Выбрать главу

I пад цёплым кажухом яго пачало ліхаманіць, і хваляванне перадалося Вользе. Яна падумала, што здрадзіў нехта з падпольнай групы; ад гэтага зрабілася страшна: а раптам ён назаве імя чалавека, якога і яна ведае, з якім сустракалася, давяраючы яму не толькі адно сваё жыццё. А можа здарыцца яшчэ горшае: яны памыліліся і прысудзілі да смерці невінаватага.

— Хто гэта? — шэптам спытала яна.

— Друцька.

— Дру-уцька? — Вольга адчула пэўную палёгку: не хто-небудзь са сваіх — бобік, але і моцна здзівілася: самы рахманы з паліцаяў і самы ціхі, здавалася, саромеецца сваёй пасады, да яе яўна заляцаецца, але ніколі не нахабнічаў, як іншыя, ласкай і пакорай хоча прывабіць; таму яна не стрымала свайго здзіўлення, сказала: — Такі добры…

— Добры? — Алесь скінуў з плячэй кажух, падняўся, нібы вельмі абураны яе словамі. — Ты не знаеш, што гэта за гад. Ціхі, але хітры, як ліс. Нюхае — што сабака. Прадаваў камуністаў, расстрэльваў яўрэяў з гета… У прыгаворы запісаны ўсе яго чорныя справы.

Вольга прыгадала, як тыдзень назад Друцька быў у яе доме і яна частавала яго, а ён усё дапытваўся, куды знік яе пляменнік. Яна сказала, што паехаў да сябе ў вёску, на Капыльшчыну. А паліцай, калі падвыпіў, яшчэ разы два спытаў: «Дык куды, ты кажаш, ён паехаў? У якую вёску?» А яшчэ сказаў так, нібыта між іншым: «Не капыльская ў яго гаворка. Я пры Саветах усю Міншчыну аб’ездзіў». Тады Вольга не звярнула на гэтыя словы ўвагі, занятая іншым: Друцька прапаноўваў з’ездзіць з ім на яго радзіму, у Чэрвеньскі раён. «На кані паедзем, у вазку, як паны. Са мной не прападзеш. Будзеш выменьваць транты пад надзейнай аховай. Ніхто не прычэпіцца. I выменяеш больш чым дзе, ручаюся. Сястра мая паможа. Людзі ў нас нескупыя».

Прываблівая прапанова. I Вольга думала, шго варта параіцца з Захарам Пятровічам, як выкарыстаць паездку з паліцаем: ехаць жа трэба ў нашу партызанскую зону — так называў той раён стары падпольшчык. Ведала, на што спадзяецца паліцэйскі кот, але не баялася, верыла, што гвалтам браць не будзе, не дайшоў яшчэ чалавек да такога бандытызму, бо каб дайшоў, то даўно паспрабаваў бы гэта зрабіць тут, у яе доме, суседзяў не пабаяўся б, ды і не даклічашся суседзяў, хто цяпер кінецца на крык. А Друцька паводзіў сябе так, што Вольга нават удзячная была яму: ён як бы ахоўваў яе ад іншых паліцаяў і немцаў, іншыя наконт іх, яе і Друцькі, адпускалі салёныя жарты, а яна з хітрай сарамлівасцю падтрымлівала гэтыя жарты, ва ўсякім разе, не аспрэчвала, няхай думаюць, што яна жыве з Друцькам, не будуць чапляцца.

Цяпер, успомніўшы, як Друцька дапытваўся пра Алеся, Вольга адчула, што ёй зрабілася холадна і пад кажухом. Прыгадалася другое: іншыя паліцаі яўна баяліся ціхага Друцьку. Усе ўспаміны, як бы падагульненыя, пацвярджалі, што падпольны камітэт не памыліўся. Не, не бязвіннаму вынеслі прысуд.

Але яна разумела Сашу. Яму, летуценніку, паэту, мяккаму, добраму, належыць зрабіць такое!.. Сапраўды, адна справа — немцы, прышэльцы, акупанты, карнікі, тут вайна — хто каго! Але забіць свайго, ды яшчэ знаёмага…

Яна ўжо ведала, што гэта за людзі, падпольшчыкі. Яны, напэўна, захочуць, каб усё было па закону, недарэмна і прыгавор напісалі, напэўна, перад карай трэба будзе прачытаць яго асуджанаму. Дзе? Як? Калі?

— Ну, прастудзішся ж, — папракнула Алеся такім голасам, быццам толькі гэта і турбавала яе. — Залезь пад кажух.

Ён не паслухаўся, толькі спыніўся перад ёй, і Вользе здалося, што і ў змроку яна ўбачыла, які бледны яго твар — што кашуля.

— Не шкадуй яго, Вольга. Гэта вораг. Страшны. Небяспечны. Для ўсіх нас.

— Я не шкадую. Я памагу табе.

— Не! — рашуча запярэчыў Алесь. — Андрэй супроць таго, каб цябе ўцягвалі ў іншыя справы, акрамя сувязі.

XI

У знаёмага паліцая Вольга спытала на рынку, дзе жыве Друцька. Той гадзіны праз дзве прынёс ёй адрас дадому, каб атрымаць за гэта добрую чарку. Ледзь не сілком выпіхнуўшы п’янаватага паліцая, Вольга пайшла да Друцькі.

Ён жыў на Пралетарскай у трохпавярховым доме. Мела на ўвазе, калі паліцая не будзе дома, пакінуць яму пісьмо — запрасіць да сябе, не сумнявалася, што прыйдзе. Але Друцька сам адчыніў ёй, хоць Вольга не адразу пазнала яго, не адразу нават разабралася, хто перад ёй — мужчына ці баба. У доўгім квяцістым халаце, у чорнай шапачцы, у паласатых піжамных штанах, чалавек гэты быццам бы сышоў у цемнаваты калідор з экрана нямецкай кінакарціны, якую яна нядаўна глядзела: так параіў Захар Пятровіч: каб у кіно яна таксама хадзіла і яму расказвала, што там бачыла.