашы — яе павесяць разам з іншымі здраднікамі. Калі Лена пайшла, ажно самой зрабілася страшна: чаго гэта яна, дурная, нагарадзіла! Раскажа Лена — брыдка людзям у вочы будзе глядзець. Ды і грэх гэта — перад Богам і ўласным дзіцем — так знеслаўляць сябе.

Але, пэўна, Лена не ўсё расказала, бо прыйшла старая Бароўская і папрасіла Вольгу, каб тая ў чарговы паход па вёсках узяла іх Косціка. «Сабрала лепшыя транты, няхай выменяе на які харч, бо зусім сям’я галадае». Вольга ахвотаа ўзяла: усё-такі мужчына побач, абаронца. З бабамі яна не любіла хадзіць, адной бывала страшнавата. Але Косцік той, паганец, усю дарогу задзіраўся, да самага Слуцка, калючы быў, што шыла, слова яму не скажы, здзекаваўся з яе камерцыі, мацюкаў кожнага сустрэчнага немца. Папрасіліся ў нямецкую машыну, узяў іх шафёр, і яна, Вольга, дзякуе ў канцы паездкі, разлічваецца маркамі, а ён, Косцік, на поўны голас: «Кулю табе ў лоб трэба, гітлераўскі пёс. Бач, морду ад’еў на нашых харчах, падла фашысцкая». Вольга ледзьве не самлела ад страху. Добра, што немец — ні слова па-беларуску. Ківае на Косцікавы словы галавой, згаджаецца: «Я, я…»

Не вытрымала яна, уляпіла Косцю «ляшча». «Барэц, маць тваю! Дурань, мякінай набіты». Дык Косця пасля больш за суткі рота не разяўляў, як анямеў. Ажно Вользе страшна зрабілася, каб гэты дурань чаго-небудзь не выкінуў такога, што пасля не расхлябаеш. I выменьваць нічога не выменьваў, усё прыйшлося рабіць ёй, толькі кайстры з просам і ячменем насіў.