Выбрать главу

Дзядзька і цётка моўчкі ўтаропіліся на яго.

- Якой платформы?

- Дзевяць і тры чвэрці.

- Не мялі лухты, - раззлаваўся дзядзька Вернан. - Няма такой платформы, дзевяць і тры чвэрці.

- На квітку напісана.

- Глупства нейкае, - сказаў дзядзька Вернан, - трызненне сівой кабылы. Псіхі, вось хто вы ўсе такія. Пачакай, ты яшчэ ўбачыш. Добра, адвязем мы цябе на Кінгс-Крос. Усё роўна заўтра збіраліся ў Лондан, а то б я не павёз.

- А нашто вам у Лондан? - спытаў Гары дзеля падтрыманні гутаркі.

- Вязем Дадлі ў лякарню, - неахвотна пробурчэў дзядзька Вернон, - трэба жа яму выдаліць гэты жудасны хвост, да таго, як ён пойдзе ў "Вонінгс".

Наступнай раніцай Гары прачнуўся а пятай гадзіне і больш не мог заснуць. Ён быў занадта ўсхваляваны. Ён устаў і нацягнуў джынсы - ён не жадаў ехаць на вакзал у чароўнай вопратцы, лепш перапрануцца ў цягніку. Яшчэ раз прагледзеў спіс, упэўніўся, што ўзяў усё неабходнае, праверыў, ці надзейна зачыненая ў клетцы Хэдвіг і стаў мераць крокамі пакой, чакаючы, калі ўстануць Дурслі. Праз дзве гадзіны вялізны куфар Гары быў пагружаны ў багажнік машыны дзядзькі Вернана, цётка Пятуння ўказала Дадлі сесці побач з Гары, і яны паехалі.

На вакзал Кінгс-Крос яны прыбылі а палове на адзінаццатую. Дзядзька Вернан паклаў рэчы Гары на цялежку і пакаціў наперад. Гары падумаў, што гэта неяк залішне ласкава з яго боку, але тут дзядзька Вернан з гідкай ухмылкай на твары рэзка спыніўся перад выхадам на платформы.

- Ну што, прыяцель, глядзі. Платформа дзевяць - платформа дзесяць. Дзевяць тры чвэрці павінна быць дзесьці паміж імі, але, падаецца, яе яшчэ не пабудавалі?

І ён меў рацыю, зразумела. Над адной платформай вісела вялікая пластыкавая шыльда з нумарам дзевяць, над наступнай - з нумарам дзесяць, а пасярэдзіне нічога не было.

- Вучыся на выдатна, - пажадаў дзядзька Вернан з зусім ужо агіднай ухмылкай. Ён сыйшоў, не сказаўшы больш ані слова. Гары, абярнуўшыся, прасачыў, як ад’язджалі Дурслі. Усе трое ад душы рагаталі. У Гары перасохла ў роце. Што ж яму рабіць? На яго ўжо пачыналі глядзець са здзіўленнем, з-за Хэдвіг. Прыйдзецца ў каго-небудзь спытаць.

Ён спыніў службоўца, які праходзіў паблізу, але не вырашыўся згадаць платформу дзевяць тры чвэрці. Службовец ніколі не чуў пра "Хогвартс" і, калі Гары не змог растлумачыць, у якой частцы краіны знаходзіцца гэтая школа, пачаў раздражняцца, быццам Гары знарок прыкідваўся дурным. Страціўшы надзею, Гары спытаў пра цягнік, які адбывае ў адзінаццаць нуль-нуль, але службовец адказаў, што такога цягніка няма. Урэшце рэшт службовец пайшоў далей, абураючыся на "усялякіх там", якія толькі займаюць час і не даюць працаваць. Гары з усіх сіл імкнуўся не панікаваць. Вялікі гадзіннік над табло паказваў, што застаецца яшчэ дзесяць хвілін на тое, каб адшукаць цягнік на "Хогвартс", але ён зусім не ведаў, як гэта зрабіць; ён тупа стаяў пасярод платформы з куфарам, які ледзь мог падняць, кішэнямі, поўнымі чароўных грошай і вялікай савой у клетцы.

Пэўна, Хагрыд забыўся сказаць нешта важнае, што трэба зрабіць, накшталт таго, як яны стукалі па трэцяй цагліне злева, каб патрапіць на Дыягон Алею. Гары падумаў, ці не дастаць чароўную палачку і не пастукаць па стойцы правяраючага квіткі паміж платформамі дзевяць і дзесяць...

У гэты момант у яго за спіной прайшлі нейкія людзі, і ён злавіў некалькі слоў з іх гутаркі.

- Усё забіта магламі, вядома…

Гары рэзка абярнуўся. Аказалася, што гэта казала поўная жанчына, яна ішла з чатырма асляпляльна-рудымі хлопчыкамі. Кожны з іх піхаў перад сабою такі ж, як у Гары, куфар, - і ў іх была сава. Сэрца Гары ліхаманкава білася, калі ён пакаціў сваю цялежку ўслед за імі. Яны спыніліся, і ён спыніўся таксама, досыць блізка, каб чуць іх гутарку.

- Ну, якая платформа? - спытала маці ў хлопчыкаў.

- Дзевяць тры чвэрці! - піснула маленькая дзяўчынка, якая трымала яе за руку, таксама рудавалосая. - Маці, а можна я таксама паеду…

- Ты яшчэ маленькая, Джыні, калі ласка, паводзь сябе ціха. Давай, Персі, ты першы.

Хлопчык, на выгляд самы старэйшы, бадзёра накіраваўся да платформ дзевяць і дзесяць. Гары сачыў, імкнучыся не міргаць, каб нічога не прапусціць - але, як толькі хлопчык падышоў да бар'ера, які раздзяляў платформы, аднекуль ззаду высыпаў вялізны натоўп турыстаў і, калі апошні заплечнік знік з поля зроку, руды хлопчык ужо знік.

- Фрэд, ты наступны, - распарадзілася поўная жанчына.

- Я не Фрэд, я Джордж, - з дакорам сказаў хлопчык. - Паслухайце, дама, і вы адважваецеся зваць сябе маці? Хіба вы не бачыце, што я Джордж?

- Выбачай, Джордж, дзетка.

- Я пажартаваў, я Фрэд, - сказаў хлопчык і пайшоў. Яго брат крычаў яму ўслед, каб ён паспяшаўся, і мабыць, Фрэд так і зрабіў, таму што праз секунду яго ўжо не стала - але куды ж ён падзеўся?