Рон палез у кішэню і дастаў тоўстага шэрага пацука. Пацук спаў.
- Яго клічуць Скраберс, і ад яе ніякага сэнсу, спіць цэлымі суткамі. Тата падарыў Персі саву за тое, што той стаў старастай, але пасля гэтага яны ўжо не маглі сабе дазво… ну, то бок, мне дастаўся Скраберс.
Вушы ў Рона счырванелі. Ён, мабыць, вырашыў, што нагаварыў лішняга, таму адвярнуўся і зноў стаў глядзець у вакно.
Але Гары зусім не лічыў, што гэта сорамна, калі бацькі не могуць сабе дазволіць купіць лішнюю саву. Урэшце рэшт, у яго самога ніколі не было ніякіх грошай, калі не лічыць апошняга месяца, вядома. Ён так і сказаў Рону і яшчэ распавёў, як яму вечна прыходзілася даношваць за Дадлі старую вопратку і як яму ніколі нічога не дарылі на дзень нараджэння.
- … і, пакуль не з'явіўся Хагрыд, я і не ведаў, што я чараўнік і нічога не ведаў пра бацькоў і пра Вальдэморта...
Рон ахнуў.
- Што? - не зразумеў Гары.
- Ты назваў Сам-Ведаеш-Каго па імю! - выклікнуў Рон з жахам і захапленнем адначасова. - Я думаў, ужо хто-хто, а ты…
- Ды я зусім не жадаў паказаць, які я адважны і ўсё такое, - стаў апраўдвацца Гары, - проста я не ведаў, што гэта нельга. Разумееш, што я маю на ўвазе? Мне столькі ўсяго трэба пазнаць… Трымаю пары, - нерашуча дадаў ён, у першы раз за ўвесь час выказваючы ўслых раздзіраючыя яго асцярогі, - Я буду самы горшы ў класе.
- Нічога падобнага. У школе шмат дзяцей з сем'яў маглаў, і яны вучацца не горш за іншых.
Пакуль яны размаўлялі, цягнік ужо ад'ехаў далёка ад Лондана. У вакно зараз былі бачныя пашы са статкамі кароў і авечак. Дзеці памаўчалі, гледзячы на палі і сцяжынкі, што праносіліся побач.
Каля паловы на першую за дзвярыма пачулася грукатанне, і ўсмешлівая жанчына з ямачкамі на шчоках зазірнула ў купэ са словамі:
- Ці не жадаеце што-небудзь набыць, дзеткі?
Гары, які сёння не снедаў, адразу ўскочыў, а ў Рона зноў счырванелі вушы, і ён прамармытаў нешта наконт бутэрбродаў з дома. Гары выйшаў у калідор.
Калі ён жыў у Дурсляў, у яго ніколі не было грошай ані на прысмакі, ані на марозіва, а таму зараз, з кішэнямі, набітымі срэбрам і золатам, ён быў гатовы купіць столькі шакаладак "Марс", колькі знойдзецца ў цялежцы - але ў прадаўшчыцы не было шакаладак "Марс". У яе былі ляндрынкі ўсіх смакаў “Берці Ботс”, “ўзрыўная жуйка Друбліса”, шакалабкі (“шакаладныя жабкі”), гарбузенькі (пячэнне з гарбузоў), торцікі, лакрычныя чароўныя палачкі і шматлікія іншыя дзіўныя штучкі, якіх Гары ніколі ў сваім жыцці не бачыў. Не жадаючы нічога ўпусціць, ён набыў усяго патрошку і аддаў прадаўшчыцы адзінаццаць срэбных сіклей і сем бронзавых кнатаў.
Гары прыцягнуў усё гэта ў купэ і паклаў на пустое сядзенне. Рон здзівіўся:
- Такі галодны?
- Паміраю з голаду, - прызнаўся Гары і адкусіў вялізны кавалак гарбузенькі.
Рон дастаў пульхны скрутак і разгарнуў яго. Усярэдзіне апынуліся чатыры бутэрброды. Ён аддзяліў адзін бутэрброд ад іншых і прамармытаў:
- Вечна яна забывае, што я не люблю ялавічыну.
- Давай памяняемся, - прапанаваў Гары, паказваючы на гарбузенькі. - Давай…
- Табе не спадабаецца, гэтая ялавічына такая сухая, - сказаў Рон. – Мама проста забылася дадаць соўс...У яе так мала часу, - дадаў ён паспешліва, - разумееш, усё-ткі пяцёра дзяцей…
- Не саромейся, бяры, - падбадзёрыў яго Гары, якому ніколі раней не даводзілася нічым дзяліцца, ды і не было з кім, па праўдзе сказаць. І яму гэта здалося так выдатна, сядзець побач з Ронам і разам есці гарбузенькі, торцікі і цукеркі (бутэрброды былі забытыя).
- А гэта што такое? - спытаў Гары ў Рона, дастаючы пачак шакалабак. – Гэта не сапраўдныя жабы? - зрэшты, ён б не здзівіўся.
- Не, яны проста з шакаладу, - адказаў Рон. - Толькі картку не выкідвай. А то ў мяне Агрыпы няма.
- Чаго?
- Ой, ну вядома, ты ж не ведаеш - у шакалабках заўсёды карткі, разумееш, такія, якія можна збіраць, на іх знакамітыя чараўнікі і ведзьмы. У мяне іх ужо каля пяцісот, а ні Агрыпы, ні Пталямея так і не трапляецца.