Выбрать главу

М-р Алівандэр падышоў так блізка, што яны з Гары апынуліся практычна нос да носу. У дымкавых вачох Гары бачыў уласнае адлюстраванне.

- А вось сюды, значыць…

Доўгім белым пальцам м-р Алівандэр крануў зігзагападобны шнар.

- З засмучэннем вымушаны прызнаць, што гэта я прадаў палачку, якая адважылася такое стварыць, - ціха прамармытаў ён. - Трынаццаць з паловай. Так… Магутная, вельмі магутная, да таго ж, у благіх руках… калі б я ведаў, што яна выйдзе ў свет для таго, каб…

Ён пахістаў галавой, але потым, да палёгкі Гары, заўважыў Хагрыда.

- Рубеюс! Рубеюс Хагрыд! Рады цябе бачыць зноў… дубовая, шастнадцаць, гнутая, так?

- Сапраўды так, сэр, - пацвердзіў Хагрыд.

- Добрая была. Але яе, мяркую, зламалі напалову, калі цябе выключылі? - спытаў м-р Алівандэр і раптам пасур’ёзнеў.

- Эээ… зламалі, сэр, - сказаў Хагрыд, клапатліва перамінаючыся з нагі на нагу. - Палоўкі, праўда, засталіся ў мяне, - радасна дадаў ён.

- Ты імі, спадзяюся, не карыстаешся? - строга ссунуў бровы м-р Алівандэр.

- Што вы, сэр, - хутка адказаў Хагрыд. Гары зазначыў, што, прамаўляючы гэтыя словы, Хагрыд моцна сціснуў свой ружовы парасонік.

- Хм, - вымавіў м-р Алівандэр, пранізваючы Хагрыда поглядам. - Што ж. Зараз, м-р Потэр. Дайце зірнуць. - Ён выцягнуў з кішэні доўгі краўцоўскі метр са срэбнымі насечкамі. - Якой рукой аддаеце перавагу чараваць?

- Эээ… я праўша, - сказаў Гары.

- Выцягніце руку. Вось так. - Прадавец вымераў руку ад пляча да пальцаў, затым ад запясця да локця, ад пляча да падлогі, ад калена да падпахі і яшчэ вымераў акружнасць галавы. Падчас гэтых маніпуляцый ён распавядаў:

- Усярэдзіне кожнай Алівандэраўскай чароўнай палачкі знаходзіцца наймагутная магічная субстанцыя, м-р Потэр. Мы выкарыстоўваем поўсць аднарога, пёры з хваста фенікса і сушанае сэрца дракона. Усе Алівандэраўскія палачкі розныя, таму што не можа быць двух цалкам аднолькавых аднарогаў або феніксаў. І, зразумела, вы ніколі не дасягнеце тых жа вынікаў, карыстаючыся палачкай іншага чараўніка.

Гары раптам зразумеў, што краўцоўскі метр, у гэты момант вымяраўшы адлегласць паміж ноздрамі, робіць гэта сам па сабе. Містэр Алівандэр хадзіў поруч паліц, здымаючы скрынкі.

- Досыць, - кінуў ён, і сантыметр згарнуўся ў клубок на падлозе. - Такім чынам, м-р Потэр. Паспрабуйце вось гэтую. Бяроза і сэрца дракона. Дзевяць. Добрая, нямулкая. Вазьміце і ўзмахніце.

Гары ўзяў і (прадчуваючы нядобрае) памахаў, але м-р Аліванадар амаль адразу ж выхапіў палачку.

- Клён і пёры фенікса. Сем. Хвосткая. Паспрабуйце…

Гары паспрабаваў - але не паспеў нават узмахнуць, як м-р Алівандэр выхапіў у яго з рук і гэтую палачку.

- Не-не… вось, чорнае дрэва і поўсць аднарога, восем з паловай, пругкая. Давайце, давайце, спрабуйце.

Гары спрабаваў. І спрабаваў. Ён не меў ні найменшага падання аб тым, што хоча ўбачыць м-р Алівандэр. Гара ўжо паспрабаваных палачак на крэсле расла і расла, але, чым больш тавара было знята з паліц, тым шчаслівей станавіўся м-р Алівандэр.

- Пакупнік з запытамі, а? Не турбуйцеся, дзесьці тут вас чакае ваша адзіная, і мы знойдзем яе… так, цікава… а чаму б і не… незвычайнае спалучэнне - востраліст і пёры фенікса, адзінаццаць, прыемная, згодлівая.

Гары ўзяў палачку ў рукі. І адразу адчуў, як па кончыках пальцаў пабегла цяпло. Ён падняў палачку над галавой і ўзмахнуў ёю, рассякаючы пыльнае паветра, у якім, следам за рухам палачкі, бег струмень чырвоных і залатых іскр, падобны феерверку. Хагрыд выдаў радасны вокліч і запляскаў у ладкі, а м-р Алівандэр закрычаў:

- Ай, брава! Вельмі добра! Выдатна! Так-так-так… цікава… вельмі цікава…

Ён паклаў палачку ў скрынку і загарнуў куплю ў карычневую паперу, усё яшчэ мармычучы:

- Цікава… цікава…

- Прабачце, - сказаў Гары, - але што цікава?

М-р Алівандэр утаропіў на Гары свой празрысты погляд.

- Я памятаю кожную з прададзеных мною чароўных палачак, м-р Потэр. Кожную. І так ужо здарылася, што фенікс, чыё хваставое пяро ўтрымоўваецца ў вашай палачцы, даў яшчэ адно пяро - усяго адно. І вы пагодзіцеся, што гэта і на самай справе цікава - што вам патрапілася менавіта гэтая палачка, у той час як яе сястра - божа, яе родная сястра адказная за ваш шнар.

Гары праглынуў.

- Так-так, трынаццаць з паловай... Падумайце! Забаўна, калі здараюцца падобныя рэчы. Палачка сама выбірае сабе чараўніка… Думаю, нам варта чакаць ад вас вялікіх здзяйсненняў, м-р Потэр… У рэшце рэшт, Той-Хто-Не-Павінен-Быць-Названы рабіў вялікія справы - жудасныя, але вялікія.

Гары здрыгануўся. М-р Алівандэр пакінуў дзіўнае ўражанне. Гары заплаціў за палачку сем залатых галеонаў, і м-р Алівандэр з паклонам праводзіў пакупнікоў да выхаду.