Дзве ночы запар Віцьку сніцца сарачанё. То вось такое, у перадсмяротнай агоніі, а то жывое, хітраватае, ускоквае на яго тумбачку ля ложка, зварочвае галаву набок і цікуе адным вокам: спіць Віцька ці не спіць... Не, Віцька не стаў бы трымаць дома птушку, ён бы занёс сарачанё да Нэлы – яна б вельмі радавалася такому падарунку. Тым больш, ні сарока не ўмее гаварыць, ні Нэла... То вучыліся б разам....
Нічога не атрымліваецца, як магло б атрымацца. Ну чаму? Што не так робіць Віцька? Чаму ён, разумнейшы за Віталя (Віталь дыктант без Віцькі не напіша, факт), аказаўся ў цені свайго сябра ў пачатку года? Гэта ж аб Віталі гаварыла ўся школа, калі старшыня калгаса Зарэмба на першай лінейцы дзякаваў многім хлопцам і дзяўчатам за дапамогу, а Віталя – асабіста за зробленую карту. А маглі б разам зрабіць… Вось і цяпер маглі б разам паплысці па Ведзьмінай тоні – а пасварыўся з Віталем і да таго Сяргея і не падыдзеш… А яны во паплывуць, знойдуць нешта – і будзе аб іх гаварыць вёска і школа… Хацелася зрабіць такую добрую справу – чучала хоць якой птушкі прынесці ў кабінет біялогіі, а ўрэшце так агідна ўсё выйшла…
Што ён не так робіць?..
Віцька зірнуў на гадзіннік – пара ісці ў школу. Сёння ў кабінеце маці трэба пераставіць мэблю, каб потым фарбаваць падлогу. Той мэблі небагата, адно што камп’ютэр трэба адключыць і зноў падключыць.
Маці не хоча, каб дома быў камп’ютэр. Кажа, гэта рэч толькі зацягвае ў багну, імя якой – віртуальны свет. А Віцьку хочацца… Гэтулькі ўсяго на камп’ютэры зрабіць можна цікавага…
Маці дала Віцьку ключы ад кабінета і сама заспяшалася ў сельскі Савет – нейкая там тэрміновая справа. Віцька не спяшаючыся раз’яднаў блокі кампю’тэра, перасунуў сталы, нетаропка ўсё злучыў. Вымыў падлогу, потым уключыў камп’ютэр – маці дазваляе гэта рабіць, і нават у Інтэрнэт Віцька ўжо навучыўся выходзіць…
Мабыць, нашы жаданні іншы раз так глыбока хаваюцца ў свядомасці, што мы робім і толькі потым асэнсоўваем, што менавіта гэта хацелі зрабіць. Так і Віцька – выйшаў у Інтэрнэт, зайшоў на пошукавую сістэму Яндэкс, і рукі хутка набралі ў пошукавым полі: “Ведзьміна тоня”.
“Па Вашаму запыту нічога не знойдзена”.
Віцька і не спадзяваўся, што нешта адшукаецца, але была нейкая надзея – а раптам? Раптам нехта раней нешта напісаў пра гэта месца – будзе тады ісці з чым да Віталя…
Віцька вырашыў напісаць словы лацінскімі літарамі. Напісаў “Vedzmina tonay”. Пуск…
“Па Вашаму запыту нічога не знойдзена”.
Чакай… А калі пашукаць у іншых пошукавых сістэмах? Ну, самы шырокавядомы, лічы, міжнародны – Гугль.
Але і гэты пошукавік ў сусветнай павуціне нічога не знайшоў ні ў кірылічным напісанні, ні ў лацініцы.
Віцька яшчэ спрабаваў мяняць напісанне слова лацінскімі літарамі, мяняў адну-дзве літары, але дарэмна. Ужо хацеў выключыць, як раптам успомніў, што яму расказвалі старэйшыя пра пошукавыя сістэмы – у кожнай краіне ёсць яшчэ свая такая сістэма. А рэсурсы Інтэрнэта, каб яны былі вядомы пошукавікам, трэба яшчэ рэгістраваць у іх каталогах… Значыць, трэба спачатку выйсці на пошукавыя сістэмы розных краін – там хутчэй знайсці нешта малазначнае для ўсяго сусвету. Калі яно ёсць, вядома.
“Пошукавыя сістэмы розных краін” – набраў у запыце Віцька.
Яндэкс адказаў некалькімі старонкамі з дакументамі, дзе сустракаюцца такія словы. Ёсць патрэбны – англійскі.
Праверым … няма нічога.
Польскі пошукавік… нічога не знаходзіць. Нямецкі… І гэта нешта кажа сваім языком, але цалкам зразумела, што няма такіх спалучэнняў, няма радкоў са спасылкамі…
Віцька задумаўся, потым вырашыў хутка ўстанавіць у камп’ютэр яшчэ і нямецкую мову – бо без нямецкай мовы мо і няправільна будзе напісаць “Ведзьміна тоня”, каб нямецкі пошукавік на нечым спыніўся. Ды і як яно будзе выглядаць, гэта напісанне? А як тут напісаць, калі ніколькі гэтай мовы не ведаеш?
Пашукаў у даведніку маці дамашні тэлефон Таццяны Пятроўны – настаўніцы замежнай мовы. Патэлефанаваў – і ўдача, яна была дома.
“WEDZMINA…”. Нечакана для самога сябе Віцька захваляваўся. Мо прадчуванне якое было ці тое, што так доўга давялося шукаць правільнае напісанне?
І ўздрыгнуў, калі праз хвіліну на экране засвяціўся радок са спасылкай на нейкі невядомы рэсурс. І там, трохі ніжэй, былі два радкі нямецкага тэксту з выдзеленымі знаёмымі словамі…
Яшчэ не верачы, што нешта знайшлося, не ведаючы, што канкрэтна знайшлося, Віцька ліхаманкава, быццам усё магло прапасці раптоўна, націснуў на спасылку. Толькі б адкрылася старонка…
Адкрыўся сайт. Нямецкая мова. Як можна было здагадацца, то было кшталту нейкай электроннай версіі газеты. Тэксту было многа. Гэта, можна было здагадацца, было інтэрв’ю. І ў гэтым інтэрв’ю у адным месцы выразна выдзяляліся словы “WEDZMINA …”.
Пальцы дрыжалі. Віцька нават не стаў капіраваць тэкст, а націснуў на цалкам захаванне старонкі, потым яшчэ скапіраваў тэкст асобна… Каб ён ніяк не згубіўся.
Ужо спакойней апрацаваў тэкст у тэкставым рэдактары, надрукаваў на прынтыры. Атрымалася дзве старонкі.
І толькі цяпер, трымаючы ў руках і тэкст, і надрукаваную цалкам старонку невядомага сайта, Віцька ў думках крыкнуў сам сабе: “Гэй!”
І пашкадаваў, што вучыць англійскую мову, а не нямецкую. Як перакласці? Ісці да Таццяны Пятроўны? Не хацелася. Не хацелася ўвогуле паказваць каму-небудзь гэты тэкст, самому не прачытаўшы яго. А раптам там нешта такое, што… зробіць яго, Віцьку, сапраўдным героем?
Шукаць слоўнік і перакладаць па адным слове? Ну, гэта работа на тыдзень, ды яшчэ не так проста перакласці – у любой мове не заўсёды атрымаецца, бо сэнс слоў можа мяняцца…
Віцька глянуў на экран камп’ютэра і радасна ўсміхнуўся. Вось жа дурань! Ёсць жа электронны перакладчык – спецыяльная праграма. Праўда, настаўніца англійскай мовы, маладая яшчэ зусім, толькі пасля універсітэта, строга-настрога наказала не карыстацца гэтай праграмай. “Ведаць вы так нічога не будзеце. А я ў любым выпадку даведаюся, як вы перакладалі”.
Але цяпер не ўрок, а якраз той выпадак, калі электронны перакладчык – менавіта тое, што трэба.
Віцька загрузіў праграму, увёў тэкст. Маленькі пясочны гадзіннік на экране кульнуўся раз-другі, і збоку высвеціўся пераклад. Як Віцька і чакаў (бо раней жа карыстаўся), пераклад быў зроблены слова ў слова.
Нічога, ён разбярэцца… Але мо з гадзіну мучыўся Віцька, пакуль тэкст прыняў асэнсаваны выгляд.
Віцька перачытваў яго зноў і зноў, кожны раз адчуваючы ўсё ўзрастаючую адказнасць за тое, што ён цяпер трымаў у руках.
Гэта паперка на самай справе можа зрабіць яго героем.
А можа і дапамагчы быць разам з Віталем, тым Сяргеем, дзедам Васілём, маленькай Нэлай, сястрой Жэнькай…
Ён можа праславіцца – і аб ім будзе гудзець школа (ды хіба толькі школа?).
А можна гэту славу падзяліць паміж усімі. Мо і не атрымаецца славы ўвогуле, але можа атрымацца цікавая справа для ўсіх…
Віцька механічна набраў у пошукавым акенцы Яндэкса “слава”.
“Знойдзена 245 869 дакументаў на 87493 сайтах”.
І мноства старонак са спасылкамі…
Вунь колькі “славы” ў Інтэрнэце…
Віцька выключыў камп’ютэр. Зачыніў кабінет і пакрочыў дадому. Паперы шапацелі ў кішэні кашулі.
Хваляванне прайшло. Цяпер павінна была прыйсці радасць, а яна не прыходзіла. Нечага не хапала. Вось цяпер, у гэту мінуту. Віцька зразумеў – чаго. Віталя не хапала. Каб расказаць яму аб знаходцы. Дзеда Васіля не хапала – як важна яму будзе ведаць аб гэтай паперцы. І не некалі потым ведаць, а вось цяпер, калі яны збіраюцца туды – на Ведзьміну тоню.
Віцька не прымаў нейкага рашэння – усё стала і так відавочна: вядома ж, ён прыйдзе да іх. Бо гэта для іх вельмі важна. І для яго важна, што гэта ён адшукаў.
І стала нечакана лёгка на душы, нібыта крылы выраслі. Бегчы хацелася па вясковай вуліцы, як некалі басанож бегалі яны з Віталем і Жэнькай па цёплых лужынах пасля летніх ліўняў. І гэты ўспамін яшчэ больш замацаваў упэўненасць Віцькі ў тым, што яго знаходка – знаходка для ўсіх, для яго сяброў.