Старое сена прасушваць расклалі, Жэнька на “печцы” пачала смажыць рыбу.
У гэты час да будана падышла маці Сяргея.
Усе спыніліся. Маці была цвярозая, з тварам, бы ў пабітай сабакі. Чырвоныя вочы хваравіта блішчалі, яна церла адну далонь аб другую. Было бачна, што адчувае яна сябе вельмі дрэнна. Усім стала вельмі няўтульна.
– Сяргей, сыночак, ты… гэта, ішлі б вы ў хату спаць. А то людзі смяюцца з мяне… І во крычаць на мяне, кажуць, правоў пазбавяць. А каму я трэба буду… – яна сутаргава ўсхліпнула.
– Пакуль у хаце будзе той зэк, я туды не пайду, – спакойна, але цвёрда адказаў Сяргей. – І Нэлу не пушчу. Выганяй тую сволач.
– Дык як жа яго выганю? Ды і навошта? Ён жа добры, гэта як вып’е, то трохі крычыць… – стала апраўдвацца маці.
– А ён бывае цвярозым? Усё, не прасі нічога. Мы нічога не просім. У нас во і есці што ёсць, і спаць ёсць дзе.
– Дык а як холадна стане? Куды ж пойдзеце?
– Пакуль стане, я нешта прыдумаю…Нешта прыдумаем, – дадаў Сяргей. – Ты адно… не пі болей. І тады ўсё будзе добра.
– Ды я… – маці ўсхліпнула нечакана. – Цяжка мне, ой, як цяжка… Загоніш ты мяне ў труну…
І яна пайшла, ступаючы так, быццам зямля пад яе нагамі пагойдвалася.
Нейкі час у садку стаяла цішыня. Непрыемная, нацягнутая. Так усё добра ішло…
– Усё будзе добра, – раптам голасна, упэўнена сказаў Віталь.
Ён падхапіў на рукі Нэлу, крутануўся з ёй:
– А ну, Нэла, скажы: будзе.
Дзяўчынка згодна заківала галавой.
– Не, ты не ківай, а кажы: будзе добра! Будзе добра!
Нэла, гэта было бачна па яе тварыку, сілілася і на самой справе нешта сказаць. Яна сутаргава крывіла роцік, каўтала, а потым вырвалася з яе грудзей кароткае, гучнае:
– Доба!
Віталь прыціснуў моцна дзяўчынку да грудзей, потым асцярожна апусціў на зямлю.
– От жа, казаў сваім: ну чаму вы мне сястрычку не нарадзілі…
Уздыхнуў, абвёў усіх сур’ёзным позіркам.
– Калі Нэла сказала, што будзе добра – значыць, так і будзе. Не будзем спяшацца і рабіць пяць спраў за раз. Вось зробім адну – падумаем над другой. Будзе ў нас час падумаць, як гэтага зэка з Сяргеевай хаты вытурыць.
– А цяпер давайце абедаць, работнікі, – запрасіла Жэнька. – У мяне гатова рыба…
Елі рыбу, потым на прутках смажылі на агні кастра каўбасу.
Будан закончылі к абеду. Ён атрымаўся, як і планавалі, вялікі, утульны, на два “пакоі”: пярэдняя і месца для сну. І светлы: Віталь прадугледзеў нават два акенцы – іх зрабілі з плёнкі.
Пасля абеду вырашылі сабрацца ў садзе дзеда Васіля: амаль усё, як ім здавалася, было гатова.
…Голас у тэлефоннай трубцы Жэнька не пазнала, хоць ён здаваўся ёй знаёмым.
– Так, я Яўгенія Лошчык. А хто мяне пытае?
– Гэта карэспандэнт раённай газеты Мікульчык, – адазваліся ў трубцы, і, не даючы Жэньцы апомніцца, голас працягваў: – Ну, давай раскажы, чаму не пішаш, што там у вас робіцца?
– Дык няма аб чым пакуль пісаць…
– Як няма? А хто збіраецца адшукаць у балоце магілу партызан, каб зрабіць перазахаванне? Вы? Ну, а маўчыш… Так, ты ў школе ў Саюзе моладзі?
– Так, у БРСМ…. – разгубілася Жэнька: адкуль у рэдакцыі ведаюць пра іх планы? – Дык мы нічога яшчэ не знайшлі…
– Гэта ўжо справа іншая. Знойдуць і без вас, калі ўзяліся. Ваш старшыня сельвыканкама быў у раёне, тут усё ведаюць, гэта справа надзвычай сур’ёзная. Раскажы, хто там збіраецца ў пошукі. Вам гэты самы партызан, як яго, Карота, так? Калі расказваў?
– У школе… Ну, гэта яшчэ раней было…
– Так… У школе была сустрэча… І пасля той сустрэчы школьная арганізацыя БРСМ вырашыла адшукаць магілу партызан, каб зрабіць перазахаванне. Хто ўдзельнічае?
– Ды не так было…
– Ну, няхай крыху не так, гэта дробязі. Хто там з вамі?
– Ну-у, – разгубілася Жэнька канчаткова ад гэтага націску карэспандэнта. – Сяргей, ён з нашай вёскі, жыве ў інтэрнаце, захацеў парыбачыць на Ведзьмінай тоні. І яшчэ Віталь, вучань нашага класа, Віцька, мой брат…
– Віталь член БРСМ? – зноў перабіў карэспандэнт Жэньку. – Хто з настаўнікаў будзе з вамі? Дарэчы, ты якую пасаду займаеш?
– Дзе займаю?
– Ты хто ў пярвічнай арганізацыі? Хто ў вас сакратар?
– Я – член камітэта…
– Так, добра. Я прыеду на гэтым тыдні, ты раскажаш усё больш падрабязна. Пакуль хопіць. А надалей я цябе прашу аб такіх навінах абавязкова паведамляць нам, – закончыў карэспандэнт ушчуваннем, і ў трубцы раздаліся кароткія гудкі.
Жэнька стаяла чырвоная. Не ведала, аб чым і думаць. Ну, пісаць яшчэ не было аб чым – яны ж нічога яшчэ не адшукалі, плыт яшчэ не гатовы… Вядома, яна планавала напісаць цэлы рэпартаж. Са здымкамі…
Успомніла аб здымках, падумала, што зараз вось закончыць усе клопаты па хаце і пойдзе з фотаапаратам у сад да хлопцаў і дзеда Васіля…
Частка 20
Бацька Віталя падагнаў трактар блізка да хаты, заглушыў.
– Гэй, разгружай! – гукнуў ён.
Хлопцы пазаскоквалі на прычэп. Тут было дзесяткі тры тонкіх дошак, доўгія рэйкі.
– Ух ты, матэрыял сапраўдны!
– Ось плыт будзе!
Разгрузілі хутка, пацягалі на надворак да дзеда. Тут ужо пад прыглядам дзеда Васіля пачалі разбіраць дошкі.
Размяралі, абразалі, складвалі каркас прама на зямлі, нажыўляючы між сабой дошкі і рэйкі. Плыт вырашылі зрабіць яшчэ большы – цэлых пяць метраў даўжыні. А вакол бартоў – парэнчы, каб незнарок не ўпасці ў ваду. Яшчэ падумалі, што трэба два вялікія вяслы – хто ведае, якая там глыбіня на тоні, ці атрымаецца толькі шастамі адпіхвацца.
Вёслы рабіў дзед Васіль. Няспешна, сякерай, а сякера ў яго – што тое лязо. Хлопцы кавалкамі шкла зачышчалі ручкі вёслаў – каб былі гладкія, не набівалі мазалі. Потым дзед камандаваў, паказваў і падказваў, а хлопцы майстравалі ўключыны – спецыяльныя штукі на вёслах, каб можна было грэбці імі і вёслы не выпадалі.
Па ходзе справы і праект плыта мяняўся. Яшчэ два дадатковыя адсекі зрабілі – каб упіхнуць туды дзве вялікія камеры з аўтамабільных колаў. Гэта старшыня прывёз, Мікалай Рыгоравіч. Праўда, папрасіў, каб потым вярнулі.
Жэнька спіс усяго патрэбнага склала. Калі пачалі зносіць усё да будана Сяргея, Віталь хапіўся за галаву:
– Ты што, ніякі плыт не вытрымае! Мы ж не на Паўночны полюс!
– Маўчы! Ты свае справы ладзь, а ў мае не лезь. Я нічога лішняга не бяру. Што, у далонях суп варыць будзеш?
– Які суп? Мы набяром…
– “Ролтана” і будзеце грызці сухім. Ведаю я вас. Усякай атрутай набіваеце свае жываты… Ты мне месца на плыце зрабі, каб вада ніяк не даставала, а то…
– Зраблю, зраблю, – прабурчаў Віталь, хоць ніколькі клопаты Жэнькі не псавалі настрою – ух, якая грунтоўная экспедыцыя атрымліваецца! Нават аптэчка ў іх ёсць.
Два дні прайшлі ў прыемных справах. Практычна ўсё было гатова. І неяк не адважваліся завесці з дзедам Васілём гаворку аб галоўным: аб тым дні, калі яны збяруцца на Ведзьміну тоню. Страшнавата было. Быццам усё перад гэтым здавалася простай гульнёй, а цяпер пачыналася сама справа – адказная і сур’ёзная…
– Я нешта дык і не ўяўляю, як мы разам з дзедам Васілём паплывём па тоні, – прызнаўся Віцька.
Сядзелі на беразе копанкі, закінуўшы вуды. Клёву не было, але не гаравалі з такой нагоды, бо прыйшлі больш адпачыць. Рукі ад работы балелі адчувальна.
– А я як пагляджу, колькі нам перанесці трэба ўсяго на Заікін востраў па балоцістай сцежцы, аж млосна робіцца, – адказаў на гэта Віталь.
– Нічога, вочы баяцца, а рукі робяць, – спакойна сказаў Сяргей. – Вы паглядзіце, колькі ўсяго зрабілі… Садок наш не пазнаць: і будан які стаіць, і навес ёсць, і каркас плыта гатовы, і бутэлек гара… Перанясём. Галоўнае ў такой справе – вызначыць для сябе, што робіцца такое не за гадзіну, не за дзве. Робіш і робіш… Яно само заканчваецца. Пакрысе…
– І то праўда, – больш бадзёра адазваўся Віцька. – Гэтулькі ўжо зрабілі…За дзень, зранку пачаўшы, перацягаем да вечара.
– Перацягаем, куды мы дзенемся, – згадзіўся і Віталь. – Вось так і збываюцца мары – паступова, крок за крокам ідзеш і ідзеш…