Выбрать главу

Малфой вярнуўся да Крэба і Гойла, вельмі задаволены сабою.

Заставалася не так ужо шмат народу.

Мун…, Нот…, Паркінсан…, потым дзяўчынкі-блізняткі Паціл…, потым Перкс, Саллі-Эн…, а потым, нарэшце –

- Потэр, Гары!

Ледзь толькі былі вамаўленыя гэтыя словы, па Зале, як язычкі полымя, успыхнулі прыглушаныя воклічы:

- Яна сказала, Потэр?

- Той самы Гары Потэр?

Апошняе, што ўбачыў Гары перад тым, як капялюш з'ехаў яму на вочы, была поўная зала студэнтаў, якія прыўзняліся з месцаў, каб лепей разглядзець яго. У наступную секунду ён ужо разглядаў чорны выварат капялюша. І чакаў.

- Хмм, - вымавіў ціхі голас яму ў вуха. - Складана. Вельмі складана. Вельмі адважны, гэта бачна. Але і кемлівы. Талент, так, бог ты мой, вядома ж - і вялікае жаданне выявіць сябе, вось што цікава… Куды ж мне цябе накіраваць?

Гары ўчапіўся рукамі ў зэдлік і маліўся: толькі не ў Слізэрын, толькі не ў Слізэрын.

- Толькі не ў Слізэрын, кажаш? - перапытаў ціхі голас. - Упэўнены? Ты мог бы стаць вялікім, ведаеш, у цябе ўсё для гэтага ёсць, і Слізэрын вывядзе цябе адразу да славы, у гэтым няма ніякіх сумненняў - не жадаеш? Не? Што ж, калі ты ўпэўнены – тады... Грыфіндор!

Гары зразумеў, што апошняе слова было вымаўлена на ўсю залу. Ён сцягнуў капялюш і на дрыготкіх нагах адправіўся да стала "Грыфіндора". Ён адчуў вялізную палёгку, што яго ўсё-ткі вылучылі і да таго ж не накіравалі ў Слізэрын, і нават не заўважыў, што яму пляскалі і крычалі больш, чым усім астатнім. Стараста Персі устаў і энергічна патрос яму руку, у той час як двайняты Уізлі надрываліся: "Потэр з намі! Потэр з намі!". Гары сеў насупраць прывіда ў жабо, якога ён бачыў раней. Прывід папляскаў яго па руцэ, і ў Гары з'явілася непрыемнае адчуванне, быццам ён толькі што акунуў руку ў вядро з ледзяной вадой.

Цяпер ён мог разглядзець Высокі Стол. З блізкага боку сядзеў Хагрыд, які злавіў яго погляд і падняў уверх абодва вялікія пальцы. Гары ўсміхнуўся ў адказ. У цэнтры Высокага Стала, у вялікім залатым крэсле, сядзеў Альбус Дамблдор. Гары адразу ж пазнаў яго па картцы, якая яму патрапілася ў цягніку, у шакалабцы. Срэбная галава Дамблдора адзіная ва ўсёй Зале зіхацела гэтак жа ярка, як прывіды. Гары зазначыў таксама прафесара Квірэла, нярвовага маладога чалавека з "Дзіравага катла". У вялікім пурпурным цюрбане ён выглядаў дзіўна і неяк недарэчна.

Да гэтага часу засталося ўсяго чацвёра неразмеркаваных. Дын Томас, хлопчык, які быў яшчэ вышэй за Рона, далучыўся да Гары за сталом Грыфіндора. Ліза Цюрпін накіравалася ў Рэйвенкло, і тады надышла чарга Рона. Небарака даўно ўжо быў бледна-зялёнага колеру. Гары пад сталом скрыжыў пальцы, і праз секунду капялюш закрычаў: Грыфіндор!

Гары гучна пляскаў разам з астатнімі, калі Рон зваліўся на крэсла побач з ім.

- Выдатна, Рон, проста цудоўна, - напышчана вымавіў Персі Уізлі, у той час як Блэйз Забіні быў прызначаны ў Слізэрын. Прафесар МакГонагал скруціла скрутак і забрала капялюш-размеркавальнік.

Гары паглядзеў на пустую залатую талерку перад ім. Толькі зараз ён адчуў, наколькі прагаладаўся. Апошні раз, падавалася, ён еў сотню гадоў таму, хоць на самой справе гэта было толькі некалькі гадзін таму ў цягніку.

Альбус Дамблдор падняўся. Ён глядзеў на навучэнцаў і ззяў, працягваючы ім насустрач рукі, так, як быццам для яго не было ў жыцці большага задавальнення, чым бачыць усіх, хто сабраўся разам у гэтай зале.

- Сардэчна запрашаем! - выклікнуў ён. - Сардэчна запрашаем да пачатку новага навучальнага года ў "Хогвартсе"! Перш чым пачаць банкет, я жадаў бы сказаць некалькі слоў. А словы мае будуць такія: Лайдак! Румза! Пульхір! Рэшта! Дзякуй!

Дамблдор сеў на месца. Усе радасна закрычалі і запляскалі ў ладкі. Гары не ведаў, смяяцца яму ці не.

- Ён што - злёгку таго? - няўпэўнена звярнуўся ён да Персі.

 - Таго? - безуважліва перапытаў Персі. - Ён геній! Ён найлепшы чарадзей у свеце! Але ён, цалкам дакладна, злёгку таго. Пакласці табе бульбы?

Гары так і ахнуў ад здзіўлення – аказалася, сталы даўно ўжо былі поўныя страў. Яму яшчэ ні разу не даводзілася бачыць столькі смачных страў разам: смажаныя кураняты, свіныя адбіўныя, сасіскі, бякон, стэйк, смажаная бульба, вараная бульба, бульба фры, ёркшырскі пудынг, гарошак, морква, поліўка, кетчуп і, нават мятныя ляндрынкі, якія немаведама як таксама апынуліся на стале.

Наогул, Дурслі не мардавалі Гары голадам, але ўсё ж ён ніколі не еў уволю, столькі, колькі яму хацелася. Акрамя таго, Дадлі заўсёды адбіраў усё, да чаго Гары выяўляў цікавасць, нават калі самога Дадлі ад гэтага нудзіла. Гары напоўніў талерку да бакоў, паклаўшы ўсяго патрошку (акрамя лядзяшоў) і стаў есці. Ежа была вельмі смачная.