– Э, я ўсім прынесла, – гукнула Жэнька. – Куды пакласці?
– Пайшлі да будана, там наш штаб, – паклікаў за сабой Віталь.
– Чакайце, – прыпыніў усіх Віцька. – Нам трэба ўсім разам пайсці да дзеда Васіля. У мяне… Я ў Інтэрнэце адшукаў… дакумент адзін. Там ёсць пра Ведзьміну тоню…
– Ты што? – крутнуўся Віталь.
– Ты ж нічога не казаў, – здзівілася Жэнька і ўжо сабралася пакрыўдзіцца на брата – не мог падзяліцца навіной, ідучы сюды!
– Нельга мне нічога нікому расказваць, пакуль дзед не пачуе, – упарта сказаў Віцька. – Самі зразумееце.
– А што там такое? – Віталя аж распірала ад нецярпення. – То пайшлі хутчэй!
Частка 14
Віталь як усё адно даклад рабіў:
– Васіль Яўменавіч, вось Віцька з Жэнькай папрасіліся да нас. Тут у нас… было некаторае рознагалоссе, але мы ўсё прывялі ў норму. Слова за вамі.
Дзед усміхнуўся, уважліва паглядзеў на ўсіх, спыніў позірк на Жэньцы:
– У мае гады дзяўчаты іншымі гульнямі займаліся.
– Ат, Васіль Яўменавіч, – Жэнька пачырванела, не магла знайсці слоў, каб нешта сказаць.
За яе адказаў Віцька:
– Яна з намі яшчэ ў мінулым годзе ў футбол гуляла, Васіль Яўменавіч. І сукенку ніколі не носіць. Ёй трэба было хлопцам нарадзіцца…
– Кім нарадзілася, тым вырасцеш, – падміргнуў быццам дзед Жэньцы. – Ну, больш людзей – будзе весялей.
– Так, адно, будзем лічыць, вырашылі, – працягваў свой даклад Віталь. – Мы сабраліся і вас ад працы адарвалі па той яшчэ прычыне, што Віцька ў Інтэрнэце знайшоў нейкі дакумент, дзе пішацца пра Ведзьміну тоню, і хоча яго агучыць абавязкова вам…
Дзед Васіль насцярожыўся, уважліва глянуў на Віцьку.
– Дзе знайшоў? Што там пра тоню?
– Інтэрнэт… – пачаў Віцька, не ведаючы, як можна патлумачыць старому чалавеку, што такое Інтэрнэт. – Ну, ёсць камп’ютэр. Гэта як тэлевізар амаль. Толькі па тэлевізары перадае адна станцыя, а ўсе глядзяць. А я магу нешта надрукаваць, фотаздымак паставіць у камп’ютэр, і гэта можа прачытаць і пабачыць любы чалавек у любой кропцы зямлі. Вось такая сістэма, каб можна было абмяняцца інфармацыяй з любым і кожным і завецца Інтэрнэтам. Сёння ў свеце шмат якія газеты перадаюцца праз Інтэрнэт. Не трэба купляць – уключыў і праглядвай. Ну, яшчэ ёсць пошук. Розных дакументаў так многа, што цяжка знайсці патрэбны. А пошук для таго… Напрыклад, нам трэба адшукаць усе дакументы, дзе сустракаецца слова “тоня”. Пішам яе, ціснем – і усе дакументы з гэтым словам нам паказваюцца…
– Бач, да чаго людзі дадумаліся, – пакруціў галавой стары. – То хутка мне газет не будзе на самакруткі…
Засмяяліся, а Віталь упэўнена сказаў:
– Што вы, паперу нішто ніколі не заменіць! Камп’ютэр – раз і зламаўся! І ўсё, што там было, – прапала. Ну, праўда…
– Не перабівай! – спыніў яго Сяргей. – Хай Віцька гаворыць.
– Ага, кажы!
– Дык вось, – працягваў Віцька. – Я адшукаў у Інтэрнэце нейкую нямецкую газету. Пераклад няўдалы, думаю, што гэта газета невялікага горада. Зрэшты, гэта не мае значэння, што за газета, і што за горад. Там быў надрукаваны вось такі артыкул дзевяць гадоў таму. Гэта інтэрв’ю…
Віцька, відавочна хвалюючыся, палез у нагрудную кішэню, выцягнуў складзеныя ўчацвёра лісты белай паперы.
Раптам наступіла цішыня – было чуваць, як распрамляюцца лісты ў Віцькіных руках. Яго хваляванне перадалося іншым – усе зразумелі, што Віцька адшукаў нешта сур’ёзнае. Такое сур’ёзнае, што не мог сказаць нікому з іх аднаму. А толькі ўсім разам…
– “Двойчы памерлы”, – пачаў чытаць Віцька.
“Літаральна за тыдзень да свайго знікнення пан Пітэр Даўчэль раскрыў страшную тайну свайго жыцця.
Наш карэспандэнт не выпадкова звярнуў увагу на гэтага старога: усё жыццё ён пражыў адзін сярод нас, быў маўклівым і не таварыскім. Але і ўпікнуць яго ў нечым было нельга. Мажліва, гэты чалавек, не этнічны немец, а выхадзец з усходу, славянін, так і не змог зжыцца з намі. Ён не жаніўся, у яго не знайшлося родных. Ён быў добрым рабочым на фабрыцы. І калі звярнуўся ў мэрыю са сваёй просьбай, тут было чаму здзівіцца. Пан Пітэр Даўчэль прасіў, каб мэрыя набыла яго дом пасля смерці, усю яго нерухомасць. А грошы пакласці на рахунак, які ён таксама завяшчаў мэрыі з той умовай, што 10% сумы застаецца ў мэрыі, а астатняе мэрыя павінна перавесці ў Беларусь на рахунак любога дзіцячага дома!
Пан Пітэр Даўчэль згадзіўся адказаць на пытанні нашага карэспандэнта з адной умовай: пры яго жыцці нічога не павінна быць надрукавана.
На мінулым тыдні мы змаглі палічыць яго мёртвым – аб гэтай загадцы ў канцы. Калі ў мэрыі паглядзелі на рахунак… Не маем права раскрываць фінансавую тайну, але, як аказалася, пан Пітэр Даўчэль збіраў сродкі усё сваё жыццё! Можаце ўявіць…
Прапануем увазе спадарства частку адзінага і апошняга інтэрв’ю з гэтым чалавекам.
…– Вы добры гаспадар, законапаслухмяны, фізічна здаровы, у сэнсе – нармальны чалавек, без заганаў… Чаму вы не жаніліся? Я ведаю, вы – славянін. Вам не падабаюцца немкі?
– Вы кажаце глупства. Мне падабаюцца нямецкія жанчыны. Але мёртвы не можа жаніцца.
– Э-е… выбачайце, не зразумеў. Вы – мёртвы?
– Так, я памёр у 1943 годзе. Я замерз у балоце.
– Чакайце, чакайце, я зараз з глузду з’еду. Як гэта – вы замерзлі, калі вы перада мной! У якім такім балоце!
– У балоце Ведзьмінай тоні.
– О, пан Даўчэль, ну патлумачце хутчэй, а то мне ужо страшна…
– Няма мяне чаго баяцца… У 1943 годзе я быў маладым партызанам, які з трыма сваімі таварышамі ратаваўся ад карнікаў сярод балота.
– О, мой Бог! Вы былі партызанам?
– Так, быў…
– Але як атрымалася, што вы – тут… І – нежывы, як вы кажаце…
– Нашай групе не пашанцавала – нас накрыла мінамётным агнём. Аднаго раніла. Потым заблукалі. Доўга былі без вады і ежы. Абмарозілі рукі і ногі… Неяк выйшлі на востраў – цвёрдае месца сярод балота. Там знайшлі зямлянку – нашы таварышы былі тут і пайшлі за два-тры дні да нас. Зямлянка была вялікая, мы вырашылі адпачыць крыху і выбірацца. Двое маіх сяброў пайшлі на бераг вострава – мы бачылі, што там да нас рабілі лункі, лавілі рыбу. Мы хацелі есці. Яны налавілі рыбы, але перад берагам лёд трэснуў, і абое праваліліся ў багну. У самы вялікі мароз нельга верыць балоту… Яны прыйшлі ў зямлянку, пакрытыя лёдам. Я распаліў агонь, хоць стаяў сонечны дзень і гэтага нельга было рабіць.
К вечару сябры ўсё адно ляжалі з тэмпературай. Нашаму раненаму стала таксама вельмі дрэнна. Раніцай ён не прачнуўся. Я пахаваў яго недалёка ад зямлянкі. Там была нейкая яміна, выварацень. Прама ў яме распаліў касцёр, каб растала зямля. Я зусім забыўся на тое, што вакол балота – карнікі. Мне здавалася, што раз нашы пайшлі адсюль, значыць, блакада знята.
…Вечарам задыхнуўся ў кашлі яшчэ адзін мой сябар. Назаўтра я раскапаў магілу, зацягнуў у яе яшчэ адзін труп. Я не памятаю, еў я што ці не. Я памятаю адно, што цягаў трупы да той ямы, паліў побач касцёр, каб набраць зямлі, закопваў. Я пахаваў усіх траіх. Нацягаў камянёў, якія былі побач з зямлянкай – іх адкідвалі, калі капалі зямлю. Асобна схаваў зброю.
Потым на востраў абрушыўся шквальны мінамётны агонь. Секлі кулямёты – навылет. Здаецца, я страціў быў прытомнасць ад аднаго ўзрыву. Бо ачнуўся ад удару ў бок – карнікі выцягнулі мяне з зямлянкі. Яны прыйшлі сюды, бачачы не адзін раз дым ад маіх кастроў. Яны не застрэлілі мяне на месцы па адной прычыне – дарога, па якой яны прыйшлі на гэты востраў, была разбурана ўзрывамі іх жа мінамётаў.
Я мала што ўсведамляў ад голаду і холаду. Здаецца, мне сказалі выходзіць з вострава, і я пайшоў. Як я знаходзіў праходы сярод акон, трапляючы на кладкі – не ведаю. Не памятаю, як выйшлі. Памятаю, што ачнуўся ў шпіталі – пахла лекамі. Потым да мяне прыйшоў у цывільным адзін чалавек. Казаў па-руску. Казаў, што я здраднік. Што я дапамог доблесным войскам Германіі адшукаць у балоце бандытаў. Што быў правадніком карнага атрада. І паказаў мне здымак. Там сапраўды быў я. Я ішоў праз балота наперадзе, за мной – ланцуг карнікаў. Ён спытаў мяне, як маё імя. Я адказаў, што я Андрэй, бо так звалі майго сябра, які памёр апошнім. Гэты ў цывільным сказаў мне, каб я хутчэй папраўляўся – мяне адправяць да партызан. У мяне няма выйсця: альбо я буду супрацоўнічаць з карнікамі, альбо мяне расстраляюць свае як здрадніка.