Кожную сераду, апоўначы, дзеці павінны былі, гледзячы ў тэлескоп, вывучаць начное неба, зубрыць назовы зорак і траекторыі руху планет. Тры разы на тыдзень яны накіроўваліся ў цяпліцу на заднім двары вывучаць гербалогію пад кіраўніцтвам прафесара Спроўт, прысадзістай карчакаватай вядзьмаркі, якая вучыла, як збіраць і апрацоўваць травы і грыбы і як іх выкарыстоўваць.
Самым нецікавым урокам была гісторыя магіі, адзіны прадмет, які выкладаў прывід. Прафесар Бінз быў вельмі-вельмі стары і аднойчы заснуў перад комінам у настаўніцкай - а на наступную раніцу прыйшоў на ўрок ужо без цела. Бінз бубніў і бубніў, а дзеці машынальна запісвалі імёны і даты, блытаючы Эмерыка Злога з Умерыкам Дзіўным. Прафесар Флітвік, выкладчык замоваў, быў такі малюсенькі, што яму даводзілася стаяць на стосе кніг, для таго, каб вучні маглі яго добра бачыць з-за кафедры. На першым занятку падчас пераклічкі ён, прачытаўшы прозвішча Гары, у захапленні крыкнуў і зваліўся пад стол.
Прафесар МакГонагал, як і ўсе астатнія настаўнікі ў школе, валодала сваёй, ярка выяўленай індывідуальнасцю. Гары меў рацыю, калі падумаў, што яна не той чалавек, з якім варта спрачацца. Строгая і разумная, яна задала тон адносін на першым жа занятку, ледзь толькі дзецям селі на свае месцы.
- Ператварэнні - самае складанае і небяспечнае чараўніцтва, якое вы будзеце вывучаць у "Хогвартсе", - сказала яна. - Тыя, хто будзе валяць дурня ў мяне на занятках, пакінуць клас назаўжды. Гэтае першае і апошняе папярэджанне.
Потым яна ператварыла стол у свінню і назад. Дзеці былі ў захапленні і не маглі дачакацца, калі і ім будзе дазволена прарабіць штосьці падобнае, але неўзабаве ўсвядомілі, што да ператварэння мэблі ў жывёлін ім яшчэ вельмі і вельмі далёка. Пасля таго, як яны доўга пісалі ў сшытак складаныя формулы, кожнаму была выдадзеная запалка, якую трэба было ператварыць у іголку. Да канца ўроку адна толькі Герміёна Грэйнджэр змагла хоць крыху змяніць выгляд запалкі; прафесар МакГонагал паказала ўсяму класу, што запалка стала ўся срэбная і вострая на канцы, і нават усміхнулася Герміёне, хоць наогул усміхалася надзвычай рэдка.
Усё з нецярпеннем чакалі першага ўроку па абароне ад сіл зла, але аказалася, што заняткі ў прафесара Квірэла - проста нейкая пародыя. У класе моцна пахла часныкам; казалі, часнык выкарыстоўваўся прафесарам Квірэлам для адпужвання вампіра, які калісьці напаў на яго ў Румыніі і які, прафесар быў абсалютна ўпэўнены, аднойчы абавязкова павінен быў вярнуцца. Цюрбан, растлумачыў ён вучням, быў падораны яму адным афрыканскім прынцам у знак падзякі за збавенне ад зомбі, але дзеці не вельмі верылі гэтай гісторыі. Па-першае, калі цікаўны Шэймас Фініган папрасіў распавесці падрабязней пра барацьбу з зомбі, прафесар Квірэл счырванеў і загаварыў аб надвор'і; па-другое, ад цюрбана зыходзіў моцны і дзіўны пах - двайняткі Уізлі сцвярджалі, што цюрбан таксама набіты часныкам, каб абараняць прафесара Квірэла паўсюль, куды б той ні пайшоў.
Гары ўздыхнуў з палёгкай, калі зразумеў, што не так ужо адстае ад усіх астатніх. Шмат дзяцей былі з сем'яў маглаў і, гэтак жа, як ён сам, да атрымання ліста не падазравалі, што з'яўляюцца чараўнікамі і ведзьмамі. Новых ведаў на вучняў сыпалася так шмат, што нават дзеці накшталт Рона мелі не занадта шмат форы.
У пятніцу ў Гары з Ронам быў адмысловы дзень: яны нарэшце змаглі дабрацца на сняданак у Вялікую Залу, ні разу не заблукаўшы па дарозе.
- Што ў нас сёння? - спытаў Гары ў Рона, пасыпаючы аўсянку цукрам.
- Першыя дзве пары - зелле, разам са Слізэрынцамі. - адказаў Рон. - Снэйп дэкан у "Слізэрыне". Кажуць, ён ва ўсім ім дапамагае і заўжды заступаецца за іх - убачым, ці праўда гэта.
- Добра б МакГонагал так адносілася да нас. - сказаў Гары. Прафесар МакГонагал была дэканам каледжа "Грыфіндор", але гэта зусім не замінула ёй на ўчорашнім занятку загрузіць "сваіх" гіганцкай дамашняй работай.
У гэты час прыбыла пошта. Зараз Гары ўжо звыкся, але ў першую раніцу было не па сабе, калі ў Вялікую Залу падчас сняданку ўляцела не меней сотні соў і закруціла над сталамі ў пошуках гаспадароў, а потым стала скідаць лісты і пасылкі ім на калені.
Дагэтуль Хэдвіг нічога не прыносіла Гары. Яна часам падлятала паскубці яго за вушы або падзюбаць дробак, перш чым адправіцца адпачываць у савятню разам з астатнімі птушкамі. Гэтай раніцай, аднак, яна прызямлілася паміж вазачкай з джэмам і цукарніцай і кінула занатоўку Гары на талерку. Гары неадкладна адкрыў пасланне. Вельмі неакуратным почыркам там было напісана: