Эдуард Барысавіч засмяяўся – шчыра, радасна.
– Эх, хлопец, хіба ж я ведаю, што цікавага ты ведаеш? Ты ж не ў міліцыі працуеш, каб я табе дакладна сказаў, пра што мне расказваць… Добра, давай вось так: ты, наколькі я помню, у вёску збіраўся. Вось ты там быў?
– Быў, – паціснуў Эдзік плячыма. – Але што там цікавага?
– Гэта мы зараз і паглядзім… ну, давай, расказвай аб усім.
– Як – аб усім?
– А вось давай аб усім – з пачатку і да канца. Як прыехаў, як паехаў. Давай, давай, не саромейся, – падбадзёрыў Юрый Барысавіч.
– Ну, прыехаў, пайшлі на копанку…
– Мы – гэта хто?
– Ну, я, Віцька там ёсць, аднагодкі мы, і Віталік, чыкануты трохі, карты складае… Яны збіраюцца плыт пабудаваць…
– Ну, далей… пайшлі вы на копанку…
– А там сустрэлі нямко. Гэта дзяўчынка пяці гадоў, размаўляць яна не ўмее, з ёй там быў інтэрнацкі, брат яе, прыехаў. Маці іх п’яніца …
Эдзік пачаў расказваць, вядома ж, прапускаючы цэлыя эпізоды са свайго тыдня ў вёсцы, дзе і мяняючы што, і сам не заўважыў, як захапіўся.
– А плыт яны вырашылі пабудаваць з бутэлек!
– З бутэлек, кажаш… цікава… – першы раз перабіў яго Юрый Барысавіч. – Цікава…
– Што, інфармацыя? – зацікаўлена спытаў Эдзік
– Ну, вядома, плыт на балоце, магіла, пошукі… Інфармацыя, але трошкі не такая, якая трэба для мяне. Для другой газеты – інфармацыя.
– А калі прадаць?
Юрый Барысавіч засмяяўся:
– Газеты, якім такая інфармацыя трэба, яе ў цябе купляць не будуць. Там зусім іншыя…м-м-м… крытэрыі ацэнкі. І гэта ўсё?
– Ага, – закончыў сумна Эдзік, прадчуваючы, што у яго расказе нічога каштоўнага для дзядзькі не знайшлося. – Бутэлькі яны зносяць да будана, у якім нямко з інтэрнацкім жывуць. Там іх штаб.
– Што? – раптам ажывіўся дзядзька. – Хто дзе жыве?
– Нямко і яе брат, Сяргей… будан у садзе стаіць, там яны і спяць, нават, я бачыў, печку сабе зрабілі, есці варыць. Бо ў хаце там п’яніцы збіраюцца, – Эдзік паціснуў плячыма, гледзячы ў вочы за акулярамі, якія нечакана сталі літаральна пабліскваць.
– Ты хочаш сказаць, што гэтыя дзеці жывуць у садзе, у будане, у той час, як у хаце п’яніцы ладзяць балі? – выгаварыў Юрый Барысавіч кожнае слова паасобку, цвёрда. – Так?
– Так, я ж сам бачыў. Падглядваў…
– Вось!
Дзядзька пляснуў далонню па стале, адкрыў шафу, дастаў бутэльку з мінеральнай вадой.
– Ты зразумеў? Зразумеў, дзе пачынаецца інфармацыя?
– Не-а, – разгублена, але і радасна паківаў адмоўна галавой Эдзік.
– Інфармацыя пачынаецца там, дзе пачынаецца гаворка аб тым, што не так, не тое, не туды, не цяпер! Усё ў цябе звычайна, усё заканамерна. А вось што дзеці пры жывых бацьках у наш час, праз шэсцьдзесят год пасля вызвалення спяць на двары – вось не тое і не так. Уцяміў?
– Ага! – падскочыў радасна Эдзік. – Так проста…
– Не ўсё так проста, – пасур’ёзнеў дзядзька. – Атрымаць інфармацыю – адно. Галоўнае – як яе падаць… Але то ўжо справа не твая… так, выбачай, але ў нас так: разлічуся я з табой, як усё праверым. Так, дзе там твая вёска, дзе там твой дом? Хаця, чакай: а калі я цябе ў камандзіроўку туды пашлю, га?
– Паеду! – адказаў з запалам Эдзік.
Эдуард Барысавіч выйшаў з кабінета, махнуўшы рукой, каб Эдзік яго чакаў, хутка вярнуўся, але ўжо не адзін. З ім быў хлопец гадоў 18-ці, цыбаты, бялявы.
– Так, гэта Эдзік, – пачаў Юрый Барысавіч. – А гэта – мой карэспандэнт Валодзя Гілюк. Пазнаёміцеся пазней. Значыць, вам паўгадзіны, каб дамовіцца. Хочаце – сёння вечарам, хочаце – заўтра раніцай, але каб заўтра да абеду ў мяне былі здымкі гэтага будана ў садку. Валодзя: зразумела, што на здымку павінны быць брат і сястра, і павінна быць бачна, што яны тут жывуць. Э-е-е, здаецца, не тыя там людзі, каб табе пазіраваць, таму сам можаш там зусім не паказвацца. Толькі не трэба мне шчаслівай усмешкі сытага дзіцяці, – голас Юрыя Барысавіча стаў рэзкім, сказы кароткімі, як загады. – Трэба сляза няшчаснага дзіцяці. Тэксту – 20 радкоў. У сельсавеце не паказвацца. Імя і прозвішча маці – у вяскоўцаў. Імёны дзяцей – у вяскоўцаў. І каб блізка не ведалі, адкуль ты. Карацей, у мяне павінны быць здымкі і ўсё неабходнае для падтэкстоўкі, але ты там не быў, цябе ніхто не бачыў. А то заўтра ж прыбяруць будан… Эдзік, ты там – праваднік. Ганарар плачу трайны, як усё пацвердзіцца і будзе добры здымак.
– Калі ехаць, Юрый Барысавіч? – спытаў карэспандэнт, падкрэсліваючы пры гэтым, што ехаць ён гатовы хоць вось зараз.
– Падумаем… Аўтобус вечарам ідзе ў колькі? – спытаў дзядзька Эдзіка.
– У 17.40. Там ён 20 хвілін пасля 19-ці.
– Так… Значыць, едзеце сёння, начуеце…
– У маёй бабулі! – падказаў Эдзік
– Згода, так і робіце. А ранкам робіце здымкі. Ёсць там дзе схавацца?
– Ёсць. Там слівы густа растуць, можна залезці і пасядзець.
– А вылезці незаўважна?
– Можна, я ж сядзеў…
Юрый Барысавіч нечаму ўсміхнуўся, павярнуўся да карэспандэнта:
– Глядзі там, Валодзя. Бярэш новы лічбавы фотаапарат. Каб усё было чыкі-чыкі. Падыдзі да бухгалтара, скажы, што я загадаў выдаць табе камандзіровачных паўсотні. Ідзіце…
Эдзік быў узрушаны – вось гэта будзе справа! Праўда, яго энтузіязм крыху патух, калі ён пабачыў абыякавы твар Валодзі. Той неяк умомант скіс, як толькі выйшлі з кабінета рэдактара.
– Сабачая работа, – толькі і прамовіў ён ціха сам сабе два словы, пакуль ішлі да аўтавакзала.
Эдзік прамаўчаў, здзіўлена глянуўшы на Валодзю: такая работа цікавая, плацяць грошы, чаго ён незадаволены? Яму б такую работу: пстрыкнуў фотаапаратам, напісаў тры радкі – і атрымлівай грошы…
Валодзя, як толькі аўтобус крануўся, прыткнуў галаву да акна аўтобуса і закрыў вочы. Усім сваім выглядам ён паказваў, што не збіраецца размаўляць.
Эдзік пакрыўдзіўся: гэта ж дзякуючы яму, Эдзіку, гэты Валодзя можа зрабіць здымкі, якія спадабаюцца рэдактару, можа атрымаць грошы –“трайны ганарар”, а вось глядзі ты, ні кроплі ўвагі.
Аб такіх адносінах Валодзі трэба абавязкова расказаць Юрыю Барысавічу…
Эдзік спадзяваўся, што будзе куды як цікава. Але атрымалася не вельмі і прыемна. Сказаў бабе Настусі, што ў Валодзі – тэрміновае заданне. А якое – сакрэт. Ну, Юрый Барысавіч жа папярэджваў. А гэты Валодзя як сеў за стол з яечняй – усё расказаў. І што з газеты, і што здымкі рабіць трэба. Добра, што хоць не сказаў, каго здымаць будзе.
Эдзік прапаноўваў пайсці і схавацца на ноч,
– Я не такі дурны, – адрэзаў Валодзя і заваліўся спаць, хоць было каля дзесяці гадзін вечара, яшчэ відно зусім.
У палове шостай іх пабудзіла баба Настуся, як яе папярэдзілі. Напрамкі праз агароды Валодзя ўслед за Эдзікам зайшоў ў сад дзеда Васіля, з яго – у той кут сада Сяргея, дзе раслі слівы. Чакаць давялося не так і многа. Сяргей прачынаўся рана, ды і Нэла хутка выглянула з будана.
– Эх, самому б паспаць у такім будане, – прыгаворваў з зайздрасцю Валодзя, шчоўкаючы апаратам. – У кватэры такая духата, ноччу спаць нельга. Ну, хопіць, вядзі назад, Сусанін, на аўтобус яшчэ паспеем…
Непрыкметна яны вылезлі з кута адразу на вуліцу – тут не было агароджы.
…Праз дзве гадзіны ў рэдакцыі на камп’ютэры яны разам: Эдзік, Валодзя і Юрый Барысавіч разглядалі здымкі.
– Цудоўна, проста цудоўна… – паціраў ад задавальнення рукі дзядзька. – Ставім у нумар. Эдзік, вось ты нам прынёс інфармацыю дык інфармацыю! Валодзя, давай мне даныя на дзяцей, сам падрыхтуй наступнае: колькасць дзяцей у дзіцячых школах-інтэрнатах у раёне, колькасць поўных сірот, яшчэ – колькасць пазбаўленых бацькоўскіх правоў за мінулы год і гэты… Працуем! – Юрый Барысавіч пляснуў у ладкі, павярнуўся да Эдзіка: – Сёння гэты камп’ютэр у тваім поўным распараджэнні, можаш сваю гульню сюды паставіць. А ганарар асобна атрымай…
Незаўважна для Эдзіка ў руцэ дзядзькі з’явіліся грошы. Эдзік нерашуча пацягнуўся за грашыма – яму ўсё яшчэ не верылася, што гэта на самым поўным сур’ёзе казалася і рабілася. І толькі адчуўшы сваімі пальцамі паверхню новенькіх купюр, якую ні з чым не зблытаеш, ён паверыў: такая вялікая сума – рэальнасць у яго руках. Яны пахлі – сваім самым арыгінальным пахам у свеце. Ні з чым не зблытаеш пах новенькіх, хрумсткіх грашовых купюр!