Гэтага аказалася дастаткова. Гары, там, у небе, здолеў узлезці на мятлу.
- Нэвіл, ужо можна глядзець! - сказаў Рон. Апошнія пяць хвілін Нэвіл роў, уткнуўшыся ў пінжак Хагрыду.
Гары на вялікай хуткасці ляцеў уніз да зямлі, і раптам усе ўбачылі, што ён сутаргава прыціснуў далонь да рота, так, быццам яго вось-вось званітуе - ён прызямліўся на ўсё чатыры канечнасці - кашлянуў - і нешта залатое звалілася яму ў руку.
- Я злавіў Сніч! - пераможна закрычаў ён, размахваючы мячыкам над галавой. І гульня скончылася ў найпоўнай блытаніне.
- Ён яго не злавіў, а праглынуў, - працягваў стагнаць Флінт дваццаццю хвілінамі пазней, але ад яго стогнаў не было ніякага карысці, бо Гары гэтым не парушыў правілаў, І Джордан усё яшчэ радасна выкрыкваў вынікі гульні - "Грыфіндор" выйграў з лікам 170:60. Гары, зазначым, нічога гэтага не чуў. Яго паілі дужай гарбатай у халупе Хагрыда, дзе ён сядзеў разам з Ронам і Герміёнай.
- Гэта быў Снэйп, - тлумачыў Рон. - Мы з Герміёнай усё бачылі. Ён наклаў праклён на тваю мятлу, ён увесь час мармытаў і не зводзіў з цябе вачэй.
- Лухта, - адмаўляў Хагрыд, які не заўважыў нічога з таго, што зусім нядаўна адбывалася побач з ім на трыбуне. - З якой жа гэта радасці Снэйп стане такое рабіць?
Гары, Рон і Герміёна паглядзелі адно на аднога, узважваючы пра сябе, што можна распавесці Хагрыду. Гары вырашыў сказаць праўду.
- Мне стала сёе-тое вядома, - растлумачыў ён Хагрыду. - У Хэлоўін Снэйп спрабаваў пракрасціся паблізу трохгаловага сабакі. Той кусіў яго. Нам падаецца, ён імкнецца выкрасці тое, што сабака ахоўвае.
Хагрыд выпусціў імбрычак.
- Адкуль вы даведаліся аб Флуфі? - спытаў ён.
- Флуфі?
- Так - гэта мой сабака - купіў у аднаго сябрука ў Грэцыі, у пабе пазнаёміліся - а мінулы год Дамблдор вазьмі і папрасі яго ў мяне, каб, значыць, ахоўваць…
- Што? - спытаў Гары нецярпліва.
- Ты мяне нічога не пытай, - злосна паматляў галавой Хагрыд. - Звышсакрэтна, разумееш.
- Але Снэйп жа жадае гэта выкрасці.
- Лухта, - зноў не паверыў Хагрыд. - Снэйп - настаўнік, нічога такога рабіць не стане.
- А чаму тады ён толькі што спрабаваў забіць Гары? - ускрыкнула Герміёна.
Падзеі сённяшняга дня змянілі яе меркаванне пра прафесара Снэйпа.
- Я магу адрозніць праклён ад няшчаснага выпадку, дарагі Хагрыд, я пра іх столькі чытала! Для праклёну трэба не перарываць зрокавы кантакт з аб'ектам, а Снэйп нават не лыпаў, я бачыла!
- Ды кажу вам, лухта! - разгарачыўся Хагрыд. - Не ведаю, чаго там у Гары стрэслася з мятлой, ды толькі Снэйп не стане забіваць вучня! Вось што, вы - усе трое – не суйце свае насы куды не трэба! Гэта небяспечна! Забудзьцеся на гэтага сабаку, і чаго ён там ахоўвае, усё гэтае датычыцца толькі прафесара Дамблдора і Нікаласа Фламеля…
- Ага! - сказаў Гары. - Значыць, тут замяшаны нехта Нікалас Фламель?
Хагрыд быў злы сам на сябе, што прагаварыўся.
— РАЗДЗЕЛ XII —
Запаветнае люстэрка
Набліжаліся Каляды. Аднойчы ў сярэдзіне снежня "Хогвартс", прачнуўшыся ўранку, апынуўся ўвесь засыпаны глыбокім пухнатым снегам. Возера замерзла, а двайняты Уізлі былі сувора пакараныя: яны замовілі снежкі, каб тыя паўсюль пераследвалі Квірэла, спрабуючы збіць ягоны цюрбан. З тымі нешматлікімі з соў, якія здолелі пераадолець завіруху і даставіць пошту па прызначэнні, Хагрыду прыйшлося нямала павазіцца, перш чым яны вярнуліся да жыцця і накіраваліся ў зваротны шлях.
Усё з нецярпеннем чакалі вакацыяў. У Грыфіндорской гасцінай і ў Вялікай Зале заўсёды гарэлі каміны, але ў калідорах сцены пакрыліся імжой, і ледзяны вецер грукаў у вокны класных пакояў. Самымі невыноснымі былі гадзіны заняткаў з прафесарам Снэйпам у падзямеллі, дзе дыханне вырывалася з рота марознай аблачынай, і дзецям даводзілася трымацца як мага бліжэй да сваіх катлоў.
- Як жа я спачуваю, - аднойчы на зеллеварэнні сказаў Драко Малфой, - тым, каму давядзецца праводзіць вакацыі ў "Хогвартсе". Зрэшты, што ж рабіць, калі дома ім не рады.
І ён ва ўпор паглядзеў на Гары. Крэб і Гойл гадзенька захіхікалі. Гары, які ў той момант адмяраў таўчоныя пазванкі рыбы-ільва, спрабаваў не звяртаць на іх увагі. Пасля матча па квідытчу Малфой наогул зрабіўся невыносны. Не ў сілах перажыць паразу "Слізэрына", ён стала адпускаў жартачкі на той прадмет, што ў наступны раз Лаўцом возьмуць не Гары, а жабу, бо ў яе рот шырэйшы. Аднак, нават Малфой урэшце рэшт зразумеў, што яго жарты нікому не смешныя - да такой ступені ўсё захапляліся Гары, тым, як ён здолеў утрымацца на ашалелай мятле. Таму Малфой, у шалёнай зайздрасці і нянавісці, мусіў вярнуцца да кпінаў з нагоды адсутнасці ў Гары нармалёвай сям'і.