Выбрать главу

Бо разам так добра было бегчы басанож, аж пырскі ляцелі да самога сонца, па тых лужынах, калі толькі заціхалі апошнія ўдары грому…

Жэньку Віцька пабачыў у палісадніку – яна корпалася каля сваіх ружаў.

– Ты дзе так доўга? – спыталася яна.

– Так, засядзеўся… у Інтэрнэце, – пачаў быў Віцька і раптам зразумеў, што тое, што ён ведае, трэба найперш расказаць дзеду. Не, нават не аднаму дзеду – усім: і Віталю, і Сяргею, і Жэньцы. Бо гэта важна.

– Віцька, слухай... – працягнула просячы Жэнька. – Пайшлі да... дзеда Васіля з хлопцамі. Мяне адну яны прагоняць, слухаць не захочуць. Пайшлі, а? Ты ж таксама хочаш на плыце паплаваць, па астравах тых пахадзіць. Лета пройдзе, не ўспомніш нічога…

Віцька сеў на лаўку. Жэнька выйшла з палісадніка, апусцілася побач.

– Мяне таксама прагоняць... – ціха сказаў Віцька.

– А ты... папрасі прабачэння ў Сяргея, – нясмела прапанавала Жэнька. – Ты ж усё-такі вінаваты...

– Я ведаю, – рэзка адказаў Віцька, замаўчаў.

– А чаго ты з Эдзікам пасварыўся? – перавяла размову на іншае Жэнька. – Ён адзін, бачыла, у садзе загарае, музыку слухае...

– Не лезь, – цыкнуў Віцька, але тут жа сказаў глуха: – У лесе сарачанят расстрэльвалі... Адно жывое неслі, ён... яму лапу зламаў, спецыяльна, каб таксама забіць. І расстраляў з рагаткі. З трох крокаў... А я яму... З рагаткі ў галаву стрэліў. Скуру рассек, кроў пайшла. То гэта маці, відаць, і выклікалі ў сельсавет. Наплакаўся, мабыць...

– Эх, ты... – з жалем сказала Жэнька. – І вялікі, а такі дурны, людзей бачыць не ўмееш. Віталіка пакрыўдзіў. Адзін застаўся.

– З Віталем я паміруся... – упэўнена адказаў Віцька, скочыў з лаўкі, загаварыў узрушана: – Слухай, а калі мне, ну, падарыць ці аддаць Сяргею сваю вуду, а?

– Новую?

– Ага! У яго ж вуды простыя, арэхавыя вудзільны. Возьме?

– Не ведаю... – паціснула плячыма Жэнька. – Можа і не ўзяць, ён горды.

Віцька пабег да хлеўчыка, у якім, акрамя бацькавага інструмента і розных неабходных рэчаў для гаспадаркі (плужок, рыдлёўкі і падобнае), ляжалі яго вуды. Ён вынес з хлеўчыка новую, два тыдні назад купленую ў райцэнтры складную вуду: лёгкая, сямікаленная, на пяць метраў даўжыні, з катушкай.

– Ты на яе год грошы збіраў, – напомніла Жэнька. – Не шкада?

– Не-а, – адказаў Віцька з ноткамі радасці, быццам адшукаў жаданае выйсце. – У яго такой вуды зроду не было! Уяўляеш?

– Уяўляю. Я пайду з табой! – цвёрда заявіла Жэнька.

А Віцька адчуў сябе так, нібыта, доўга блукаючы ў пошуках, ён выйшаў на цвёрдую, роўную дарогу, якая выведзе яго на месца. Ад таго першага жадання, калі ў яго руках аказаўся той тэкст з нямецкага сайта, не засталося і следу. Так, напачатку свярбела не проста ўсіх здзівіць – прымусіць усіх слухаць яго. О, яшчэ б прасілі, каб быў з імі. Але вось – толькі так трэба: ён найперш паспрабуе прымірыцца з Сяргеем. Ён (і Жэнька, вядома) папросіць Віталя, дзеда Васіля і Сяргея, каб узялі яго і сястру ў сваю каманду. А потым ужо раскажа пра той тэкст. І нават калі адмовяць – ён усё роўна раскажа! Бо гэта так важна…

– Пайшлі! – выгукнуў рашуча Віцька. – За пытанне не б’юць.

У садку іх першай пабачыла Нэла

– Га! – выгукнула нечакана яна.

Сяргей, які з Віталем разбіраў бутэлькі, са здзіўленнем і захапленнем адначасова паглядзеў на яе, хацеў сказаць нешта радаснае, бадзёрае, але пабачыў, што Нэла пальчыкам паказвае ў бок надворка. Зірнуў. І пайшоў насустрач, рашуча, сціснуўшы кулакі.

Жэнька ішла крыху ззаду Віцькі, але як толькі ўбачыла напоўнены злой рашучасцю твар падыходзячага Сяргея, яна прайшла наперад, прыкрыўшы плячом брата. Яны спыніліся.

Спыніўся і Сяргей. Ён паглядзеў з-пад ілба на Віцьку і працадзіў скрозь зубы:

– Ідзі адсюль!

Столькі нянавісці і злосці было ўкладзена ўсяго ў два гэтыя словы, што Віцька адхіснуўся назад, забыўшыся, што трымае ў руках новую вуду.

– Ідзі адсюль! – паўтарыў Сяргей з той пагрозай, што стала зразумела: трэцяга папярэджання не будзе.

– Сяргей, паслухай... – Жэнька адчайна шукала словы, каб не даць успыхнуць бойцы, каб толькі Сяргей не ўзмахнуў сціснутымі ў кулакі, напружанымі рукамі, каб памякчэў яго закамянелы ад нянавісці твар.

А Сяргея на самай справе душыла нянавісць. І крыўда. Дурань, чаму ён дазволіў тады гэтай дзяўчыне падарыць цацкі Нэле! Вось прыперлася! І гэты... Якое ён мае права прыходзіць у яго сад пасля таго, што адбылося на копанцы? Ён, сыты гад, не ведае, якім можа быць смачны хлеб, калі два дні запар душыцца адной варанай бульбай. Ён не ведае, што значыць прачынацца на золку ад дрыжыкаў у будане. Ён не ведае, што значыць стаяць з віламі супраць дарослага мужчыны, былога зэка. Ён нічога не ведае, ён вырашыў, што толькі адзін мае права лавіць рыбу на копанцы, і ён не прыйшоў тады адзін на адзін, каб разабрацца чэсна, ён і цяпер гэту дзяўчыну дзеля абароны прывёў...

Віцька стаяў напружаны не менш за Сяргея. Умомант узмакрэлі рукі, вуда ледзь не выслізнула з мокрай далоні. “Вуда”, – ён успомніў, што трымае ў руцэ. Віцька варухнуў плечуком, адсоўваючы ўбок сястру, і сказаў сіплым голасам.

– Ты можаш ударыць мяне. Я...

Ён не паспеў дагаварыць. Ні Жэнька, ні Віталь, які падыходзіў да іх, ні сам Віцька не паспелі ўбачыць імгненны рух рукі Сяргея – кулак трапіў у сківіцу. Галава хлопца матнулася, бы нежывая, але ён устаяў на нагах.

Ніхто яшчэ не крануўся з месца – і тут закрычала Нэла. Яна падбегла з крыкам да Сяргея, абхапіла спераду за ногі і, задраўшы кверху галаву, крычала і... піхала яго назад.

– Усё, супакойся Нэла, – сказаў, крыху расслабіўшыся, Сяргей, але рукі яго заставаліся сціснутымі ў кулакі.

Віцька сплюнуў на зямлю – кроў, крануў анямелую шчаку.

– Ну, што ж, будзем лічыць, што мы ў поўным разліку, – сказаў ён на дзіва спакойна і працягнуў вуду: – Гэта як прабачэнне за тое... Ну за ранне на копанцы. Я б хацеў сябраваць...

Сяргей разгублена глядзеў на новенькую бліскучую чорную вуду. Яна крыху ўздрыгвала ў працягнутых да яго руках, але і невыказна радавала адмысловасцю і прадуманасцю кожнай сваёй дэталі: ёмкага дзяржання, зручнай катушкі, надзейна замацаваных кольцаў.

– Сяргей, бяры, бо Віцька жмінда, ён гэту вуду сніў, перадумае – не адбярэш, – нечакана весела сказаў за спіной Віталь.

Сяргей вагаўся. Уся яго нянавісць да Віцькі была выплюхнута адным ударам, мала таго, ён чакаў, рыхтаваўся да таго, што Віцька кінецца ў бойку ці хоць пачне абараняцца. А тут раптам такія простыя і спакойныя словы: “Мы ў разліку”. Здаецца, і на самай справе ў разліку... І вуда. Якая вуда! Сяргей міжволі асцярожна ўзяўся за цёплы пластык круглага дзяржання.

– Тады мір? – гэта ўжо Жэнька вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. – Біцца не будзеце? – павярнулася да Віцькі. – Зубы цэлыя?

– Цэлыя, – усміхнуўся праз боль Віцька.

– Астатняе зажыве, – ўсміхнулася крыху напружана і Жэнька і без пераходу дадала: – Віталік, Сяргей, вазьміце з нас сабой на Ведзьміну тоню.

Віталь зірнуў на Сяргея – той задумліва круціў у руках вуду, не ўзнімаючы вачэй, нарэшце ціха прамовіў:

– Я тут не галоўны... І бутэлькі мы разлічвалі на траіх...

– Ну, у нас толькі пяць радоў запоўнена, – ажывіўся Віталь. – Яшчэ чатыры ў запас.. Але бутэлькі будзеце на сябе збіраць. І нам яшчэ дапамагаць трэба...

– Не праблема, – асцярожна загаварыў Віцька. – У нас дома іх штук з дваццаць. І ў школу можна падысці – буфет жа працаваў...

– Добра, пайшлі працаваць. – Сяргей вызваліўся ад Нэліных рук. – Пайшлі, Нэла, бутэлькі мыць.

– Во, зусім забылася, – войкнула Жэнька, прысела, стала корпацца ў сваім вялікім пакеце, які несла з сабой. – Трымай, Нэла, – яна працягнула дзяўчынцы некалькі цукерак на далоні.

Нэла хуценька падышла, узяла цукеркі і толькі тады азірнулася на Сяргея з хітравата-вінаватым выглядам.

Падбегла і працягнула Сяргею адну цукерку.

– Еш сама, Нэла, – Сяргей лёгка крануў сястру за плечы. – Табе трэба салодкае.