Дзед Васіль усміхнуўся сам сабе, пыхкаючы раз-пораз смуродным дымам. Сядзелі пад яблыняй у садзе дзеда, елі яблыкі.
– Ну, не будзем далёка загадваць, – прытрымаў дзед Васіль планы Віталя. – Раптам дождж, тое ды сёе... Ты бацьку казаў, каб пад’ехаў?
– Ага, я яму патлумачыў, што трэба. Ён абяцаў сёння ў старшыні папытаць і вечарам пад’едзе да нас, каб дамовіцца, – дакладваў Віталь. – А добра, што вы з намі! – не змог хаваць радасці ён. – Мяне ні за што б не адпусцілі аднаго ці нават з кім, калі б без дарослых.
– Ну, добра, – яшчэ нешта хацеў сказаць дзед, але тут з боку вуліцы пачуўся характэрны піск тармазоў.
– Старшыня прыехаў... – зазначыў са спалохам Віталь, быццам прыезд старшыні мог нейкім чынам паўплываць на іх планы.
І як адчуваў!
На самай справе праз хвіліну ў садок зайшоў старшыня калгаса Мікалай Рыгоравіч. Насустрач яму падняўся дзед, і хлопцы паўскоквалі.
– Ды сядзіце, Васіль Яўменавіч, – старшыня хутка падышоў, моцна паціснуў руку дзеда Васіля. – Здаровы былі, хлопцы, – ён працягнуў руку Віталю: – Вітаю, юны географ! А з табой давай знаёміцца: Мікалай Рыгоравіч Зарэмба, старшыня калгаса, – ён працягнуў руку Сяргею.
Сяргей таропка церануў далонь аб штаны:
– Сяргей. Корзун... – і нехаця дадаў: – Зойчын, калі па-простаму...
– Зоі Корзун? – Мікалай Рыгоравіч кіўнуў у бок хаты Сяргея.
– Так.
На нейкае імгненне вочы старшыні сталі сур’ёзна задуменнымі.
– Ну, добра, рэшым і там... – Мікалай Рыгоравіч азірнуўся вакол: – Прысесці дазволіце, Яўменавіч? І яблык з’есці, паверце, у гэтым годзе не еў...
– Ды сядайце сабе, – дзед Васіль сеў сам, кіўнуў старшыні на другі зэдлік. – Падай, Сяргей, кошык Рыгоравічу...
– Такая справа, – пачаў старшыня, адкусваючы яблык. – Няма мётлаў у мяне, Яўменавіч. А на ферме без мятлы... Зарасцем смеццем. Вось і прыйшоў да вас: у вас, бачу памочнікі ёсць, то звязалі б мне, ну, штук з дваццаць пакуль. А ўсяго недзе паўсотні трэба, няхай будуць на запас... Работу, зразумела, аплачу.
– Ну, мятла – справа няхітрая. За сёння-заўтра, я думаю, з дапамогай хлопцаў зробім два дзесяткі.
– От і добра. Я скажу загадчыку фермы, каб заўтра к вечару да вас заехаў, так?
– Няхай заязджае, – кіўнуў дзед Васіль і паглядзеў на Віталя з Сяргеем: – Што, хлопцы, дапаможам? Не перажывайце, наша справа не ўцячэ, паспеем.
– Тады – да пабачэння, – лёгка ўзняўся з зэдліка старшыня, паглядзеў на яблыкі і не ўтрымаўся: – Вазьму з сабой пару, надта смачныя! – і засмяяўся.
У гэты час у садок зайшлі баба Адарка з Нэлай.
– Дзень добры! – павітаўся Мікалай Рыгоравіч. – Унучка?
Ён прысеў перад Нэлай, хітравата прыжмурыўся:
– Ну, як завуць такую прыгажуньку?
– Добрага здароўечка, – павіталася баба Адарка. – Не ўнучка, гэта сястрычка вось Сяргея. Не размаўляе яна, Рыгоравіч... Як злякалася з маленства, цяпер маўчыць.
– А дзе напужалася?
– А сярод п’яніц і даросламу чалавеку страшна, – махнула ў адчаі рукой баба Адарка. – А дзіця напужаць – ці многа трэба.
– Так, – зноў спахмурнеў старшыня. – Ты цяпер сястру глядзіш? – павярнуўся ён да Сяргея.
Той моўчкі кіўнуў, а Нэла падбегла да Сяргея, абхапіла за нагу і выглядвала з-за хлопца, з цікавасцю сочачы за старшынёй.
– Так, – яшчэ раз паўтарыў Мікалай Рыгоравіч. – Разбярэмся.
Ён ужо зрабіў крок, каб ісці, ды павярнуўся да дзеда Васіля.
– Яўменавіч, я Антону Аўдзееву дазволіў пасля работы. Вам там нешта завезці некуды трэба?
– Ды з хлопцамі вось задумалі... Дзякуй, Рыгоравіч.
– І што задумалі, калі не сакрэт? – спытаў старшыня хутчэй з ветлівасці, чым цікавячыся.
– Плыт мы рашылі пабудаваць. І на Ведзьмінай тоні паплаваць.
– Плыт? На Ведзьмінай тоні? Гэта... Гэта ў балоце? – здзіўленне і недавер гучалі ў словах Мікалая Рыгоравіча. – Вы сур’ёзна?
– А што ж, сур’ёзна, – крэкнуў дзед Васіль, дастаў сваю бляшанку з тытунём, але адклаў яе ў бок. – Сяргей вось рыбы налавіць хоча, Віталік – астравы на карту накласці, а я – сяброў сваіх наведаць.
– Якіх сяброў?
– Ды было ў вайну: у час блакады невялікі наш атрад ад немцаў адарваўся, два месяцы ў балоце на востраве прасядзелі. Галадалі, толькі рыбай харчаваліся... Чацвёра там засталіся, і аднагодак мой... Вось... Паплывём, магілу, можа, адшукаем... Шэсцьдзесят год прайшло... Крыж паставім, ці помнік – ваенным жа помнікі ставіць трэба... Ссячом адзін дубок. Пакуль вось рукі сякеру трымаюць ды памочнікі вось адшукаліся...
– Ну, справы... Шэсцьдзесят год на магіле ніхто не быў?
– А як тут пабудзеш? – развёў рукі дзед Васіль. – То во нядаўна асушылі, дык да першага вострава дайсці можна стала. А раней – багна усюды... Ды толькі цяпер во даведаліся хлопцы, што ёсць пахаваныя на адным востраве. Раней думалі – у багне прапалі…
– Справа... – працягнуў задумліва старшыня. – Азадачыць вас ехаў, а вы мне толькі задач наставілі...
– Ды што вам клапаціцца, Рыгоравіч? Вось бацька Віталі нам сёе-тое падкіне, наколькі можна да вострава, там перанясём, ды ўсе справы...
– Не, Яўменавіч, не ўсе гэта справы, – адмоўна і цвёрда пакруціў галавой старшыня. – Гэта ўвогуле не справа, калі магілу партызан раз у 60 год наведваюць, калі яны ў балоце пахаваны... Вы не думалі, каб перазахаваць? – нечакана спытаў ён.
– Перазахаваць?.. – задумаўся на хвіліну дзед Васіль і ўзяўся ўсё ж круціць сабе цыгарку. – Яно б было правільней, – загаварыў ён, набіваючы тытунь у паперу. – Усе ж нашы землякі, вяскоўцы…
– Ну, тады два дні вы пачакаеце, мётлаў мне навяжаце, а за гэты час мы абмазгуем справу больш сур’ёзна. Да пабачэння, бывайце, хлопцы.
Загуў матор, у садзе зноў стала ціха. Дзед Васіль аб нечым думаў, зацягваючыся тытунём. Нарэшце ён дакурыў, глянуў на прыціхлых Сяргея і Віталя.
– Што, мальцы, здаецца, пачалі мы з нічога, а справа аказалася вунь якой... Ну, будзем жыць – пабачым. А цяпер давайце пакуль мётламі зоймемся. Значыць, за вёскай, там дзе сметнік, маладыя бярозкі параслі... то дам я вам два вялікія нажы. Насечаце мне голля. Я пакуль ручкі для мётлаў пашукаю. Акуратна голле сячыце, бярозак не глуміце, ніжняе толькі... З ранку заўтра прыходзьце…
– От, стары, няма табе спакою, – з лёгкім асуджэннем прагаварыла баба Адарка. – Сядзеў бы ды яблыкі рэзаў...
– Парэжам і яблыкі, – адмахнуўся дзед Васіль. – Зробім усё, абы было здароўе...
Назаўтра раніцай Сяргей з Віталем ішлі вуліцай па бярозавае голле нейкі час моўчкі.
– Слухай, на самай справе, так усё павярнулася! – у захапленні сказаў Віталь.
– Што, ты ўжо аб тайне астравоў не думаеш? – усміхнуўся Сяргей. – Гарачы ты надта.
– Ды нічога я не гарачы. Астравы нікуды ад нас не дзенуцца... Уяўляеш, калі на самай справе трэба будзе перазахоўваць партызан...
– Не ўяўляю, я такога ніколі не бачыў.
– І я не бачыў... Магілу раскопваць будуць...
– Хто будзе? – прыпыніўся раптам Сяргей.
Віталь паціснуў плячыма.
– Не ведаю... Нам жа не дадуць...
– Чаму не дадуць?
– Не ведаю… Я па тэлевізары неяк бачыў, то там дарослыя былі, нейкі спецыяльны атрад…
Рэзалі вецце з бярозак, здаецца – на дваццаць мётлаў хапіла б, ледзь прынеслі. А дзед Васіль глянуў – сказаў, на пяць штук. Тады Віталь узяў свой мапед. Пакуль Сяргей наразаў вецце, ён адвозіў вязанкі на надворак дзеда Васіля. Наскладвалі добрую гару.
Нэла прабыла з бабай цэлы дзень: ірвалі казе пустазелле, збіралі яблыкі, кармілі куранят. Вячэраць усіх запрасіла баба Адарка: гарачыя бліны з яешняй.
Сяргей клаўся спаць у сваім будане, адчуваючы, што яго жыццё напаўняецца нечым важным, змястоўным. Увесь заўтрашні дзень быў распісаны: што рабіць і калі. Хвіліны вольнай не заставалася.
А з хаты зноў даносіліся абрыўкі п’янай лаянкі. Маці ён не бачыў ужо тры дні. Яна не падыходзіла да будана...