Чаму ж раптам толькі сёння, калі ад’ехалі ўжо, з’явілася сумненне, што яна робіць не тое, што трэба? Збянтэжыў выпадак з кажухом? Не, пры чым тут кажух!
Яна думала, як пасгавіцца да яе задумы Сівец. Немалады ўжо чалавек. Жонка. Дачка. Вёска. Суседзі побач. Гарнізона, праўда, у вёсцы няма, але ўсё ж… Ці захоча Сівец брацца за такую справу — здаць паліцая партызанам? Хутчэй за ўсё, што не.
Друцька спяшаецца, мяркуе, безумоўна, да ночы даехаць да свайго Чэрвеньскага раёна, дзень ужо не кароткі, канец лютага. Угаварыць яго паначаваць у Сіўца яна ўгаворыць. Але ці блізка яны, партызаны, каб Сівец мог паспець за ноч прывесці іх? Ды яшчэ невядома, як самі партызаны паставяцца да гэтага? Могуць сказаць: вы там, у горадзе, асудзілі, вы і карайце. Каму гэта хочацца браць на душу расстрэл чалавека? Яна ж не захацела, каб гэта зрабіў Саша. I Саша пакутаваў ад такога задання.
Супакойвала сябе: калі не выйдзе, як задумала, нічога ж асаблівага не здарыцца, ад кары Друцька не ўратуецца, бо вернуцца ж яны назад у Мінск праз якія тры дні. I паездка будзе недарэмная — партызаны атрымаюць гранаты. А калі вернуцца, яна прыдумае нешта іншае. Не, тады яна ва ўсім прызнаецца Захару Пятровічу, параіцца з ім. Дарэмна пабаялася, што ён перашкодзіць здзейсніць яе задуму, стары добры, разважлівы, зразумеў бы яе, зразумеў бы Сашу і нешта прыдумаў бы абавязкова, можа, ухваліў бы яе план, але, напэўна, дадаў бы нешта такое, што засцерагала б ад памылкі. Даў жа дазвол, каб яна заехала да Сіўца з паліцаем, завезла гранаты.
А калі ўсё адбудзецца па яе плану, яна яшчэ перад вясковай паліцыяй падыме лямант: перанялі на дарозе бандыты, забралі і каня, і Хведара Друцьку. Шукайце! Ратуйце! Памажыце! Няхай шукаюць ветру ў полі.
Перасекшы Магілёўскую шашу, павярнулі ў Новы Двор. Ехалі па полі. Туман не рассейваўся, і наваколле ахутвала белая каламуць. Паганы туман, у ім чалавек замярзае горш, чым у моцны мароз: Вользе ў кажусе было холадна. А Друцька застаўся ў адным шынялі. Не вытрымаў, вылаяў-такі свайго «дабрадзея»:
— Забраў кажух, каб яго халера ўзяла. Тылавы пацук нейкі, зараза, інтэндант паршывы. У каго ты канфіскуеш цёплыя рэчы? У сваіх? Каб па-чалавечаму сказаў, я табе воз назбіраў бы гэтых кажухоў.
Друцька перадаў Вользе лейцы, саскочыў з саней. — Ты прагані, а я прабягу, а то да касцей праняло. Узваліўся на сані, моцна задыханы, зноў упаў на яе ногі, прыняў крысо кажуха, як бы жадаючы заглянуць у патаемнае месца.
— Пагрэла б ты мяне.
— Дзе? На снезе? Адмарозіш апошняе, што маеш. Пацярпі да цёплай пасцелі. Да мяккай пасцелькі…
Жартавала, а зубы ляскалі ад брыдкасці і набожнага страху: пяшчоты і жарты са смяротнікам! Грэх, мабыць?
Трэці ці чацвёрты раз Друцька бег за санямі, калі ехалі па лесе. Паабапал дарогі стаялі сосны, пад імі сіратліва гнулася ляшчына. У Вольгі раптам бліснула думка: стаць на калені і шпурнуць насустрач паліцаю, калі ён будзе даганяць, «цацку»: на, лаві, пажартуеш апошні раз. Так проста. Азірнулася. Друцька адстаў далёка. Скінула пальчаткі, выцягнула з-за пазухі гранату, яна была цёплая, быццам усяродку ўжо гарэў смяртэльны агонь. Спалохау яе гэты агонь. А калі ўзарвуцца і тыя, што ў мяшку? Хуценька схавала гранату. Але ўпікнула сябе: «Баязліўка, чыстымі рукамі хочаш ваяваць! Каб брудную работу іншыя рабілі».
За Каралішчавічамі дарога вывела да чыгункі. Яе трэба было перасекчы. Пераезд не ахоўваўся, без шлагбаума, але праходзіў ля самай будкі пуцявога абходчыка, паўз плот агародчыка і паўз глухую сцяну стандартнай чырвонай будыніны. Снег на насыпе сышоў, на чыгунцы раней, чым дзе, адчуваецца надыход вясны. Ад сцягнутага палазамі пяску растаў снег і на адхоне ўз’езда на пуць.
Друцька, руплівы гаспадар, саскочыў з саней, каб даць каню палёгку. Вольга таксама пашкадавала каня, яшчэ здзівілася з сябе: такая непаседа, вяртуха, яна за колькі гадзін ні разу не вылезла з саней, сапраўды як тая баба з байкі, ужо і ногі анямелі. Ды і конь прыпыніўся перад пясчанай дарогай, як бы даючы зразумець, што яму сапраўды-такі цяжка, даўно ўзмакрэў, ажно клочча пены падала з-пад нарытнікаў.