Дарагі Гары,
У пятніцу ў другой палове дня ты вольны, ці жадаеш папіць са мной гарбаты, гадзіны ў тры?
Жадаю пачуць ад цябе пра першы тыдзень у школе. Дашлі адказ з Хэдвіг.
Хагрыд.
Гары пазычыў у Рона пяро, надрапаў "Вядома, жадаю, убачымся" на зваротным баку лістка і прычапіў яго да лапкі Хэдвіг.
Гарбата з Хагрыдам прыйшлася вельмі дарэчы, інакш урок зеллеварэння апынуўся б для яго яшчэ больш цяжкім выпрабаваннем. Дагэтуль за ўвесь час вучобы з Гары не здаралася нічога больш прыкрага.
На банкеце з нагоды пачатку навучальнага года Гары здалося, што прафесару Снэйпу ён не спадабаўся. Напрыканцы першага ўроку зеллеварэння ён зразумеў, што ён не проста не спадабаўся прафесару - той люта ўзненавідзеў яго.
Заняткі па зеллеварэнню праводзіліся ў адным з падзямелляў замка. Там было значна халадней, чым наверсе, і мурашкі бегалі б па целе ў любым выпадку, нават калі б па паліцах не былі расстаўленыя шматлікія слоікі з заспіртаванымі жывёлінамі.
Снэйп, як і Флітвік, пачаў урок з пераклічкі і, падобна Флітвіку, зрабіў паўзу на прозвішчы Гары.
- О, - сказаў ён ціха, - Гары Потэр. Наша новая… знакамітасць.
Драко Малфой і яго сябрукі Крэб і Гойл хіхікнулі. Снэйп скончыў пераклічку і агледзеў клас. У вачах, такіх жа чорных, як і ў Хагрыда, не было і следа дабрыні, уласцівай ключніку. Гэта былі пустыя і халодныя вочы, якія наводзілі на думку аб цёмных тунэлях.
- Вы прыйшлі сюды, каб вывучаць дакладную навуку і тонкае мастацтва падрыхтоўкі чароўных зелляў, - пачаў ён. Ён гаварыў амаль шэптам, але вучні лавілі кожнае яго слова - як і прафесар МакГонагал, Снэйп валодаў мастацтвам без найменшых высілкаў утрымліваць увагу класа. - Паколькі тут няма нічога ад дурнога размахвання палачкамі, хтосьці з вас можа засумнявацца, ці можна гэта назваць магіяй. Я і не чакаю, што вы здолееце годна ацаніць чароўную прыгажосць ціха закіпаючага катла і мігатлівых над ім выпарэнняў, далікатную моц вадкасцяў, якія праходзяць па чалавечых венах, якія зачароўваюць розум. Я магу навучыць вас разліваць па бутэльках славу, настойваць адвагу, рыхтаваць жывую ваду… калі толькі вы не такія ж непраходныя тупені, як тыя, каго мне звычайна даводзіцца вучыць.
Пасля гэтай непрацяглай прамовы наступіла доўгае маўчанне. Гары з Ронам абмяняліся здзіўленымі поглядамі. Герміёна Грэйнджэр круцілася на стуле, гатовая ў любую секунду пачаць даказваць, што яна не тупень.
- Потэр! - раптам выклікаў Снэйп. - Што атрымаецца, калі насыпаць тоўчаны корань златакветкі ў настойку палыну?
Тоўчаны корань чаго ў настойку чаго? Гары азірнуўся на Рона. У таго на твары застыў не менш ашаломлены выраз, чым у самога Гары, затое рука Герміёны так і стрэліла ў паветра.
- Я не ведаю, сэр, - адказаў Гары.
Вусны Снэйпа скрывіліся ва ўсмешцы.
- Тц-тц… так, адной славы відавочна недастаткова.
На паднятую руку Герміёны ён не звярнуў ніякай увагі.
- Паспрабуем яшчэ. Потэр, дзе б вы сталі шукаць, калі б я папрасіў вас прынесці мне безааравы камень?
Герміёна выцягнула руку наколькі было магчыма без таго, каб устаць са стула. А Гары не меў ні найменшага ўяўлення аб безааравым камені. Ён імкнуўся не глядзець у бок Малфоя, Крэба і Гойла, якія рагаталі.
- Не ведаю, сэр.
- Мяркую, да школы вы не зазіралі ў кнігі, так, Потэр?
Гары прымусіў сябе не адводзіць погляд ад гэтых халодных вачэй. Ён зазіраў у кнігі да школы, але няўжо Снэйп лічыць, што ён абавязаны памятаць усё, што напісана ў "Тысячы чароўных траваў і грыбоў"?
Снэйп па-ранейшаму не звяртаў увагі на руку Герміёны.
- У чым розніца, Потэр, паміж воўчай атрутай і клабуком манаха?
Герміёна ўстала, выцягваючы руку так, быццам спрабавала дастаць да столі.
- Я не ведаю, - імкнучыся захоўваць спакой, адказаў Гары, - Але, па-мойму, Герміёна ведае, чаму б вам не спытаць яе?
Раздаліся смешкі; Гары сустрэўся вачыма з Шэймасам, і той падміргнуў. Снэйп, аднак, быў незадаволены.
- Сядзьце, - крынуў ён на Герміёну. - Да вашай звесткі, Потэр, златакветка з палыном утвораць снатворнае зелле такой сілы, што яно атрымала назоў "глыток жывой смерці". Безааравы камень здабываецца са страўніка казла і можа выратаваць ад большасці атручэнняў. Што ж датычыцца воўчай атруты і клабука манаха, то гэта адная і тая ж расліна, вядомая таксама пад назовам аканіт. Ну, у чым справа? Чаму ніхто не запісвае?