Выбрать главу

Герміёна казала вельмі хутка, але Гары ўсё ж зразумеў сэнс сказанага.

Ён паглядзеў на Рона і з палёгкай зразумеў па ягонаму ашаломленаму выгляду, што той таксама не вывучыў напамяць усе падручнікі.

- Я - Рон Уізлі, - прамармытаў Рон.

- Гары Потэр, - сказаў Гары.

- Праўда?! - захапілася Герміона. - Я, вядома ж, усё пра цябе ведаю, у мяне былі кніжкі для дадатковага чытання, і пра цябе напісана ў "Гісторыі сучаснай магіі", і ў "Росквіце і падзенні цёмных сіл", і ў "Вялікіх чараўніцтвах дваццатага стагоддзя".

- Няўжо? - здзівіўся Гары, адчуваючы галавакружэнне.

- О, ды няўжо ты не ведаеш, я б высвятліла ўсё дасканала, калі б гэта датычылася мяне, - сказала Герміёна. - Вы ўжо ведаеце, у якім каледжы будзеце вучыцца? Я тут параспытвала, спадзяюся, мяне залічаць у "Грыфіндор", ён самы лепшы; кажуць, там сам Дамблдор вучыўся, але, мяркую, і "Рэйвенкло” таксама нічога… У любым выпадку, зараз трэба адшукаць жабу Нэвіла. А вам абодвум, ведаеце, лепш бы перапрануцца, па маіх падліках, мы хутка прыедзем.

Яна сыйшла, прыхапіўшы з сабою хлопчыка без жабы.

- Не ведаю, у якім я буду каледжы, абы не там, дзе яна, - прабурчэў Рон. Ён шпурлянуў палачку назад у куфар. - Ідыёцкая замова! Мне яе Джордж даў. Галаву даю на адсячэнне, ён ведаў, што гэта не замова, а глупства!

- А у якім каледжы твае браты? - спытаў Гары.

- У "Грыфіндоры", - адказаў Рон. І зноў спахмурнеў. - Маці з татам таксама там вучыліся. Не ведаю, што яны скажуць, калі мяне залічаць у які-небудзь іншы. Не думаю, што "Рэйвенкло" шмат горш, але ўяві, што будзе, калі я патраплю ў "Слізэрын".

- Гэта там вучыўся Валь… ой, Сам-Ведаеш-Хто?

- Ага, - Рон з няшчасным выглядам плюхнулся на сядзенне.

- Ведаеш, мне падаецца, кончыкі вусоў у Скраберс сталі прыкметна святлей, - паспрабаваў падбадзёрыць яго Гары. - А чым зараз займаюцца твае старэйшыя браты, пасля сканчэння школы?

Гары было цікава, чым наогул займаюцца чараўнікі, скончыўшы школу.

- Чарлі ў Румыніі, вывучае драконаў, а Біл у Афрыцы па справах "Грынгатса", - сказаў Рон. Чуў пра "Грынгатс"? Гэта было ў "Прароку", маглы яе, пэўна, не выпісваюць… хтосьці спрабаваў абрабаваць звышсакрэтны сейф.

Гары вытарапіў вочы.

- Праўда? І што? Што стала з рабаўнікамі?

- Ды нічога, таму ўвесь і шум. Іх не злавілі. Тата кажа, што толькі вельмі моцны злы вядзьмак можа абыйсці ахову "Грынгатса", хоць, па чутках, адтуль нічога не выкралі. Гэта вельмі дзіўна. І ведаеш, усе адразу палохаюцца, калі здараецца нешта падобнае - раптам за гэтым стаіць Сам-Ведаеш-Хто.

Гары спрабаваў пераварыць гэтую навіну. Зараз пры адным згадванні імя Самі-Ведаеце-Каго ў яго па спіне мурашкі паўзлі ад страху. Ён меркаваў, што так і павінна быць, цяпер ён быў часткай чароўнага свету, аднак раней было прасцей: ён спакойна гаварыў "Вальдэморт" і пры гэтым выдатна сябе адчуваў.

- А ты за якую квідытчную каманду балееш? - спытаў Рон.

- Эээ… а я ні адной не ведаю, - прызнаўся Гары.

- Што! - Рон не мог зразумець, як можна не ведаць ніводнай квідытчнай каманды. - Ой, чакай, я табе раскажу, гэта ж лепшая гульня на свеце… - і ён з захапленнем прыняўся тлумачыць пра чатыры мячы і пра пазіцыі сямёх гульцоў, апісваць ход вядомых матчаў, на якіх ён пабываў з братамі, і пералічваць мадэлі мётлаў, якія б ён набыў, калі б у яго было шмат грошай. Ён як раз распісваў Гары пра мінулагодні фінал кубка Англіі, калі дзверы купэ яшчэ раз адчыніліся, але гэтым разам прыйшоў не Нэвіл, хлопчык без жабы, і нават не Герміёна Грэйнджэр.

Увайшлі трое хлопцаў, і таго, што стаяў пасярэдзіне, Гары адразу пазнаў: гэта быў бледны хлапчук з крамы мадам Малкін. Ён глядзеў на Гары з куды большай цікавасцю, чым там, на Дыягон Алеі.

- Гэта праўда? - напышліва спытаў ён. - Усё ў цягніку гавораць, што ў гэтым купэ едзе Гары Потэр. Дык гэта ты?

- Так, - Гары акінуў поглядам іншых двух хлопчыкаў. Абодва яны былі даволі моцныя і мелі непрыемны выгляд. Яны стаялі па баках ад бледнага хлапчука, і нагадвалі целаахоўнікаў.

- Дарэчы, гэта Крэбб, а гэта - Гойл, - нядбайна прадставіў прыяцеляў бледны хлапчук, заўважыўшы, што Гары разглядае іх. - А мяне клічуць Малфой, Драко Малфой.