Выбрать главу

На зваротным шляху начавалі ў Валяр’янах. Косця з гаспадарскім сынам, крыху старэйшым за яго, схадзіў на вячоркі — былі Каляды, наладжваліся гулянкі: у вёсцы няма каменданцкага часу і той напружанасці, што тут, у горадзе, дзе пачынаеш баяцца суседа, з якім пражыў побач усё жыццё.

На другі дзень у дарозе Косцік загаварыў, але ўжо зусім інакш, быццам за ноч хлопца падмянілі, — сур’ёзна, паважліва, нават звярнуўся незвычайна, без ранейшага панібрацгва: «Цётка Вольга, у машыну не лезь — я не палезу… Я, канечне, памагу табе паднесці бліжэй да Мінска нашы торбы, а там ужо, калі ласка, ты як-небудзь сама. Я ў горад не пайду».

Вольга ахнула: во звязалася на сваю галаву, яшчэ такой бяды не хапала!

«А куды ж ты пойдзеш?»

Косцік адказаў не адразу:

«У партызаны пайду».

«Дзе ты іх знойдзеш, дурань?»

«Знайду!» — упэўненасць такая ў адказе, паглядзе, што яна на нейкі момант разгубілася: што рабіць? як паводзіць сябе? Паспрабавала прасіць:

«Косцічак, любенькі, што ж ты робіш са мной? Мяне ж маці твая з’есць, што я не ўпільнавала цябе. I сама памрэ ад гора».

Пазмрачнеў, памаўчаў, толькі прастуджаным носам соп.

«Не памрэ. Не ў адной яе дзеці ваююць».

Машыну Вольга не спыняла — баялася, што Косцік не сядзе, адстане ды яшчэ паводзінамі такімі падазронасць у немцаў выкліча, сярод немцаў розныя бываюць, трапляюцца быццам бы і людзі, а іншыя — што звяры.

Спадзявалася, што перадумае Косцік. Цэлы дзень ішлі па слізкай зімовай дарозе з нялёгкімі кайстрамі. На ўгаворы яе Косцік не адказваў, зноў панура маўчаў. А калі спытаў, колькі вёрст засталося да Мінска, Вольга зразумела, што хлопцава рашэнне непахіснае.

«Дзе ты будзеш шукаць іх, партызан тых?»

«У лесе».

«Па такім снезе? Загінеш, як ягнятка з тае казкі. Ваўкі з’ядуць».

«Ну, ты мяне не палохай. Не на таго натрапіла. У горадзе цяпер горшыя ваўкі».

Да Мінска ім не дайсці, калі на машыну не сядуць, прыйдзецца зноў начаваць. I ў гэтую ноч Косця напэўна знікне, і яна не здолее нават сказаць Бароўскім, куды ён пайшоў, у які лес.

«Хочаш, завяду цябе да партызан?»

Косця ажно спыніўся ад нечаканасці.

«Ты? Ты можаш завесці да партызан?»

«Калі папросіш добра».

«Ох, насмяшыла».

Паваліўся на вал счышчанага з дарогі снегу, задрыгаў нагамі, жадаючы паказаць, як яму смешна ад таго, што яна, камароўская гандлярка, ведае, дзе партызаны, хоць, відно было, смяяцца яму не хацелася, не да смеху было, стомленаму, акалеламу, напоўненаму страхам перад невядомасцю, у якую сабраўся ўступіць. Вольга ўсё разумела, але за блазенства такое пакрыўдзілася.

«Паляжы, паляжы, падрыгай нагамі».

Дагнаў яе сур’ёзны, як бы пасталелы, раптам сцяміў-такі, чарцянё, што не жартам яна сказала пра партызан.

«Прабач, Вольга, за ўсё. Думаеш, хто іншы паверыў бы, што ты звязана з партызанамі? Якая ж ты малайчына! А Ленка… толькі многа гаворыць… быццам нас агітаваць трэба? — а ні чорта не знае. Столькі прасіў яе!»

Хітры жук, ведаў, як раўніва яны ставяцца адна да адной, сястра яго і яна, Вольга.

«Але для гэтага нам трэба пайсці на Рудзенск».

«Ды куды хочаш, на край свету пайду за табой».

Сувязны, Мар’ян Сівец, які і пры Саветах, і цяпер, пры немцах, рабіў на чыгунцы, хоць жыў у вёсцы, быў незадаволены, што яна, без згоды Захара Пятровіча, прывяла такога падлетка, так і сказаў: «Партызанам трэба вайскоўцы, афіцэры Чьірвонай Арміі, а не саплякі, такіх у вёсках поўна, толькі пальцам кіўні ім». Ды, на Косцікава шчасце, высветлілася, што Сівец ведае Лену, сустракаўся з ёю ў Захара Пятровіча: магчыма, Лену рыхтавалі для сувязі з ім, але пасля яна, Вольга, лепш падышла для гэтае ролі.

Да Бароўскіх Вольга не адважвалася ісці, пабаялася, што цяжка будзе растлумачыць старой, куды знік яе сын. Праз суседскага хлапчука паклікала Лену. Лена прыбегла задыханая, пабялелая, як сардэчніца, ускочыла ў дом апантана, з парога закрычала: «Дзе Косцік? Куды ты яго дзела?»

Прыйшлося расказаць ёй праўду. I адбылося ў іх тады вялікае прымірэнне. Абдымаліся, цалаваліся, прасілі адна ў адной прабачэння, кляліся ў вечнай дружбе.

Ёй, Вользе, цяпер як бы спакайней ад таго, што недалёка жыве яшчэ адзін чалавек, школьная сяброўка, якой можна ўсё расказаць, з якой можна параіцца, нічога не хаваючы. Раней неяк пашкадавала, што Бароўскія не самыя блізкія суседзі, не праз плот, здавалася, што ў такім разе яны ахоўвалі б адзін аднаго. Але цяпер падумала, што наўрад ці варта выстаўляць дружбу з Бароўскімі на людзі. Лепш трымацца воддаль. Бадай, і да Захара Пятровіча не трэба так часта наведвацца. Не, да старога можна. Ён не баіцца за сябе. А вось за яго, за Сашу… Не трэба, відаць, прыходзіць яму сюды нанач, бо радасці ёй ад гэтага мала. Вяртаецца страх, ад якога яна вызвалілася, ва ўсякім разе, па горадзе і ў вёскі хадзіла без страху. I дома спала спакойна. Не трэба ёй гэты страх, бо ён, што ржаўчына, раз’ядае душу, расслабляе волю.