Выбрать главу

– А што, унучак, хіба чым не дагадзіла? – спужалася старая.

– Ат, сумна, дождж ідзе. Прыеду, як цёпла будзе. Я на тыдзень. А то ні ў лес, ні на рыбу… – адмахнуўся Эдзік. – Аўтобус праз гадзіну будзе?

– Дык чакай, чакай, я ж не пакарміла цябе, – замітусілася старая. – Во яешню свежую з каўбасой засмажу…

– Ну, давай сваю яешню, – Эдзік кінуў свой пакет на канапу, плюхнуўся сам. – Яешня і яешня, нічога больш не прыдумаеш, – прабурчаў ён ціха, так, што занятая ля газавай пліты баба Наста яго не пачула.

“Трэба будзе грошай у бабы спытаць. Скажу, не хапае. Хай дае, куды яна пенсію дзявае? Колькі дасць. А лішні рубель замінаць не будзе”.

Але спытаць пра грошы Эдзік не паспеў – бабуля сама, як толькі паставіла на стол гарачую патэльню з яешняй і каўбасой, заспяшалася ў сваю бакоўку і вярнулася адтуль з ружовай паперкай.

– На, унучак, на дарогу ды купіш сабе што смачнае, я ж старая, не ведаю, што табе купляць… Вось не дагадзіла, паедзеш, худы зусім, сумны…

Эдзік узяў грошы – ажно дзесяць тысяч! І трохі ніякавата яму стала, што старая так перажывае.

– Ды ўсё добра, усё смачна, проста мне сумна крыху, не прывык я яшчэ…. Вось пабуду тыдзень дома, прыеду на ўсё лета, – казаў Эдзік, перажоўваючы хлеб, а сам думаў аб тым, як проста вырашылася пытанне з грашыма для атруты: тут хопіць, каб два разы ўсю копанку заліць!

Праз паўгадзіны ён падаўся на прыпынак аўтобуса. Ён быў адзін, хто чакаў аўтобус ля старога разлапістага каштана ў такое надвор’е: дождж не ішоў, але ў паветры літаральна віселі драбнюсенькія кроплі вады. Было зусім па-восеньску холадна і цёмна ад нізкіх хмар. Эдзік перасмыкнуў плячыма, уцягнуў галаву ў плечы, хаваючы карак ва ўзняты каўнер курткі. Паправіў кепку, незнарок крануў гузак на галаве, і той адазваўся забытым ужо болем.

Злосць зноў успыхнула ў сярэдзіне грудзей: “Ну, чакайце майго прыезду!”

З-за павароту паказаўся блішчасты ад вады аўтобус. Ад прадчування цёплага і сухога салону стала лягчэй і ўтульней на душы. Ды яшчэ думка аб вяртанні сюды сапраўдным мсціўцам супала са з’яўленнем аўтобуса. “Добры знак”, – падумаў Эдзік.

Паўтары гадзіны да райцэнтра ён спаў – змарыла ад пагойдвання і роўнага вуркатання рухавіка. Ды яшчэ цёпла і зацішна…

Бацькі дома не было. І што маці дома не было, заўважыць можна было адразу: пыл паўсюдна, нямытыя талеркі ў ракавіне і – вось чаго ніколі не пабачыш, як маці дома – попельніца на падаконніку на кухні, а ў ёй – гара недакуркаў.

Затое ў халадзільніку – аж пяць пачак пельменяў. Гы, бацька толькі імі і харчуецца. Эдзіку таксама пельменяў захацелася – ажно слінкі пацяклі.

Разумны бацька, што такую ежу любіць: гатаваць проста. Нават Эдзіку не праблема.

Адварыў сабе, колькі схацеў, густа зверху паліў смятанай (таксама ў халадзільніку тры пакеты), наеўся.

Уключыў тэлевізар, заваліўся на канапу, пстрыкаў пультам. 18 каналаў – нешта заўсёды выбераш. Так і заснуў на канапе, не распранаючыся. Яму снілася копанка: вада ў ёй стала сіняя, а рыба выпаўзала на бераг – зялёная і чорная. Страшная. А Эдзіку было не страшна – ён смяяўся ў сне і, мабыць, ад гэтага і прачнуўся.

Было ранне. На кухні шумела вада з крана. Эдзік падхапіўся, думаў, што гэта ён забыў закруціць. Але то быў бацька.

– Што ты прыехаў? Засумаваў? Ці з бабай пасварыўся? – бадзёра спытаў бацька, мыючы ў ракавіне марожаную рыбу – хацеў, відавочна, хутчэй пачысціць і насмажыць.

Нешта было ў яго голасе штучнае – мо гэтая бадзёрасць, але Эдзік не надта надаў гэтаму ўвагу.

– Ды не, там дождж, цэлы тыдзень абяцалі. А мне баба… грошы дала, думаю, пагуляю тут у клубе, потым зноў паеду..

– Ну, глядзі мне… – незразумела чаму прыгразіў бацька і нечакана амаль па-змоўніцку хутка спытаў: – Ці мо гэта маці табе наказала, каб ты неспадзеўкі сюды наязджаў?

Эдзік уздрыгнуў. Ён памарудзіў з адказам, стараючыся разабрацца ў апошніх бацькавых словах, знайсці там нешта тое, што было галоўным. Не, не выпадкова бацька так спытаў, значыць, ёсць (ці было!) у хаце нешта, аб чым маці ведаць не павінна. Ну, курыць бацька на кухні і ў пакоі (попел ад цыгарэт Эдзік на падлозе пабачыў), але ж не будзе так бацька з-за цыгарэт хвалявацца. А ён нервуецца, вунь як рыбу шкуматае. Попельніца была поўная.. Стоп! У попельніцы быў адзін недакурак…

Эдзік зірнуў на акно – і бацька павёў позіркам услед.

Попельніца была чыста вымытая.

А ўчора… Там быў адзін недакурак, які не мог застацца пасля бацькі. Доўгі тонкі белы фільтр напалову спаленай цыгарэты. А на белым фільтры – нешта ружовае. Можа, і памада для вуснаў…

Эдзік успомніў гэта яскрава. І – усміхнуўся

– Маці мне многа чаго казала, – ён пераможна глянуў на бацьку.

Бацька адвёў вочы ўбок.

– Ну, мыйся, я снеданне згатую…

Снедалі моўчкі. Бацька хутка пераапрануўся, хоць, як раней, то павінен быў бы легчы спачываць: суткі ж працаваў.

– Пельмені там у халадзільніку, рыбы я насмажыў, як захочаш чым паласавацца, то вось, – бацька паклаў на стол дзве буйныя купюры. – А мне на базу трэба, там…сход сёння.

І выйшаў з кватэры.

Столькі грошай Эдзіку не давалі дома ніколі. Ажно дваццаць тысяч! Сорак гадзін у клубе на кампьютэры гуляць можна!

Грошы былі ў кішэні, і разам з імі прыйшла думка: а яго, Эдзіка, купілі. Бацька купіў. Каб не надта ўспамінаў, што ён у попельніцы бачыў. Ну і няхай. Падманваць ён нікога не збіраецца: ні маці, ні бацьку. А маўчанне – не абман. Ды і можа яму там здалося…

Праз гадзіну пайшоў у кампўютэрны клуб. Гуляў мо гадзіны тры, аж рукі забалелі. Але шкада было адразу столькі грошай траціць ды яшчэ і атруты не купіў. Пахадзіў па міні-рынку. Атрута была розная, але не такая і дзяшовая, як Эдзік думаў. Калі браць столькі, колькі, як ён палічыў, трэба, то не будзе за што і гадзіну яшчэ пагуляцца за камп’ютэрам. Неяк усё разладжвалася. І тут, у горадзе, пасля смачнага снедання, адчування грошай у кішэні, камп’ютэрнага клуба не такім ужо галоўным стала здавацца яго помста. Хай сядзяць тыя дурні ў сваім балоце…

Ногі самі яго прынеслі да будынка, у якім размяшчалася рэдакцыя Юрыя Барысавіча. “Зайду, павітаюся. А раптам у яго справа якая будзе… Мо і так дасць за камп’ютэрам пасядзець…”

Дзядзька Эдзікаў – стрыечны брат маці – сядзеў у сваім кабінеце. Невысокага росту, хударлявы, падцягнуты, з невялікай лысінай ён выглянуў з-за шкельцаў акуляраў, узняўся з-за стала насустрач:

– Вітаю, вітаю…Што прывяло цябе ў рэдакцыю? Што, сумна? – ён паціснуў Эдзіку руку, паказаў на крэсла побач са сталом. – Сядай…

Прыемны чалавек, што казаць.

– Сумна. І грошай каб зарабіць…

– А на што табе грошы?

– А шмат на што. На камп’ютэр, на жуйкі, дыск новы хачу купіць..

– Зразумела… Маладое пакаленне выбірае волю. Добра, добра… А што табе той клуб – прыходзь, гуляй. Палова рэдакцыі ў водпусках, сядай за любы камп’ютэр, які вольны, – шырока павёў рукамі Юрый Барысавіч. – А з грашыма складаней. Грошы зарабляюцца. У наш час грошы можна зарабляць тысячамі спосабаў. У наш час іх можна зарабляць так, як раней ніколі не зараблялі.

– Гэта чаму?

– Раней інфармацыя не каштавала так дорага. А цяпер каштуе. Вось, напрыклад, як толькі ў прыёмны пакой бальніцы прывязуць каго з раненнем ці з дарожнага здарэння – мне адразу ж тэлефануюць. Думаеш, чаму? А таму, што інфармацыя каштуе грошай! Хто ёй валодае, той можа яе прадаць!

– І вы … плаціце за тое, што вам патэлефануюць? Але навошта?

– Каб усё ведаць, даражэнькі. Будзеш ведаць – будзеш друкаваць. Будуць чытаць. А будуць чытаць – будуць купляць. І мне гэтыя грошы вернуцца ўтрая. Вядома, я плачу работніцам прыёмнага пакоя, ёсць у мяне яшчэ надзейныя людзі ў такіх месцах, адкуль мне інфармацыю трэба атрымліваць адразу, без затрымкі. Вядома, плачу я неафіцыйна. Але гэта не галоўнае. У цябе ёсць мне што прадаць?

– Што прадаць?

– Дзівак-чалавек. Я купляю толькі адно: інфармацыю. У цябе ёсць інфармацыя, каб мне яе прадаць?

– Ды не… Я не ведаю, што вам трэба… Ну, што цікава, што не. Каб вы сказалі, я б збіраў… – разгубіўся Эдзік.