- Далоў яго з поля! Суддзя, чырвоную картку!
- Аб чым гэта ты, Дын? - не зразумеў Рон.
- Чырвоную картку! - не сцішаўся разлютаваны Дын. - У футболе за такое паказваюць чырвоную картку і выдаляюць з поля!
- Але гэта ж не футбол, Дын, - нагадаў яму Рон.
Хагрыд быў на боку Дына:
- Тады Правілы трэба змяняць. Яшчэ трошкі, і Гары б расшыбся.
Лі Джордан не змог захаваць нейтральнасць.
- Такім чынам - пасля відавочнага і агіднага парушэння…
- Джордан! - праракатала прафесар МакГонагал.
- Я хачу сказаць, пасля гэтага адкрытага і нахабнага прыёма…
- Джордан, я цябе папярэджваю…
- Добра, добра. Флінт ледзь не забіў Лаўца "Грыфіндора", што, зразумела, са ўсякім можа здарыцца, так што "Грыфіндору" прабівае штрафны, які выконвае Спінэт… галкіпер Слізэрына адводзіць яго без праблем, а мы працягваем сачыць за гульнёй, мяч усё яшчэ ў "Грыфіндора".
Усё адбылося ў той момант, калі Гары ў чарговы раз увярнуўся ад Нападалы, які прасвістаў, круцячыся, у небяспечнай блізкасці ад яго галавы. Цалкам нечакана мятла Гары як быццам правалілася ў паветраную яму. Нейкую долю секунды хлопчык быў упэўнены, што зараз зваліцца. Ён сутаргава ўчапіўся ў мятлу аберуч і каленамі. Ні разу ў жыцці ён не адчуваў нічога страшней.
Мятла зноў нырнула. Стваралася ўражанне, што яна спрабуе скінуць Гары на зямлю. Але ці ж "Німбус 2000" - які-небудзь неаб’езджаны скакун і можа раптам вырашыць пазбавіцца ад конніка? Гары хацеў звярнуць назад да кольцаў "Грыфіндора" - яму прыйшло было ў галаву папрасіць Вуда абвясціць тайм-аўт - але ён адчуў, што мятла цалкам выйшла з-пад кантролю. Ён не мог развярнуцца. Наогул не мог яе нікуды накіраваць. Яна зігзагамі гойсала ў паветры, час ад часу віляючы, і ён усялякі раз цудам утрымліваўся, каб не зваліцца.
Лі ўсё яшчэ каментаваў матч.
- "Слізэрын" валодае мячом - Флінт упускае Квафл – ён у Спінэт - пасс Бэлл - атрымоўвае ўдар у твар Нападалай, спадзяюся, што ў яе зламаны нос - жарт, прафесар - "Слізэрын" забівае гол - о не!
Слізэрынцы радаваліся. Пры гэтым ніхто, падавалася, не прыкмячаў, што мятла Гары паводзіць сябе дзіўна. Яна паволі выносіла яго прочкі ад гульнявога поля, усё вышэй у неба, стала скакаць і тузацца.
- Што там з Гары? - прамармытаў Хагрыд. Ён паглядзеў у бінокль. - Калі б я не ведаў яго, я б сказаў, што мятла яго не слухаецца… але ён жа не мог…
Раптам гледачы на трыбунах сталі паказваць уверх на Гары.
Яго метла круцілася ў паветры, так хутка, што ён ледзьве ўтрымліваўся на ёй. Потым раздаўся дружны лямант. Метла рэзка кінулася ў бок, і Гары зляцеў. Зараз ён вісеў, схапіўшыся за дрэўка адной рукой.
- Можа, з ёй што-небудзь здарылася, калі Флінт яго заблакаваў? - прашаптаў Шэймас.
- Не магло, - сцісла сказаў Хагрыд, але голас у яго дрыжаў. - На мятлу дзейнічае адна толькі чорная магія - хлопцу такое не пад сілу, тым больш гэта "Німбус 2000".
Пры гэтых словах Герміёна выхапіла ў Хагрыда бінокль, але накіравала яго не на Гары, а на трыбуны, дзе стала ліхаманкава нешта шукаць.
- Што ты робіш? - праенчыў Рон з попельна-шэрым тварам.
- Я так і ведала, - хвалюючыся, сказала Герміёна, - Снэйп - глядзі.
Рон схапіў бінокль. Снэйп сядзеў у цэнтры процілеглай трыбуны. Яго вочы былі прыкаваныя да Гары, і ён безупынна мармытаў нешта, ледзь варушачы вуснамі.
- Ён чаруе - праклінае мятлу, - сказала Герміёна.
- Што ж рабіць?!
- Пакінь гэта мне.
І, перш чым Рон паспеў сказаць хоць слова, Герміёна знікла. Рон зноў навёў бінокль на Гары. Яго мятла так моцна вібравала, што наўрад ці ён мог пратрымацца доўга. Гледачы ў жаху падхапіліся на ногі і глядзелі, як падляцелі двайняткі Уізлі і паспрабавалі перацягнуць Гары на адну са сваіх мётлаў, але нічога не атрымоўвалася – як-толькі хто-небудзь з іх набліжаўся, мятла Гары рэзка ўздымалася ўверх. Тады двайняткі апусціліся ніжэй і сталі кружыць, у надзеі, што ім атрымаецца падхапіць Гары, калі той зваліцца. Маркус Флінт завалодаў Квафлам і забіў пяць галоў запар, але ніхто гэтага нават не заўважыў.
- Ну жа, Герміёна! - адчайна шаптаў Рон.
Праціскаючыся скрозь натоўп, Герміёна прабралася туды, дзе сядзеў Снэйп, і рыссю прабегла па шэрагу ззаду яго; яна нават не спынілася папрасіць прабачэння, калі пхнула прафесара Квірэла так, што той ткнуўся носам ва ўслон пярэдняга шэрагу. Дабегшы да Снэйпа, Герміёна села на кукішкі, выцягнула чароўную палачку і вымавіла некалькі слоў. З кончыка палачкі выляцеў сноп ярка-блакітнага полымя, прама на падол доўгай мантыі Снэйпа.
Настаўніку спатрэбілася прыкладна трыццаць секунд, каб зразумець, што ён гарыць. Гучнае "ох!" лепш усякіх слоў сказала Герміёне аб тым, што яна справілася са сваёй задачай. Сабраўшы агонь з прафесара ў маленькі слоічак і кінуўшы яго ў кішэню, дзяўчынка панеслася назад - Снэйп ніколі не здагадаецца, што здарылася.