Раздаўся ліхаманкавы шолах пергамента і рыпанне пёраў. У гэтым шуме Снэйп вымавіў ціхім голасам:
- А за ваш нахабны адказ з Грыфіндора здымаецца адзін бал, Потэр.
Па меры таго, як урок працягваўся, становішча Грыфіндора не палепшылася. Снэйп разбіў клас на пары і загадаў усім змешваць нескладанае зелле для лячэння апёкаў. Ён імкліва расхаджваў па класе ў сваёй доўгай чорнай мантыі, назіраючы, як дзеці ўзважваюць сушаную крапіву і парашок змяіных зубоў, і крытыкаваў усіх і кожнага за выключэннем Малфоя, які, па ўсім, спадабаўся яму з першага погляду. Снэйп як раз заклікаў усіх паглядзець, як ідэальна Малфой выварыў рагатага слімака, калі раптам аднекуль павалілі клубы зялёнага з'едлівага дыму, і па ўсім падзямеллі разнеслася гучнае шыпенне. Нэвіл незразумелым чынам здолеў расплавіць кацёл Шэймаса, і зараз зелле, якое яны ўдвух гатавалі, лілося на каменную падлогу, прапальваючы дзіркі ў чаравіках вучняў, што стаялі побач. У лічаныя секунды ўсе паўскоквалі на стуллі. Нэвіл, якога абліло зеллем, стагнаў ад болю, а па ягоных руках і нагах хутка распаўсюджваліся страшныя чырвоныя апёкі.
- Чортаў ідыёт! - загарлапаніў Снэйп, прыбіраючы разлітую вадкасць узмахам чароўнай палачкі. - Мабыць, вы паклалі іголкі дзікабраза да таго, як зняць кацёл з вагню?
Нэвіл усхліпваў - апёкі ўжо дабраліся да яго носу.
- Адвядзіце яго ў медпункт, - рэзка загадаў Снэйп Шэймасу. І тут жа абрынуў гнеў на Гары і Рона, якія працавалі побач з Нэвілам.
- Вы, Потэр - чаму вы не спынілі яго? Думалі, як добра будзеце выглядаць самі на яго фоне? Грыфіндор наўрад ці скажа вам дзякуй - вы страцілі яшчэ адзін бал.
Гэта было так несправядліва! Гары адкрыў рот, вырашыўшы адстойваць свае правы, але Рон штурхнуў яго нагой.
- Не спрачайся з ім, - прашаптаў ён, - Кажуць, Снэйп бывае проста жудасны, Грыфіндор можа страціць яшчэ пару дзесяткаў балаў.
Калі праз гадзіну яны караскаліся з падзямелля ўверх па прыступках, Гары быў страшэнна злосны і ўвесь час ліхаманкава абдумваў тое, што здарылася на занятку. З-за яго ў першы ж тыдзень Грыфіндор страціў два балы – за што Снэйп так моцна яго ненавідзіць?
- Не хвалюйся, - суцяшаў яго Рон. - Фрэда і Джорджа Снэйп таксама заўсёды карае і здымае балы. А можна, я пайду з табой да Хагрыда?
Без пяці тры яны вышлі з замка і накіраваліся праз двор на ўзлесак Забароненага лесу, дзе стаяла хатка Хагрыда. Над дзвярыма віселі арбалет і гіганцкія боты.
Гары пастукаў. Знутры данеслася адчайнае драпанне і гулкае выццё. Потым раздаўся голас Хагрыда: "назад, Фанг, назад".
У прыадчыненым дзвярным праёме з'явіўся вялікі валасаты твар Хагрыда.
- Пачакайце, - сказаў ён. - Назад, Фанг.
Ён упусціў хлопцаў, з вялізнымі высілкамі ўтрымліваючы за ашыйнік здаравеннага чорнага сабаку.
У хатцы быў усяго адзін пакой. Са столі звісалі шынкі і фазаны, на адчыненым агні кіпеў медны імбрык, а ў куце стаяў масіўны ложак, пакрыты коўдрай.
- Будзьце як дома, - запрасіў Хагрыд, адпускаючы Фанга. Сабака тут жа накінуўся на Рона і стаў аблізваць яму вушы. Як і сам Хагрыд, Фанг быў зусім не такім лютым, якім падаваўся.
- Гэта Рон, - сказаў Гары Хагрыду, які наліваў кіпень у вялікі заварачны імбрычак і выкладваў на талерку каменна-чэрствыя булачкі.
- Чарговы Уізлі, так? - спытаў Хагрыд, зірнуўшы на вяснушкі Рона. – Паўжыцця правёў, вартуючы лес ад тваіх братоў.
Каменныя булачкі пры найблізкім аглядзе аказаліся бясформеннымі плюшкамі з разынкамі, аб якія можна было зламаць зубы, але Гары з Роном зрабілі выгляд, быццам яны ў захапленні ад пачастунка і распавялі Хагрыду аб сваіх першых уражаннях ад школы. Фанг паклаў галаву Гары на калені і абслініў яму мантыю.
Рон з Гары былі ў захапленні ад таго, што Хагрыд абазваў Філча "старым дурнем".
- А гэтая яго кошка, місіс Норыс, вось бы Фанга з ёй пазнаёміць. Ведаеце, калі я заходжу ў школу, яна паўсюль за мной цягаецца. Гэта ўсё Філч яе на мяне натаскаў.
Гары распавёў Хагрыду аб тым, што здарылася на ўроку ў Снэйпа. Хагрыд, гэтак жа як і Рон, сказаў, што Гары не павінны турбавацца, бо Снэйпу практычна ніхто з вучняў не падабаецца.
- Але мяне ён люта ненавідзіць!
- Глупства, - не паверыў Хагрыд. - Чаму?
І усё ж Гары здалося, што Хагрыд пры гэтых словах адвёў вочы.
- А дзе зараз Чарлі? - спытаў Хагрыд у Рона. - Добры хлопец - жывёлін любіць.
Цікава, ці знарок ён змяніў тэму, падумаў Гары. Пакуль Рон распавядаў Хагрыду, як Чарлі працуе з драконамі, Гары ўзяў са стала газету. Гэта быў "Прарок":