Выбрать главу

- Чакай, здаецца, я ўзгадваю, ён нешта гаварыў аб гэтым, - перабіў другі. - Адзін раз…

- Або два…

- Або тры…

- Або ўсё лета…

- Божа, змоўкніце, - замахаў рукамі Персі.

- А чаму ў Персі новая форма? - не супакойваўся першы блізнюк.

- Таму што ён - стараста, - з захапленнем сказала маці. - Ну ўсё, любасны, вучыся добра - не забудзься даслаць саву, адразу як даедзеце.

Яна пацалавала Персі, і той пайшоў назад. Затым яна звярнулася да двайнят.

- Ну, вы двое - сёлета вы павінны паводзіць сябе прыстойна. Калі я атрымаю яшчэ хаця б адну саву з паведамленнем аб тым, што вы штосьці нарабілі - падарвалі туалет або…

- Падарвалі туалет? Мы не падрывалі туалет!

- Але ж выдатная ідэя, мама!

- Не смешна. І глядзіце за Ронам.

- Не хвалюйся, мы нікому не дадзім крыўдзіць маленькага Ронні.

- Змоўкніце, - прабурчэў Рон. Ён быў амаль аднаго росту з двайнятамі, а на носе ў яго ўсё яшчэ пунсавела пляма.

- А, мама, ведаеш што? Здагадайся, каго мы толькі што сустрэлі ў цягніку?

Гары хутка адхіліўся ад акна, каб яны не прыкмецілі, што ён назірае за імі.

- Ведаеш, хто гэты чорнавалосы хлопчык, які быў побач з намі на вакзале? Здагадайся, хто гэта?

- Хто?

- Гары Потэр!

Гары пачуў галасок маленькай дзяўчынкі.

- Ой, мама, можна мне пайсці ў цягнік і паглядзець на яго? Ну, калі ласка!…

- Ты ўжо бачыла яго, Джыні, да таго ж бедны хлопчык не слон з заапарка, каб на яго таропіцца.

Але ж ці гэта сапраўды ён, Фрэд? Як ты яго пазнаў?

- Спытаў. І ў яго шнар. Сапраўды - як маланка.

- Небарака - не дзіўна, што ён адзін, я яшчэ падумала, як дзіўна. Такі ветлівы! Спытаў, як патрапіць на платформу.

- А як ты думаеш, ён памятае, як выглядае Сама-Ведаеш-Хто?

Маці нечакана зрабілася вельмі сур'ёзнай.

- Я забараняю табе аб гэтым пытацца, Фрэд. Не трэба. Нашто яму аб гэтым нагадваць у першы ж школьны дзень!

- Добра, не буду.

Раздаўся свісток.

- Паспяшайцеся! - сказала маці, і ўсе тры хлопчыкі ўскараскаліся на падножку. Потым яны высунуліся з акна, каб яна пацалавала іх на развітанне, а малодшая сястра пачала плакаць.

- Не плач, Джыні, мы засыпем цябе совамі!

- І дашлем вечка ад унітаза.

- Джордж!

- Я жартую, мама.

Цягнік крануўся. Гары ўбачыў, як маці хлопчыкаў махае рукой, а іх сястрычка, плачучы і смеючыся адначасова, бяжыць за цягніком. Потым цягнік разагнаўся, яна спынілася і таксама ўжо толькі махала.

Затым, пасля павароту, праважаючыя зніклі з далягляду. Паблізу вокнаў мільгацелі дамы. Гары быў вельмі ўзбудараджаны. Ён не ўяўляў, што яго чакае наперадзе - але, што б там ні было, усё-ткі гэта лепш за тое, што ён пакідае ззаду.

Дзверы купэ адчынілася, і ўвайшоў малодшы руды.

- Тут хто-небудзь сядзіць? - спытаў ён, паказваючы на сядзенне насупраць Гары. - А то ўсюды занята.

Гары пахістаў галавой, і хлопчык сеў. Ён хутка зірнуў на Гары і адразу ж адвёў позірк убок, робячы выгляд, быццам і не глядзеў зусім. Чорная пляма ў яго на носе так і не адшаравалася.

- Прывітанне, Рон.

Гэта ўвайшлі двайняты.

- Слухай, мы ідзем у сярэдзіну цягніка - Там Джордан паказвае гіганцкага тарантула.

- Добра, - буркнуў Рон.

- Гары, - сказаў адзін з двайнят, - мы не прадставіліся. Фрэд і Джордж Уізлі. А гэта Рон, наш брат. Ну, убачымся.

- Пакуль! - развіталіся Гары і Рон. Дзверы слізганулі на месца, зачыніўшыся за двайнятамі.

- Дык ты насамрэч Гары Потэр? - выпаліў Рон.

Гары кіўнуў.

- А… ну добра, а тое я думаў, што гэта чарговыя жартачкі, - прамармытаў Рон. - І у цябе сапраўды ёсць.. ну, ты разумееш…

Ён паказаў на лоб Гары.

Гары адвёў у бок пасму валасоў, каб стала відаць шнар. Рон глядзеў ва ўсе вочы.

- Гэта дзе Сам-Ведаеш-Хто?…

- Так, - кіўнуў Гары, - але я гэтага не памятаю.

- Зусім? - з цікавасцю спытаў Рон.

- Ну - я памятаю яркае зялёнае святло, і больш нічога.

- Ух ты! - выклікнуў Рон. Ён сядзеў і некаторы час глядзеў на Гары, а потым, як быццам апамятаўшыся, хутка павярнуўся да вакна.

- А у вас чароўная сям'я? - спытаў Гары.

- Эээ… так, па-мойму. Падаецца, у маці ёсць нейкі траюрадны брат - бугалтар, але мы аб ім ніколі не гаворым.

- Дык ты, пэўна, даўно ўмееш чараваць?

Ясна было, што Уізлі - адна з тых самых сем'яў, аб якіх гаварыў бледны хлапчук на Дыягон Алеі.

- Кажуць, ты выхоўваўся ў маглаў, - сказаў Рон. - Якія яны?

- Жудасныя. Ну, не ўсе, вядома. Але мае дзядзька, цётка і стрыечны брат жудасныя. Лепш бы ў мяне было тры браты-чараўнікі.

- Пяць, - паправіў Рон. Ён чамусьці зрабіўся змрочны. - Я - шосты ў сям'і, хто ідзе ў "Хогвартс". Хтосьці, можа, думае, што мне таму ёсць да чаго імкнуцца. Біл і Чарлі ўжо скончылі школу - Біл быў лепшым вучнем школы, а Чарлі - капітанам квідытчнай каманды. Зараз Персі стаў старастай каледжа. Фрэд і Джордж шмат хуліганяць, але ў іх усё роўна вельмі добрыя адзнакі, і ўсё гавораць, што яны вельмі вясёлыя. Ад мяне ўсе чакаюць, што я буду не горш за астатніх, але, нават калі я і буду не горш, то ніхто гэтаму не здзівіцца, таму што мае браты ўжо дамагліся таго ж самага, што ж дзіўнага, калі і я таксама... А потым, калі столькі старэйшых братоў, то ніколі не атрымаеш нічога новага. У мяне форма Білла, чароўная палачка Чарлі і пацук Персі.