І вось ужо трэці брат хутка накіраваўся да бар'ера - вось ён амаль дайшоў - і затым, у адно імгненне, яго таксама не стала.
Вось і ўсё.
- Выбачайце, - звярнуўся Гары да поўнай жанчыны.
- Дабрыдзень, - сардэчна адгукнулася тая, - першы раз едзеш у "Хогвартс"? Рон таксама пачатковец.
Яна паказала на апошняга, малодшага свайго сына. Ён быў высокі, худы, няскладны, увесь у вяснушках, з вялікімі рукамі і нагамі і з доўгім носам.
- Так, - сказаў Гары, - і разумееце, я… разумееце… я не ведаю, як…
- Як патрапіць на платформу? - дабразычліва падказала жанчына, і Гары кіўнуў.
- Не хвалюйся, - супакоіла яна, - табе трэба проста ісці прама на бар'ер між платформамі дзевяць і дзесяць. Не спыняйся і не бойся ўрэзацца, гэта вельмі важна. Лепш за ўсё зрабі гэта з разбегу, калі ты нярвуешся. Давай, ідзі зараз, перад Ронам.
- А… добра, - паспешна пагадзіўся Гары.
Ён пакаціў цялежку наперад, гледзячы на бар'ер. Бар'ер быў жалезны.
Гары пайшоў на яго. Людзі, што спяшаліся на платформы дзевяць і дзесяць, перашкаджалі яму хутка рухацца. Гары пайшоў хутчэй. Зараз ён урэжацца, вось будзе гісторыя - ён нагнуўся і пакаціў цялежку бягом - бар'ер быў усё бліжэй - ён не зможа спыніцца – цялежкай было ўжо стала немагчыма кіраваць - застаўся метр - ён заплюшчыў вочы, гатовы да ўдару…
Удару не было… ён працягваў бегчы… ён расплюшчыў вочы.
На платформе, забітай людзьмі стаяў малінавы паравоз. Шыльда на ім абвяшчала: "Хогвартс Экспрэс, адзінаццаць нуль-нуль". Гары абярнуўся і на месцы бар'ера ўбачыў чыгунную арку са словамі "платформа дзевяць і тры чвэрці". Атрымалася!
Над галовамі ажыўлена гутарыўшых людзей слаўся дым, а пад нагамі ў іх швэндаліся кошкі ўсіх масцей. Совы вухкалі, незадаволена перагаворваючыся адна з адной скрозь шум натоўпу і рыпенне куфараў.
Першыя некалькі вагонаў былі ўжо запоўненыя вучнямі, адны вывешваліся з вокнаў, каб паказаць з сям'ёй, іншыя ваявалі за лепшыя месцы. Гары піхаў цялежку наперад па платформе ў пошуках вольнага месца. Ён прайшоў паблізу круглатварага хлопчыка, які гаварыў:
- Бабуля, я зноў згубіў жабу.
- О, Нэвіл! - уздыхнула пажылая жанчына.
Невялікі натоўп абкружыў хлопчыка з куфэркам у руках.
- Дай паглядзець, Лі, ну калі ласка!
Хлопчык падняў вечка куфэрка, і народ вакол завішчаў, калі з-пад вечка вылезла доўгая валасатая лапа.
Гары з цяжкасцю прабіраўся скрозь натоўп, пакуль, нарэшце, не знайшоў пустога купэ амаль у самім канцы цягніка. Спачатку ён занёс туды Хэдвіг, а потым заняўся пагрузкай куфара. Ён паспрабаваў было занесці куфар па прыступках, але ў яго ледзь хапала сіл яго прыпадняць, і Гары двойчы ўраніў куфар сабе на нагу, што было вельмі балюча.
- Дапамагчы?
Гэта спытаў адзін з рудых двайнят, следам за якімі ён праходзіў скрозь бар'ер.
- Так, калі ласка, - папрасіў Гары, цяжка дыхаючы.
- Гэй, Фрэд! Ідзі сюды, дапамажы!
З дапамогай двайнят куфар Гары быў нарэшце зацягнуты ў купэ.
- Дзякуй, - падзякаваў Гары, прыбіраючы з вачэй вільготныя ад поту валасы.
- Што гэта? - раптам спытаў адзін з двайнят, паказваючы на зігзагападобны шнар.
- Д’ябал! - выклікнуў іншы. – Ты выпадкова не...
- Гэта ён, - сказаў першы. – Гэта ж ты? - спытаў ён у Гары.
- Хто - я? - не зразумеў Гары.
- Гары Потэр, - разам вымавілі двайняты.
- А, вы пра гэта, - сказаў Гары. – Ну, так, гэта я.
Хлопчыкі вылупіліся на яго, і Гары адчуў, што заліваецца фарбай. Тут, на яго палёгку, скрозь адчыненыя дзверы купэ данёсся голас:
- Фрэд? Джордж? Вы тут?
- Ідзем, мама!
Апошні раз зірнуўшы на Гары, двайняты саскочылі на платформу.
Гары сеў ля вакна, адкуль, напалову схаваны, ён мог назіраць за рудавалосым сямействам на платформе і слухаць, аб чым яны гавораць. Іх маці толькі што дастала насоўку.
- Рон, у цябе нешта на носе.
Малодшы сын паспрабаваў вырвацца, але яна моцна ўхапіла яго і прынялася адціраць бруд з кончыка яго носу.
- Мама, адпусці! - Рон вывярнуўся.
- Аааа, у маленькага Ронні брудны носік? - праспяваў адзін з двайнят.
- Змоўкні! - сказаў Рон.
- А дзе Персі? - спытала маці.
- Ды вунь ён ідзе.
Да іх элегантнай хадой набліжаўся старэйшы хлопчык. Ён ужо апрануўся ў пышную чорную Хогвартскую форму, і Гары прыкмеціў у яго на грудзёх зіхатлівы срэбны значык з літарай "С".
- Я не магу заставацца тут доўга, мама, - сказаў хлопчык. – Там асобны вагон для старастаў…
- Ах, ды ты, аказваецца, стараста, Персі? - выклікнуў адзін з двайнят з выразам найвялікшага здзіўлення. - Трэба было нам сказаць, а тое ж мы і не здагадваліся.