Грошы не проста адчуваліся ў кішэні – яны былі быццам жывыя!
Эдзік ішоў па тратуары, і яму здавалася, што яго грошы ўсе бачаць, усе ведаюць аб іх. І віной таму – яны самі, гэтыя хрумсткія паперкі, новенькія, бо яны амаль што свецяцца праз тканіну.
Два дні таму Эдзік гадаў, што рабіць з тымі грашыма, якія ў яго з’явіліся: купіць атруту, каб падушыць рыбу ў копанцы, ці прагуляць іх у камп’ютэрным клубе. Сёння ў яго грошай у пяць разоў болей! І Эдзік імгненна зразумеў, што трэба цяпер рабіць.
Трэба збіраць грошы.
Ён у адзін момант, зусім не стаміўшыся, стаў валодаць вялікай сумай. І хоць была спакуса вось зараз жа пайсці і набраць сабе новенькіх дыскаў, зайсці ў кафетэрый і выбраць самае смачнае марожанае – Эдзік на гэта не пойдзе. Не, траціць столькі грошай – гэта дурасць. Хай там тысяча-дзве – зразумела. Але не сто!
Эдзік спяшаўся ў пустую кватэру – каб палічыць свае грошы. І дакараў сябе за тое, што ў той ранак не ўтрымаўся і столькі патраціў…
…Выцягнуў акуратна грошы з кішэні. Яны заварожвалі той уладнай сілай, якая за імі адчувалася. Бач, быццам паперкі, а ў што толькі яны могуць ператварыцца!
Выцягнуў з кішэняў тое, што заставалася ў яго ад бабулі і бацькі. Побач з новенькімі купюрамі Юрыя Барысавіча гэтыя паперкі здаваліся шматкамі былой велічы. Эдзік старанна разгладзіў кожную змятую купюру, адабраў большай вартасці ў адзін стосік – гэтыя ён зараз пойдзе і памяняе ў магазіне на буйную купюру. Дробязь… Ну, гэтыя можна і патраціць.
У магазіне ён лісліва заглянуў у вочы жанчыне, працягнуў свае пакамечаныя паперкі:
– Калі ласка, дайце адной купюрай… Ведаеце, гэта мне на дзень нараджэнне трэба ісці, дамовіліся сабраць сябру, каб купіў сабе жаданы падарунак. То дайце, калі ласка, купюру новую…
Прадаўшчыца ўсміхнулася, выцягнула з касы вялікі стос купюр, раскінула веерам, выбрала і на самай справе самую акуратную.
А ў Эдзіка нешта ёкнула ўнутры – ён мо першы раз за ўсе разы вось так убачыў грошы: такую вялікую суму (там жа такія буйныя купюры!) у адной руцэ, якая трымала іх так, як трымаюць простыя паперкі. І ніколькі не хвалюецца жанчына.
Купюру з магазіна Эдзік намачыў трохі вадой, а потым прагладзіў гарачым прасам. Цяпер яна была амаль што аднолькавая з тымі, новенькімі.
Эдзік доўга глядзеў на свае грошы, акуратна раскладзеныя на канапе. І вырашыў, што ўсе купюры трэба абмяняць на больш буйныя. Тады не будзе спакусы узяць якую ды патраціць на пустое.
А грошы ён будзе так і збіраць: як набярэцца сума – так і абмяняе на адну купюру буйную. Назбіраў дзесяць тысячарублёвак – абмяняў на адну дзесяцітысячную…
Вось толькі пытанне – як іх збіраць… Гэта ж не грыбы ў лесе.
Трэба пайсці прагуляцца, патраціць тую драбязу – якраз на марожанае і думаць, думаць, думаць…
Частка 19
У будане стала сыра і няўтульна, пахла цвіллю. Спаць было холадна. Добра, што дождж прайшоў невялікі, а каб мацнейшы – і палілося б на Сяргея і Нэлу зверху, бо што тое сена – хіба ўратуе ад моцнага дажджу… Сяргей накрыў Нэлу, чым можна было, сам дрыжаў ад холаду. Чакаў хлопцаў – спаць не мог.
На рыбалку ўсё адно пайшлі – хоць магло і не быць добрага клёву. І толькі Віцька быў узбуджаны:
– Ха, ведаеце вы карасёў. Яны якраз пасля такой спёкі толькі ажывіліся, цяпер адно палююць. Пабачыце…
І меў рацыю!
І на нудны дожджык забыліся, на макрэчу пад нагамі і холад – клявала і брала – толькі паспявай закідваць. За тры гадзіны ажно сямілітровае пластыкавае вядро запоўнілі!
– А вы казалі, вы казалі… – у захапленні прыгаворваў Віцька, несучы гэта вядро ў вёску, хоць ніхто асабліва і не казаў супраць яго прагнозаў, адно Віталь раней пабурчаў трохі, што няўтульна на копанцы. – А карасі, карасі якія! Гэ, у вадзіцеля грошай не хопіць…
Настрой ва ўсіх быў прыўзняты – рыбалка ўдалася, ды яшчэ і дождж перастаў, хмары вышэй падняліся, распагоджвацца пачало.
Дамовіліся, што большую частку рыбы Сяргей панясе да магазіна. А Віцька і Віталь прыйдуць ужо да будана Сяргея, як дадому зазірнуць. Маці хвалююцца, гэта адно, а другое – трэба нешта сур’ёзнае рабіць з буданом.
Нэла спала, закутаная ва ўсё, што было ў будане. Ужо і пацяплела добра, і Сяргей спакойна пайшоў да магазіна. Аўтамабіль з хлебам ён прачакаў не так і доўга – мо з гадзіну. Вадзіцель яшчэ толькі пад’язджаў да магазіна, то ў прывітанні ўзняў руку, пасля, калі выскачыў з кабіны, крыкнуў да Сяргея:
– А я то думаю: будзе рыба ці не? Бачу, многа! Ну, чакай, разгружуся…
Грошай Сяргей атрымаў многа і адважыўся: купіў каўбасы акрамя хлеба і цукру. Смачна будзе засмажыць. А ў бабы Адаркі купіць яек дзесятак. Яна то і так дасць, але дзякуй, што малако за “дзякуй” дае. Яшчэ і яйкі прасіць…
Ля будана былі ўжо ўсе: Віцька, Віталь, Жэнька. Нэла сядзела, хуталася ў куртку ля ног Жэнькі. Будана, зрэшты, ўжо не было: толькі адзін каркас застаўся. Сена ляжала на траве, усе транты Сяргеевы – воддаль.
Віцька заўважыў спахмурнелы твар Сяргея і заспяшаўся:
– Ты не псіхуй, мы тут плёнку цэлафанавую прынеслі. Вось, трэба будан яшчэ большы зрабіць, накрыем плёнкай, каб дождж не прабіў, зверху сенам. Яшчэ навес адзін зробім, а то во дошкі нашы намоклі… – ён паказаў на тыя дошкі, што ўжо нацягалі ад дзеда Васіля. Іх трэба было парэзаць па чарцяжу, каб там, на месцы, не надта мучыцца.
– Я не псіхую, –адказаў Сяргей спакойна. – Давайце, дапамагайце, пакуль дажджу няма. Толькі Нэлу пакарміць трэба…
Калі ж шчыра, то ён не ведаў, як сябе паводзіць. З аднаго боку, было добра, што яму збіраюцца шчыра дапамагчы, а з другога – ён ужо адвык ад таго, што нехта чужы будзе бескарысліва табе дапамагаць, проста так, без нейкага разліку. Казытала непрыемна і тое, што хлопцы ні словам на рыбалцы не абмовіліся пра будан. Ну, мо яны згаварыліся, каб які сюрпрыз атрымаўся.. Перасіліла першае: што ні кажы, а яму было прыемна адчуваць падтрымку. І рыбы вось налавілі колькі, толькі крыху ўзялі смажыць (а есці ж разам будуць усе), а так загадалі Сяргею аднесці і прадаць вадзіцелю…
– Паснедалі мы з Нэлай ужо, – адказала Сяргею Жэнька.
– Я ёй каўбасы купіў… Насмажыць вось, на агні…
– Ха, каўбасу мы самі з’ядзім! Вось як зробім шыкоўны будан, каб усім можна было ад дажджу схавацца! Гэх, шашлык з каўбасы будзе! – загарэўся Віцька.
А Віталь тым часам нагой разгладзіў вытаптаны участак зямлі, трэскай чарціў:
– Каб нас чацвёра дарослых і Нэла селі адразу, то трэба…
– Ну, ты тут малюй, а мы пойдзем высякаць дручкі, – Віцька ўжо трымаў сякеру ў руках.
– Чакайце, вы дома жываты набілі, а Сяргей галодны, – прыкрыкнула Жэнька, прысела, выцягнула з-пад плёнкі на зямлі пакет, пачала даставаць з яго розныя скруткі. – Сяргей, бяры паеш…
– Ёсць у нас што есці, – разгубіўся Сяргей, гледзячы на прынесенае Жэнькай снеданне.
– Тое потым разам з’ядзім, – рагатнуў Віцька і па-змоўніцку дадаў: – Еш, гэта Жэнька спецыяльна для цябе аладкі смажыла, ад самай раніцы старалася…
У наступны момант ён ужо бег у бок густых сліваў, бо твар Жэнькі нічога добрага яму не абяцаў. Сяргей усміхнуўся, гледзячы на раззлаваную Жэньку:
– Ну, я паспытаюю, як ты ўмееш смачна гатаваць…
А сонца спачатку нясмела, а потым часцей, часцей прабівалася скрозь аблокі, якія парадзелі, пабраліся дзіркамі. Стала цёпла, пара густа падымалася ад роснай травы.
Кіпела работа: новы каркас вялікага будана, на два “пакоі” па праекту Віталя ўжо стаяў, абцягнуты папярэчынамі. Грунтоўнае збудаванне атрымлівалася. Віцька ад дзеда Васіля прынёс касу: тут жа, у садку, касілі траву і пустазелле. Каркас абцягвалі кавалкамі старой плёнкі, мацавалі, потым спецыяльнае рыштаванне рабілі, каб травой абкласці і тая не спаўзала.