Выбрать главу

Герміёна адкрыла было рот, магчыма, каб паведаміць Рону ўсё, што ёй вядома аб Праклёне Дамавіка, але Гары шэптам загадаў ёй паводзіць сябе ціха і паманіў усіх за сабою.

Яны паціху рухаліся па калідорах, асветленыя месяцовым святлом, якое падала на іх праз высокія вокны. На кожным павароце Гары маральна рыхтаваўся да раптоўнага сутыкнення з Філчам або з місіс Норыс, але покуль дзецям шанцавала. Вельмі хутка ўзабраўшыся па лесвіцы на трэці паверх, яны прабраліся ў трафейную.

Малфой і Крэб яшчэ не прыйшлі. Крыштальныя трафейныя шафы зіхацелі ў месяцовым святле. Кубкі, шчыты, даспехі і статуі пераліваліся ў цемры залатымі і срэбнымі агнямі. Хлопцы ціснуліся бліжэй да сценаў, не адрываючы вачэй ад дзвярэй з ўсіх бакоў пакоя. Гары выцягнуў чароўную палачку на той выпадак, калі Малфой выскачыць з цемры і пачне дуэль нечакана. Хвіліны паўзлі вельмі павольна.

- Спазняецца, можа, спалохаўся, - шэптам выказаў здагадку Рон.

Іх успудзіў раптоўны шум у суседнім пакоі. Толькі Гары падняў чароўную палачку, як раздаўся нечы голас - і гэта не быў голас Малфоя.

- Прынюхайцеся, мая дарагая, яны напэўна забіліся ў кут.

Гэта Філч гаварыў з місіс Норыс. Ахоплены жахам, Гары шалёна замахаў рукамі, жэстамі паказваючы, каб усе ішлі за ім да дзвярэй, прочкі ад Філча. Нэвіл толькі-толькі знік за кутом калідора, як стала чуваць, што Філч уваходзіць у трафейную.

- Яны дзесьці тут, - пачулі дзеці заклапочанае мармытанне, - Пэўна, хаваюцца.

- Сюды! - аднымі вуснамі вымавіў Гары і, перапуджаныя, студэнты сталі прабірацца па доўгай галерэі, абстаўленай зброяй і даспехамі. Мяркуючы па гуку крокаў, Філч набліжаўся. Нечакана Нэвіл выдаў адчайны лямант і кінуўся бегчы - паслізнуўся, ухапіўся за Рона, і ўдзвюх яны ўляцелі наўпрост у зіготкія даспехі нейкага рыцара.

Клацанне і грукат абудзілі, пэўна, увесь замак.

- БЯЖЫМ! - крыкнуў Гары, і ўсе чацвёра рынуліся прэч з галерэі, нават не аглядаючыся, ці гоніцца за імі Філч - яны дабеглі да дзвярэй і панесліся па калідоры, Гары наперадзе, не маючы ні найменшага ўяўлення аб тым, дзе яны знаходзяцца і куды бягуць - прадзёршыся скрозь габеленавую заслону, яны апынуліся ў таемным пераходзе, прабеглі па ім і вышлі да кабінета заклёнаў, які, як ім было вядома, знаходзіўся ўбаку ад трафейнай, на адлегласці некалькіх міль.

- Здаецца, адарваліся, - цяжка дыхаючы вымавіў Гары, прыхіляючыся да халоднай сцяны і выціраючы пот з ілба. Нэвіл сядзеў на падлозе, і нешта ўсярэдзіне яго свістала і булькала пры дыханні.

- Я - вам - казала, - перарывістым голасам паўтарала Герміёна, прыклаўшы рабро далоні да сярэдзіны грудзей, - казала - я - вам.

- Трэба вяртацца назад у Грыфіндорскую вежу, - сказаў Рон, - як мага хутчэй.

- Малфой правёў цябе, - звярнулася да Гары Герміёна. - Ты гэта разумееш, я спадзяюся? Ён і не збіраўся прыходзіць - затое Філч ведаў, што хтосьці будзе ў трафейнай, мабыць, сам Малфой яму і данёс.

Пра сябе Гары пагадзіўся, што яна, верагодна, мае рацыю, але не збіраўся прызнаваць гэтага ўслых.

- Пайшлі.

Аднак гэта аказалася не так проста. Кампаніі не атрымалася зрабіць і дзесятка крокаў, як дзвярная ручка задрыжэла, і з найблізкага класнага пакоя штосьці выляцела прама ім пад ногі.

Гэта быў Піўз. Ён убачыў дзяцей і выдаў лямант захаплення.

- Цішэй, Піўз - калі ласка - а то нас выганяць.

Піўз захіхікаў.

- Начныя шпацыры ладзім? Ай-яй-яй. Каму на месцы не сядзіцца, той быць спайманым не баіцца.

- Нас не спаймаюць, калі ты нас не выдасі. Калі ласка, Піўз.

- Але я павінен сказаць Філчу, проста абавязаны, - вымавіў Півз голасам непараўнальнай святасці, але вочы яго пры гэтым зларадна зіхацелі. - Для вашай жа выгоды, разумееце.

- Сыйдзі з дарогі, - раззлаваўся Рон, замахваючыся на Піўза - і гэта была вялікая памылка.

- НАВУЧЭНЦЫ ШВЭНДАЮЦЦА ПА ШКОЛЕ! - разгаласіўся Півз. - НАВУЧЭНЦЫ ШВЭНДАЮЦЦА ПА ШКОЛЕ, ЯНЫ Ў ЗАВАРОЖАНЫМ КАЛІДОРЫ!

Паднырнуўшы пад Піўза, дзеці з усіх ног панесліся ў іншы канец калідора, дзе ўрэзаліся ў дзверы - і тыя аказаліся зачыненымі.

- Усё! - праенчыў Рон. - Усё, нам канец.

Яны пачулі тупат, гэта Філч спяшаўся на крыкі Піўза.

- Ой, ды варушыся ж ты, - прыспешвала Герміёна. Яна выхапіла ў Гары чароўную палачку, пастукала па замку і прашаптала: "Алахамора!"

Замок пстрыкнуў, дзверы адчыніліся - яны праціснуліся ў праём і, хутка зачыніўшы дзверы за сабою, прыціснуліся да яе вушамі.

- Куды яны пабеглі, Піўз? - дапытваў Філч. - Гавары, хутчэй!

- Скажы "калі ласка".

- Не дуры, Піўз, кажы, куды яны пайшлі?

- Не скажу нічога, пакуль не скажаш "калі ласка", - нудзіў Піўз сваім непрыемным цягучым голасам.