– Ага, тым летам украў бохан хлеба з машыны. Уцёк быў.
– А тут, дурны, сам прыйшоў.
– Цяпер вушы надзяруць...
Сяргей чуў гэтыя галасы. Ведаў, што такое вось – сустрэча з вадзіцелем – можа быць, хоць спадзяваўся, што прывязе хлеб іншы. Ён узняў вочы на вадзіцеля.
– Помню.
Вадзіцель можа чакаў, што Сяргей кінецца прэч, пачне аднеквацца, прасіцца, і цяпер у яго вачах прамільгнула разгубленасць.
І раптам ціхенька, ледзь чутна, бы страшэнна баючыся, што яе пачуюць, захныкала Нэла.
Сяргей толькі цяпер адчуў, што яна абхапіла, колькі было ў яе моцы, яго нагу, прыціснулася, ператварылася ў адзін маленькі камячок страху, уздрыгвала кароткімі ўсхліпамі.
– Не бойся, не плач, – паклаў Сяргей руку на яе галоўку, спакойна сказаў да вадзіцеля: – Забірайце рыбу... За той бохан.
– Сястра? – вадзіцель паказаў вачыма на Нэлу.
– Сястра... Толькі мне слоік трэба.
– Ну... Чакай, разгружуся, – адказаў вадзіцель, адпусціў плячо Сяргея з лёгкім, амаль дружалюбным штуршком.
Пакуль ён спрытна выцягваў латкі з цёплымі боханамі чорнага хлеба, з жоўта-залацістымі батонамі, Сяргей стаяў на тым жа месцы, не адышоўшыся ні на крок. І Нэла не адыходзіла ад яго, не адпускала нагу, хоць уздрыгваць перастала.
Вадзіцель пакідаў пустыя латкі ў будку, скокнуў у кабіну, вылез адтуль з бітончыкам.
– Ну, давай сваю рыбу!
Сяргей пераліў ваду разам з карасямі са слоіка ў бітончык вадзіцеля.
– О, клас! – вадзіцель відавочна быў задаволены. – Жывую прывязу!
Сяргей моўчкі павярнуўся, каб ісці, і ўбачыў, што ад ганка за імі назірае Віцька – той таксама прыйшоў па хлеб.
– Чакай, – прыпыніў вадзіцель Сяргея. – Ты разлічыўся, мне ж таксама разлічыцца трэба. Мнагавата тут рыбы за адзін бохан. Колькі ты за ўсю рыбу хочаш?
Сяргей адмоўна паківаў галавой.
– Нам грошы не трэба. Бохан хлеба, адзін батон і яшчэ солі.
Вадзіцель уважліва глядзеў на Сяргея, Нэлу. Можа, і падлічваў, колькі каштуе ўсё пералічанае. Нечакана твар яго спахмурнеў, ён са злосцю сплюнуў на зямлю, не сказаў ні слова, пайшоў да сваёй будкі. Вярнуўся назад з двума боханамі чорнага хлеба і двума батонамі. Паклаў іх на Сяргееву торбачку, палез у кішэню, выцягнуў купюру.
– На, купіш соль.
Ад кабіны павярнуўся, крыкнуў:
– Праз тыдзень прынось, колькі наловіш. Сушаную, салёную, жывую – усю нясі. Я куплю.
Сяргей моўчкі кіўнуў. Нахіліўся, пераклаў хлеб і батоны ў торбачку. Вялікі кавалак батона, пахучы, мяккі, з хрумсткай залаціста-жоўтай скарынкай, адламаў і даў Нэле:
– Еш.
І сам не ўтрымаўся, адшчыпнуў ад батона кавалак, кінуў у рот: як прачнуўся, яшчэ ж нічога не еў. Яны пайшлі сярэдзінай вуліцы.
Віцька з ганку магазіна глядзеў ім у след і шчымлівае, невядомае раней пачуццё душыла яго. Крыўда то была? Зайздрасць? Злосць?
Ён пайшоў дадому, не думаючы ні аб чым, у вачах усё стаяў гэты малюнак – маленькая Нэла са ззяючымі вачыма прымае з рук брата акраец батона. Шчаслівая ад такой простай рэчы – кавалка белага хлеба...
Жэнька, як толькі Віцька ступіў з хлебам на парог, стала наліваць абед. Віцька нарэзаў хлеб, сеў за стол.
– Ты чаго такі сумны? –глянула заклапочана на яго маці. – Мо нос баліць?
– Прайшоў нос.
Віцька не еў, механічна варушыў лыжкай у талерцы з халадніком.
– Ведаеш, мама, а гэты Сяргей сёння лавіў рыбу на маім... на тым самым месцы...
– От ты скажы, які нахабнік, –адклала маці лыжку. – Калі ўжо так не разумее, трэба было проста прагнаць. Хіба на копанцы больш месцаў няма?
– Мы і прагналі, –загаварыў ціха Віцька. – Удваіх, з Эдзікам. Разбілі яму нос, паставілі сіняк под вокам, яшчэ кухталёў надавалі...
– Ай, якія малайцы, – усклікнула, роблена захапляючыся, Жэнька. – Героі! Двое адкормленых і сытых на аднаго галоднага!
– Жэнька, маўчы, – крыкнула строга маці, павярнулася да Віцькі: – Ну, прагналі – добра, а вось біць не трэба было, – паўшчувала мякка.
– А ён з налоўленай рыбай пайшоў да магазіна, каб прадаць, – працягваў Віцька роўным голасам, быццам не чуў ні маці, ні сястры. – А там яго хапіў вадзіцель хлебнага аўтамабіля, у якога мінулым летам гэты Сяргей сцягнуў бохан хлеба. Вадзіцель думаў, што Сяргей пабяжыць уцякаць, а той сказаў, каб забіраў усю рыбу за той украдзены бохан. Тады вадзіцель сказаў, што за адзін бохан рыбы зашмат, і прапанаваў грошы. А гэты Сяргей сказаў, што ім, яму і сястры Нэле, трэба хлеб. Просты чорны хлеб. І адзін батон. Вадзіцель даў ім два боханы хлеба, два батоны. Нэла ела кавалак батона, быццам гэта быў самы смачны на свеце торт...
– Гады вы! – выгукнула Жэнька і выскачыла з-за стала.
– Жэня, сядзь! – пляснула маці рукой па стале.
– Не хачу з ім за сталом сядзець! – закрычала ад дзвярэй у свой пакой Жэнька. – Ён хлеб есць, куплены за твае і татавы грошы. І лупіць удваіх з тым гарадскім чалавека, які ловіць рыбу, каб купіць хлеб для маленькай дзяўчынкі! Яна цукеркі ніколі не бачыла!
– Жэня! Ідзі за стол.
Жэнька ўжо заскочыла ў свой пакой, потым імкліва выбегла з яго, прабегла праз сталовую на надворак.
– Еш, – сказала маці да Віцькі ціха, без усякага патрабавання ў голасе, ужо з просьбай.
Віцька пачаў сёрбаць халаднік. Пачуліся крокі над галавой – Жэнька нечага лазіла на гарышчы.
Хвілін праз пяць яна зноў подбегам заспяшалася ў свой пакой і выйшла адтуль з вялікай лялькай – ёй падарылі на яе 10-годдзе, і лялька так і стаяла ў пакоі на кніжнай паліцы, як сувенір. Жэнька ў лялькі не гуляла.
– Куды ты? – занепакоена запыталася маці.
– Па справах, – адказала Жэнька, прыпынілася. – Гэта ж мая лялька, так? Я магу з ёй рабіць, што хачу?
– Можаш, вядома, – паціснула плячыма маці. – А што збіраешся рабіць?
– А з тымі цацкамі, якія валяюцца ў нас на гарышчы, таксама можна, што хочаш, рабіць? – зноў запыталася Жэнька, як і не чула пытання маці.
– Можна...
– Тады я іх аддам таму, каму яны трэба!
Жэнька крутнулася, і праз акно Віцька бачыў, як яна ішла з надворка з вялікім цэлафанавым пакетам у адной руцэ і лялькай у другой.
Есці Віцьку расхацелася.
Ля будана Сяргей расчысціў старой рыдлёўкай невялікі кавалачак ад дзёрну, потым вядром нацягаў ад хаты дзеда Васіля пяску – там была яго невялікая горка.
– Вось, будзе табе месца, дзе гуляць, – задаволена сказаў Сяргей Нэле. – Будуй тут свае сакрэты, я табе пайду яшчэ цацак пашукаю.
У гэты час у садок зайшла Жэнька.
– Што трэба? – непрыязна сустрэў яе пытаннем Сяргей, стаў на сцяжынцы між ёй і буданом.
Жэнька першы раз бачыла ў гэтым годзе Сяргея, і яе крыху напужаў і грубаваты голас, і сам ён: насцярожаны, вочы глядзяць з-пад ілба, аднаго вока амаль не відаць з-за сіняка.
Жэньку Сяргей бачыў увогуле першы раз. Ну, мо і бачыў раней, але не ведаў, хто яна такая. Лялька ў яе руках давала магчымасць здагадацца, чаго яна сюды прыйшла, але...
– Я... я цацкі прынесла тваёй Нэле-Анжэле. І ляльку вось, – прыўзняла Жэнька пакет.
– У нас няма чым плаціць, – адказаў панура, але цвёрда Сяргей.
Дык я ж не прадаю, я так даю, – разгубілася Жэнька.
Ён што – не разумее, гэты хлопец, такіх простых рэчаў?
– Нам ад чужых нічога за так не трэба. Абыдземся без падачак.
Жэнька ніяк не чакала такіх слоў. І раптам яе разабрала злосць.
– Ты ідзі і зарабляй сабе на цукеркі! А Нэла зарабіць яшчэ не можа. І таму дзіцяці цацкі дораць і даюць, а не прадаюць, – выпаліла яна і рашуча, трымаючы пакет перад сабой, пайшла проста на Сяргея.
Той ад нечаканасці саступіў убок.
Жэнька падышла да будана, прысела каля дзяўчынкі.
– Цябе завуць Нэла, праўда?
Нэла маўчала, паглядваючы то на Жэньку, то на ляльку, то на Сяргея.
– Трымай! Будзе ў цябе сяброўка! – Жэнька працягнула ляльку Нэле, не чакаючы адказу.
Лялька была напалову росту малой. Заварожанымі вачанятамі глядзела яна на ляльку, узняла руку і ціхенька кранулася пальчыкам залацістых валасоў.
– Трымай, трымай, Нэла! Яна твая, – працягвала Жэнька ляльку, і ўпершыню за апошнія дні Нэла не стала чакаць дазволу Сяргея.