Выбрать главу

Паплавок з гусінага пяра ўздрыгнуў, не, нават толькі варухнуўся. І тут жа пакрысе стаў уздымацца над вадой – вышэй, вышэй... А потым зваліўся і лёг сабе на ваду, нерухомы, звялы.

– Цягні!

Крык раздаўся, здавалася, над самым вухам. Гэта быў не крык сябра, заклапочанага, перажываючага за цябе, каб ты ў час падсек, – гэта быў крык з’едлівы, насмешлівы, крык, каб спужаць, каб, наадварот, сарвалася вялікая рыбіна.

Яна і сарвалася – вялікая рыбіна, узляцела ўслед за рыўком над вадой, паказала свой бліскучы мокры бок і звонка плюхнулася назад у ваду, пэўна ж, ашалелая ад таго, што з ёй здарылася. Усё гэта Сяргей бачыў толькі краем вока, бо імгненна крутнуўся на гэты крык, адначасова тузаючы вуду, падпарадкаваны гэтым гіпнатызуючым крыкам “Цягні!”

Эдзік стаяў злева, усміхаўся, толькі ўсмешка яго была хіжая, драпежная ўсмешка, а вочы – як у ката, які прыціснуў лапай мыш – не да смерці, а так, каб толькі не ўцякла.

Віцька – у двух кроках ад Эдзіка, справа. Ён не ўсміхаўся. У вачах гарэла злосць, нічым не прыкрытая, сапраўдная злосць. Сінюшныя плямы пад вачыма, якія распаўзаліся ад крыху прыпухлага носа, надавалі яго твару страшнаваты выгляд.

Сяргей зразумеў, што марудзіць нельга, нельга разважаць. Ён ірвануўся, як падказвала яму інтуіцыя не ўбок ад сваіх ворагаў, а паміж імі. Але Эдзік, калі ішлі да копанкі, і гэты варыянт Віцьку растлумачыў. Ён увогуле ўсё, так мовіць, прапрацаваў, рыхтаваўся, як да сапраўднага палявання. Хто і куды будзе біць ці падстаўляць нагу ў залежнасці ад таго, куды пабяжыць Сяргей – усё ён размеркаваў...

Сяргей ірвануўся – і імгненна ў вачах успыхнулі сотні белых зорачак. Болю ён не адчуў, толькі тупы ўдар у твар прыпыніў яго рывок. Гэта Эдзік дзейнічаў па плану: рывок Сяргей між імі, то ён з правай б’е яму ў твар. Потым – Віцька з левай – пад дых. Сяргей хакнуў, ён не быў гатовы і да гэтага ўдару. Віцька, што называецца, прабіў прэс – паветра адным рыўком вылецела з грудзей Сяргея, а ўздыхнуць не было магчымасці. Сяргею б момант які, ён то ведаў, што трэба не хапаць паветра, калі ўдарылі пад дых, а наадварот – выдыхваць апошняе і толькі па ледзь-ледзь заглытваць свежае. Ён сагнуўся, спадзеючыся, што яму дадуць хоць колькі секунд. Але наступны ўдар абрушыўся на шыю – зноў па плану, біў Эдзік.

Сяргей упаў на калені.

На гэтым раней абгавораны план закончыўся.

“Нам бы яго толькі зваліць з ног,” – казаў Эдзік.

Звалілі. І далей не па плану – Эдзік коратка размахнуўся, ударыў нагой, абутай у мокры і мяккі ад расы красовак. Ударыў у твар.

Сяргей зноў не адчуў болю. А можа, калі рыхтуешся да болю, то болю і не адчуваеш? Толькі галава матлянулася ўверх і ўлева, а з носа на грудзі пабеглі цёплыя ручайкі.

– На яшчэ! – крыкнуў Эдзік, і красовак на гэты раз балюча, вельмі балюча тыцнуўся ў жывот.

Ужо не белыя зорачкі, а чырвоная пляма ўспыхнула перад вачыма, потым залезла ў жывот і неміласэрна стала пячы там, прымусіла сціснуцца, сабрацца, скруціцца, і не было ні берага, ні хлопцаў гэтых, ні рыбы – была гэта вогненная чырвоная пляма ў жываце, якая распаўзалася па ўсім целе.

– Га! З’еў! – зноў закрычаў Эдзік. – Ты каго, дзярмо інтэрнацкае, стукнуў? А?

Ён стаў абходзіць Сяргея, які скурчыўся, схаваў жывот, выстаўленымі локцямі прыкрыў твар.

– Хопіць з яго, – хацеў прыпыніць Віцька Эдзіка.

Злосць у яго прайшла, нешта вельмі непрыемна было глядзець на ляжачага Сяргея.

– Яшчэ дабавім, – Эдзік злаўчыўся, стукнуў нагой, імкнучыся праз складзеныя локці дастаць твар Сяргея.

– Ды не бі ты нагамі, – паморшчыўся Віцька.

– Што, у вас тут чэсныя бойкі, га? – пакпіў Эдзік. – Адзін на адзін, га?

І ў гэты момант ранішнюю цішыню разрэзаў тонкі адчайны крык, крык страху і болю. Так магло крычаць толькі дзіця, даведзенае нечым да жудасці, смяротна напалоханае.

Да іх бегла Нэла.

Бегла і крычала, крычала і бегла.

І Віцька, і Эдзік уздрыгнулі, у нейкі момант ім абодвум падалося, што яны зрабілі нешта непапраўнае, забілі насмерць, а гэтае нямко ўжо аплаквае свайго брата.

Страшна крычала Нэла.

– Пайшлі! Бяжым – раскажа! – раптам ірвануўся ўбок Эдзік.

І яны пабеглі, забыўшыся, што Нэла нікому нічога расказаць не зможа і што ўвогуле некаму расказваць – хто будзе заступацца за Сяргея? Не прымак жа...

– Трасца яго ведае, – прыпыняючыся, загаварыў Эдзік, калі адбеглі далекавата па беразе. – У мяне ж, блін, удар ведаеш які! Я яму, здаецца, і нос, і сківіцу набок звярнуў. А ён, можа, сволач яшчэ тая, пойдзе да ўчастковага... Чорт, трэба было мне ўчора бабцы расказаць і жывот ёй паказаць... Нічога, ты ж пацвердзіш, што ён першы ўдарыў, хоць мы яго не чапалі, так? Ды і гэты Віталь усё бачыў...

Віцьку нечакана стала прыкра ад асэнсавання таго, што Эдзік напужаўся. Хай сабе і трошкі, але ж напужаўся...

– А добра ты яму, пад дых! – раптам загаварыў Эдзік, прыцмокваючы. – Усё па планчыку: раз – у морду, два – пад дых, тры – па карку! Як у кіно атрымалася, клас!

Прыкрасць ад гэтых слоў захліснула Віцьку: ён разумеў, што цяпер ужо Эдзік яго, Віцьку, робіць галоўным катам у гэтым збіванні. Але змаўчаў, бо сказаць нешта супраць Эдзіка не змог. Яны ж былі заадно…

Дзяўчынка больш не крычала. Яны выглянулі з-за куста – Сяргей і Нэла ішлі сцяжынкай у вёску, Сяргей нёс вуду і мяшэчак з рыбай у адной руцэ, за другую трымалася Нэла.

– Чорт, дагонім давай, з гэтай равулай не ўцячэ, рыбу адбяром! – усхапіўся Эдзік. – Глядзі, колькі налавіў! І вуду паламаем!

– Ат, няхай нясе, – неахвотна адказаў Віцька. – Гэта яго апошняя тут рыба.

Сказаў, але ўпэўненасці ў сваім голасе не адчуў. Нешта не радасна было ад іх перамогі. Зусім не радасна…

...Нэла яшчэ ціхенька ўсхліпвала. Сяргей стараўся гаварыць спакойна, хоць трэсліся яшчэ рукі, а ў жываце тая пляма не знікла, толькі сабралася ў чорны тугі камяк. Быццам гарачы камень хто паклаў у сярэдзіну жывата, і ён пры кожным кроку пракатваўся, абпальваў сабой усё ўнутры.

– Супакойся, не плач. І не трэба табе было бегчы. Чаго ты так рана прачнулася? Спужалася, што я некуды паехаў? Не, я нікуды не паеду, не перажывай. Я з табой буду. Вось выганю таго зэка, адвучым з табой маці гарэлку піць, будзем начаваць у хаце... А ты вось пабегла, сукенку намачыла ў расе, а пераапрануцца няма ў што... Нічога, зараз мы з табой да магазіна пойдзем, булку белую купім, сходзім да бабы Адаркі, яна табе кубачак малака налье, паясі... Хочаш белай булкі з малаком?

Нэла перастала ўсхліпваць, шмыгнула носам, зазірнула ў вочы Сяргею і кіўнула галавой. І ўсміхнулася – асцярожна ўсміхнулася і тут жа азірнулася на копанку – ці не гоняцца за імі, ці не паўторыцца тое жудаснае: яе брацік ляжыць на зямлі, а яго б’юць нагамі, і з носа ў яго цячэ густая ярка-чырвоная цёплая кроў...

Частка 8

На надворку нікога не было. Сяргей не бачыў маці і прымака ўвесь учарашні дзень, не будзілі яго крыкі ці які бразгат і ноччу. Таму ён вырашыў, што і цяпер у хаце нікога няма.

Так і аказалася. Хата сустрэла яго ўсё тым жа кіслым пахам, і ён не ўтрымаўся – хапіўся за начоўкі, выцягнуў іх з сянец на надворак, адцягнуў далей і перакуліў. Брудная, смярдзючая вада выплюхнулася разам з асклізлай мокрай вопраткай, якая сплялася ў адзін брудна-шэры камяк.

У сенцах была невялікая кладоўка. Амаль пустая – толькі два вялікія чыгуны, паўвядзёрныя алюмініевыя каструлі, яшчэ нейкі посуд, старыя боты на падлозе. У куце стаяў адзін трохлітровы слоік – брудны і з нейкім брудам на дне. Край слоіка быў вышчарблены.

Больш нідзе ні аднаго слоіка Сяргей не знайшоў.

“Прапілі”, – невясёлая здагадка адказала на пытанне, чаму гэты слоік застаўся – гэты быў шчарбаты.

Кавалак гаспадарчага мыла знайшоў на вузкім падаконніку ў сенцах, падняў з падлогі анучу, якая яшчэ была не зусім чорнай.

З анучай, мылам і слоікам пайшоў да калодзежа. Выцягнуў вады, спачатку апаласнуў двойчы прыцягнутыя сюды ночвы, потым цёр мылам, мыў саму анучу. Мыльную ваду наліў у слоік – няхай адмакае.