Павіталіся.
Настусін Эдзік – аднагодак Віцькі і Віталя. Трохі вышэйшы за Віцьку і ў плячах шырэйшы. Пастрыжаны вельмі коратка, валасы белыя. Сядзеў, упёршыся спінай у агароджу палісадніка, ногі выцягнуў і ў такт музыцы энергічна ківаў галавой.
– Ну, адчуваю, вы тут у сваім балоце па вушы бытам заплылі, – насмешліва загаварыў ён. – Чым хоць займаецеся?
– Гуляем, – Віцька апусціўся на лаўку побач. – Давай прапаноўвай што-небудзь цікавае.
– Ат, з вамі тут... Што я вам – масавік-зацейнік?
– Ну, ты ж у райцэнтры, давай, выцягвай нас з балота, – ужо з ледзь улоўным выклікам сказаў Віталь.
Эдзік змерыў Віталя прыжмуранымі вачыма.
– Так, трэба зрабіць калекцыю чучал птушак!
– Ух ты! – выгукнуў Віцька. – Як гэта?
– А так: падстрэльваем, здымаем скурку з пер’ем, прамываем, прасушваем на каркасе, набіваем прадэзінфіцыраваным пілавіннем – чучала амаль гатова, – Эдзік далёка цвыркнуў слінай. – За добрае чучала можна неблагія грошы атрымаць.
– Дзе атрымаць? – здзівіўся Віцька.
Для яго чучала птушкі з першага моманту асацыіравалася са школай – у кабінеце прыроды і біялогіі было толькі адно старое чучала савы, пер’е з якой, колькі яго біялагічка Ганна Іосіфаўна ні падклейвала, лезла ў розныя бакі.
– Дзярэўня! – працягнуў Эдзік. – У Мінску ўсё трэба. А чучалы птушак – тым больш. Заходзіш у бар – а там бутэлькі з напоямі ахоўвае коршак з крыламі распрастанымі... Ого, я бачыў – класна глядзіцца.
Але Віцька гэтаму “бізнесу” не асабліва ўзрадаваўся, а вось папаляваць на птушак, павучыцца з іх чучалы рабіць, а потым восенню занесці ў кабінет біялогіі – будзе радасці ў Ганны Іосіфаўны...
– А ведаеце, дзе многа птушак? – загаварыў па-змоўніцку Віталь. – На астравах, на Ведзьмінай тоні! Так жа на Савіным востраве соў колькі! Гэта табе не верабей.
– От, зноў ты з Ведзьмінай тоняй! – рагатнуў Віцька, павярнуўся да Эдзіка. – Ён у нас хоча раскрыць тайну пяці астравоў!
– А што, – сеў прама Эдзік. – Савінае чучала будзе каштаваць не мала. Добрая ідэя.
– А заадно і замеры ўсе зробім, – узрадаваўся Віталь.
– Якія замеры? – здзівіўся Эдзік.
– От глядзі, – прысеў Віталь насупраць Эдзіка, знайшоў у траве трэску, стаў чарціць на зямлі і горача каменціраваць: – Гэта – возера, сама Ведзьміна тоня. Вакол яе – пяць астравоў. Трэба змерыць дакладна адлегласць ад вострава да вострава, вызначыць напрамак, і тады нешта абавязкова намалюецца!
– Ужо намалявалася, – усміхнуўся Эдзік, гледзячы на малюнак Віталя на зямлі, дзе атрымалася кветка з пялёсткамі. – А дзе той востраў, дзе совы водзяцца?
– Во! – тыцнуў пальцам Віталь у адзін з пялёсткаў кветкі. – А гэта – Заікін, гэта (ён хутка дамалёўваў) канава, гэта – вёска. На Савіны востраў ці на чоўне праз возера, ці пехам па астравах. Толькі бацька казаў, што падыходы да Савінага вострава надта забалочаныя, а партызанскія кладкі ўжо згнілі. Ды вясна сухая была, думаю, можна будзе прайсці.
Відаць, перспектыва лазіць па балотнай гразі не цешыла Эдзіка, бо ён нечага пакрывіўся, як недаспелы яблык укусіў:
– Пабачым. Трэба лепш човен...
– Ага! А як ты яго зацягнеш на тоню?
– Ну, гумавую лодку...
– Дзе ты яе знойдзеш? Ды паспрабуй там паплаваць! – уступіў у размову Віцька. – Там, дзе Васіль казаў, з вады такія карчы тырчаць! Наляціш – і хана.
– Чаму гэта хана?
– А не выплывеш. Вада ў возеры – што лёд. Бр-р-р, – аж перасмыкнуў плячыма Віцька. – І чорная. Ды і карчы – зачэпішся... Ніхто яшчэ па тоні не плаваў. Гарадскія былі паспрабавалі сеткі там паставіць, то і сеткі заблытаныя былі, не выцягнулі, і самі ледзь на паўспушчанай лодцы да берага дабраліся. Адно слова – Ведзьміна тоня.
– А дзе рыбачыце? – спытаў Эдзік.
– Ды на копанцы, – кіўнуў за вёску Віцька, – я ўчора падкарміў, можна схадзіць сёння на маё месца.
– То пайшлі цяпер, – прапанаваў, а больш закамандаваў Эдзік. – Не сядзець жа, як бабулькам, дзень на лавачцы.
– Пайшлі!
Віталю не надта хацелася ісці цяпер на копанку – трэба было змайстраваць трыножнік, каб паставіць на яго старую падзорную трубу – з яе Віталь думаў зрабіць прыбор для вымярэння. Адлегласць між астравамі і так можна было вылічыць, але трэба ўсё рабіць правільна і прафесійна. Складаць карту – то складаць з адзнакамі вышынь і глыбінь. Бацька паабяцаў Віталю прынесці камеру з кола трактара “Кіравец”. Яе абцягнуць рамянямі – і лодка гатова. А наконт карчоў была ў Віталя свая задума...
Віцька забег па вуды, Віталь адмахнуўся: “Не будзе цяпер кляваць”. Але з сябрамі пайшоў. Копанка была ў кіламетры ад вёскі, схаваная старым алешнікам і высокім кустоўем. Кусты раслі вялікім купамі, нагадвалі стагі, між імі рассцілаліся цэлыя паляны, парослыя густой травой, ужо ў некалькіх месцах некім скошанай. Сонца ўзнялося досыць высока, прыгравала добра.
На беразе копанкі, ля самай вады, асвечаная ранішнім сонцам сядзела дзяўчынка.
– Гэта нямко Анжэла, – стаў тлумачыць Эдзіку Віцька. – Маці яе п’яніца, бацька невядома хто, а сама яна нямая. Размаўляць не ўмее.
– Ты! – утаропіў вочы на Анжэлу Эдзік. – Ану, хадзі сюды, – паклікаў ён дзяўчынку.
Нэла ўзнялася, спуджана глянула на хлопцаў, азірнулася раз і другі, быццам шукаючы дапамогі.
– Гэй, нямко, – ужо лісліва загаварыў Эдзік. – А хочаш, жуйку дам?
– Ты ёй цукерку прапануй, яна табе станцуе! – падказаў Віцька, бо ведаў аб гэтым: расказвалі ў вёсцы.
– О, дык ты танцуеш? – рагатнуў Эдзік. – Танец жывата!
Яго рука палезла ў кішэню, і ён, бачачы, што вочы Нэлы сочаць за яго рукамі, стаў павольна выцягваць з кішэні руку.
– Оп-ля!
Высока ўгору ўзнялася рука з цукеркай.
– Танцуй, нямко!
Дзяўчынка глядзела на цукерку, потым нясмела ступіла крок да хлопцаў.
– Нэла! – пачулася ў гэты момант.
Дзяўчынка здрыганулася, азірнулася і пабегла да выходзячага з-за куста Сяргея. Яна забегла за хлопца, стала за яго спінай і выглядвала.
Сяргей глядзеў на хлопцаў.
– А, стары знаёмы, – працягнуў Віцька тонам, які нічога добрага Сяргею не абяцаў. – Слухай, я ж цябе ў мінулым годзе папярэджваў – не лезь на маё месца. Папярэджваў?
Яны падыходзілі да яго: Віцька берагам копанкі, Эдзік побач, у двух кроках ад яго, ззаду Віталь.
“Так, трое на аднаго,” – хутка праносіліся ў галаве Сяргея думкі. “Не, двое, трэці ў бойку не палезе, яму гэта не цікава”.
Віталію і праўда не было цікава. Пра Сяргея ён ведаў, але яны не сябравалі, а адносіны Віцькі і гэтага інтэрнацкага яго не тычыліся. “Самі разбірайцеся”.
– Нэла, бяжы дадому, – загадаў Сяргей, але Нэла не адыходзіла. – Бяжы дадому, Нэла, – прыкрыкнуў хлопец. – Бяжы!
Ён лёгка падштурхнуў Нэлу ў бок ад падыходзячых хлопцаў. Нэла пабегла.
Сяргей перакінуў мяшэчак з рыбай (шэсць добрых карасёў) з правай рукі ў левую, якой трымаў вуды. Вудзільны былі простыя, арэхавыя, але доўгія і на канцах досыць тоўстыя.
– Га! Злаўлю, – выпучыў вочы, пляснуў ў далоні ў бок Нэлы Эдзік. – Стой!
Нэла ўпала – заблыталася ў пакосе скошанай травы, сукенка ўзляцела ўверх, адкрыла яе худзенькі голы азадак.
– Га-га-га! – зарагатаў, аж за жывот схапіўся Эдзік, за ім зарагатаў Віцька. Надта ж смешна падала гэтае нямко, а цяпер падхапілася, вочы па пяць капеек, не ведае, куды бегчы.
Сяргей зрабіў тры імклівыя крокі наперад. Калі ты адзін супраць дваіх – табе пачынаць трэба першаму.
Эдзік не паспеў як след павярнуцца да Сяргея, а той, далёка назад адвёўшы руку з вудзільнамі, рэзка тыцнуў імі прама ў мяккі, не гатовы да гэтага, жывот хлопца.
–Ы-ы-ы, – застагнаў ад болю, стаў прысядаць Эдзік, і Віцька, яшчэ не зразумеўшы да канца, як гэта так хутка гэты інтэрнацкі мог махнуць левай рукой, памкнуўся да Сяргея. І аказаўся з ім твар у твар – Сяргей таксама памкнуўся быў да Віцькі.
Імгненне яны стаялі, замёршы – рукамі не размахнешся. А потым Віцька адчуў удар прама ў твар, і боль асляпіў яго – Сяргей не стаў узнімаць рукі, ён ударыў рэзка сваім ілбом прама ў нос Віцькі.