- Гэй, Потэр, спускайся!
Прыйшоў Олівер Вуд. Пад пахай ён нёс вялікі кошык. Гары прызямліўся побач з ім.
- Выдатна, - пахваліў Вуд з зіхатлівымі вачамі, - зараз я разумею, што мела на ўвазе прафесар МакГонагал… ты і праўда ад прыроды надзелены ўменнем лётаць. Мне застаецца толькі навучыць цябе правілах, гэта я зраблю сёння, а потым ты будзеш трэніравацца разам з камандай тры разы на тыдзень.
Ён адкрыў кошык. Там ляжалі чатыры мячы розных памераў.
- Значыць, так, - пачаў Вуд, - правілы ў квідытчы вельмі простыя, хоць гуляць у яго, можа быць, не так і лёгка. Гуляюць дзве каманды. У кожнай па сем гульцоў. Трое з іх завуцца Паляўнічыя.
- Тры Паляўнічыя, - паўтарыў Гары, а Вуд выцягнуў з кошыка ярка-чырвоны мячык памерам з шайбу.
- Гэты мяч завецца Квафл, - растлумачыў Вуд. - Паляўнічыя кідаюць яго адзін адному і імкнуцца забіць гол у адно з кольцаў, гэта прыносіць дзесяць ачкоў. Пакуль усё ясна?
- Паляўнічыя кідаюць Квафл у кольцы, каб зарабіць дзесяць ачкоў, - паўтарыў Гары, - Значыць, гэта нешта накшталт баскетбола на мётлах і з шасцю кольцамі?
- А што такое баскетбол? - з цікаўнасцю спытаў Вуд.
- Ды так. няважна, - паспешліва сказаў Гары.
- Далей. У кожнай камандзе ёсць гулец, які завецца Ахоўнік - я вось Ахоўнік Грыфіндора. Я павінен лётаць вакол сваіх кольцаў і не даваць іншай камандзе забіць туды мяч.
- Тры Паляўнічыя, адзін Ахоўнік, - паўтараў Гары, які цвёрда вырашыў адразу ж усё запомніць. - І яны гуляюць Квафлам. Гэта я запомніў. А гэтыя для чаго? - і ён паказаў на астатнія тры мячы.
- Зараз пакажу. - сказаў Вуд. - Вазьмі вось гэта.
Ён даў Гары маленькую кароткую, падобную на бейсбольную, клюшку.
- Я пакажу, што робяць Нападалы. Вось гэтыя два мячы завуцца Нападалы.
Ён паказаў на два аднолькавыя вугальна-чорныя мячы, крыху меншыя за чырвоны Квафл. Гары здалося, што гэтыя мячы імкнуцца вырвацца са свайго месца ў кошыку, дзе іх утрымлівалі адмысловыя эластычныя матузы.
- Адыдзі ў бок, - папярэдзіў Вуд. Сам ён нахіліўся і вызваліў аднаго з Нападалаў.
У тую ж секунду чорны мяч узвіўся ўвысь, а затым кінуўся прама на Гары. Гары стукнуў яго клюшкай, каб пазбегнуць удару ў нос, і мяч зігзагамі ўзняўся зваротна ў неба - пранёсся ў хлопцаў над галовамі і куляй панёсся на Вуда, які кінуўся на яго жыватом і прыціснуў да зямлі сваім целам.
- Разумееш? - з цяжкасцю вымавіў Вуд і з неймавернымі высілкамі запхнуў Нападалу ў кошык і надзейна прышпіў яго там. - Нападалы лётаюць вакол і спрабуюць збіць гульцоў з мётлаў. Таму ў кожнай камандзе ёсць два Адбівалы - у нас гэта двайняты Уізлі - іх задача абараніць сваю каманду ад Нападалаў і адагнаць іх да іншай каманды. Ну што - усё зразумела?
- Тры Паляўнічыя імкнуцца забіць гол з дапамогай Квафла; Ахоўнікі ахоўваюць кольцы; Адбівалы імкнуцца трымаць Нападалаў далей ад сваёй каманды, - хутка прагаварыў Гары.
- Выдатна, - пахваліў Вуд.
- А… Нападалы калі-небудзь каго-небудзь забівалі? - спытаў Гары.
- У "Хогвартсе" - ніколі. Сківіцы пару разоў ламалі, але не болей. Значыцца, так. Сёмы гулец у камандзе - Лавец. Гэта ты. І табе не трэба турбавацца ні пра Квафл, ні пра Нападалаў…
- Покуль яны не праломяць мне галаву.
- Не бойся, двайняткі Уізлі з Нападаламі адныя адных вартыя, я хачу сказаць, яны самі як два жывыя Нападалы.
Вуд засунуў руку ў кошык і дастаў апошні, чацвёрты, мячык. У параўнанні з Квафлам і Нападаламі, ён падаваўся маленечкім, не болей за грэцкі арэх. Ён быў зіготка-залаты, а па баках трапяталі два срэбныя крылцы.
- Гэта, - сказаў Вуд, - Залаты Сніч. Самы галоўны мяч. Яго вельмі цяжка злавіць, таму што ён лётае звышхутка, і яго нялёгка нават разгледзець падчас палёту. Задача Лаўца - знайсці і схапіць яго. Табе давядзецца шнарыць паміж Паляўнічымі, Адбіваламі, Нападаламі і Квафлам і імкнуцца вылавіць Сніч раней за Лаўца іншай каманды. Таму што як толькі хто-небудзь з Лаўцоў зловіць Сніч, гэта прыносіць яго камандзе дадатковыя сто пяцьдзесят ачкоў, і яна амаль дакладна выйграе. Таму Лаўцоў вечна вінавацяць у несумленнай гульне. Гульня ў квідытч заканчваецца толькі тады, калі злоўлены Сніч, і таму гуляць можна стагоддзямі - здаецца, рэкорд быў тры месяцы, гульцоў даводзілася змяняць, каб яны маглі пайсці паспаць. Вось і ўсё. Пытанні ёсць?
Гары паматляў галавой. Ён ужо зразумеў, што яму трэба рабіць, заставалася толькі зразумець, як гэта рабіць.
- Мы зараз не будзем трэніравацца са Снічам, - Вуд акуратна паклаў мяч у кошык, - занадта цёмна, можна яго згубіць. Давай паспрабуем вось з гэтымі.