Ён знаходзіўся ў выдатным настроі - відавочна, быў упэўнены, што ніякія лісты не злолеюць дабрацца сюды, да таго ж у шторм. Гары пра сябе згаджаўся з ім, хоць яго самога такая думка не радавала.
Наступіла ноч, і пачаўся абяцаны шторм. Пырскі ад высачэзных хваль білі ў сцены хаціны, ад лютага ветра бразгаталі ваконныя рамы. Цётка Пятуння знайшла ў суседнім пакоі некалькі парослых цвіллю коўдр і паклала Дадлі на пабітай моллю канапе. Сама яна разам з дзядзькам Вернанам адправілася спаць на праваленым ложку ў суседні пакой, а Гары не заставалася нічога іншага, акрамя як адшукаць найменш цвёрдае месца на падлозе і згарнуцца там пад самай танюткай, самай старой коўдрай.
Шторм станавіўся ўсё мацней, і Гары не мог заснуць. Ён дрыжаў і варочаўся з боку на бок, імкнучыся ўлегчыся ямчэй. Жывот зводзіла ад голаду. Храп Дадлі заглушалі нізкія грымоты, што пачаліся дзесьці каля апоўначы. Падсветлены цыферблат гадзінніка на тоўстай руцэ Дадлі, якая звісала з канапы, паказваў, што праз дзесяць хвілін Гары споўніцца адзінаццаць. Хлопчык ляжаў і глядзеў, як з ціканнем гадзінніка дзень нараджэння падыходзіў усё бліжэй, думаў аб тым, ці ўспомняць аб гэтым дзядзька і цётка, і ўяўляў, дзе зараз можа знаходзіцца невядомы аўтар лістоў.
Яшчэ пяць хвілін. Раздаўся трэск. Гары вельмі спадзяваўся, што страха не праваліцца, хоць, магчыма, ад гэтага хаця б стане цяплей. Чатыры хвіліны. Раптам, калі яны вернуцца, дом на Прайвет Драйв будзе настолькі запоўнены лістамі, што яму як-небудзь атрымаецца прачытаць хоць бы адзін?
Тры хвіліны. Цікава, гэта мора так ударае аб камяні? І (засталося дзве хвіліны) што гэта за дзіўны гук, нібы нешта абсыпаецца? Можа быць, скала руйнуецца і сыходзіць пад ваду?
Яшчэ хвіліна, і яму будзе адзінаццаць. Трыццаць секунд… дваццаць… дзесяць… дзевяць… - абудзіць, мо, Дадлі, хай пазлуецца - тры… дзве… адна…
БУМ!
Хаціна задрыжала, Гары сеў і паглядзеў на дзверы. Хтосьці стукаў знадворку, жадаючы ўвайсці.
— РАЗДЗЕЛ IV —
Ключнік
БУМ! Пастукалі яшчэ раз. Дадлі прыскокнуў.
- Хто страляў? - сонна спытаў ён.
Ззаду раздаўся шум - гэта дзядзька Вернан недарэчнымі скокамі прабіраўся па пакоі. У руках у яго была стрэльба - зараз стала зразумела, што хавалася ў доўгім плоскім пакеце.
- Хто там? - прагукаў ён. - Я узброены!
Наступіла паўза. А потым –
ШАРАХ!
У дзверы стукнулі з такой зруйнавальнай сілай, што яна заляцела ў хаціну і з грукатам звалілася на падлогу.
На парозе стаяў самы сапраўдны гігант. Вялізная фізіяномія амаль цалкам хавалася пад густой грывай зблытаных валасоў і доўгай неахайнай барадой, але вочы ўсё-ткі можна было разгледзець, яны блішчэлі з-пад усяго гэтым валосся нібы два вялікія чорныя жукі.
Гігант праціснуўся ў халупу, нізка схіліўшы галаву, але ўсё роўна здымаючы павуціну са столі. Ён нахіліўся, падняў дзверы і без высілкаў паставіў яе на месца. Скуголенні буры сталі меней гучныя. Гігант агледзеў прысутных.
- Гарбаты не знойдзецца, а? - спытаў ён. - Выматаўся як сабака.
Ён прайшоў да канапы, дзе, паміраючы ад страху, сядзеў Дадлі.
- Пасунься, тоўсты, - сказаў незнаёмец.
Дадлі завішчаў і ўцёк. Ён схаваўся за спіну маці, якая, у сваю чаргу, ціснулася за спіной у дзядзькі Вернана.
- Ага, вось і Гары! - выклікнуў волат.
Гары зазірнуў у суровы, дзікі, цёмны твар і ўбачыў маршчынкі вакол усміхаўшыхся вока-жукоў.
- А я цябе в-о-о-о-сь такім памятаю, - паказаў рукамі волат. – Глядзі ж ты, выліты тата, а вочы - маміны.
Дзядзька Вернан са скрыгатам уцягнуў паветра.
- Я патрабую, каб вы неадкладна пакінулі гэты дом, сэр! - запатрабаваў ён. - Вы ўрываецеся… урываецеся…
- Адстань, - адмахнуўся гігант; перахіліўся праз спінку канапы, адабраў стрэльбу ў дзядзькі Вернана, з лёгкасцю завязаў яе ў вузел і зашпурнуў у далёкі кут пакойчыка.
Дзядзька Вернан, падобна раздушанай мышы, ціха піскнуў.
- Карацей, Гары, - загаварыў волат, паварочваючыся спіной да Дурсляў, - віншую з днём нараджэння! Вось, прыцягнуў тут табе нештачка - толькі, пэўна, сеў на яго недзе па дарозе - ну, ды нічога, усё адно смачна.
З унутранай кішэні чорнага плашча ён выцягнуў злёгку памятую скрынку. Гары дрыготкімі пальцамі адкрыў яе і знайшоў там вялікі ліпкі шакаладны торт, на якім былі выведзеныя зялёныя літары: "З днём нараджэння, Гары!"
Задраўшы галаву, Гары паглядзеў у твар вялізнаму чалавеку. Ён хацеў сказаць дзякуй, але словы захраснулі ў горле, і замест "дзякуй" ён прашаптаў:
- Вы хто?