Герміёна дастала спіс тэм і кніг, якія яна вылучыла на сёння, а Рон падышоў да паліц і прыняўся выцягваць кнігі наўздагад. Гары паплёўся ў Зачынены Аддзел. Яму ўжо даўно падавалася, што Фламель павінен быць дзесьці там. Нажаль, для таго, каб атрымаць доступ да забароненых кніг, патрабаваўся пісьмовы дазвол ад настаўніка, і, вядома, Гары не разлічваў атрымаць такі дазвол. У Зачыненым Аддзеле захоўваліся кнігі, якія змяшчалі апісанні наймоцных замоваў чорнай магіі, іх дазвалялася чытаць толькі старшакурснікам, што вывучаюць абарону ад сіл зла.
- Ты што тут шукаеш?
- Нічога, - схлусіў Гары.
Бібліятэкарка спадарыня Пінс выставіла на яго мяцёлку з пёраў, якой яна змятала пыл.
- Тады табе лепш пайсці з бібліятэкі - давай, давай, прэч адсюль.
Шкадуючы, што не змог хутка згатаваць якую-небудзь праўдападобную гісторыю, Гары пакінуў бібліятэку. Яны ўсе трое з самога пачатку вырашылі, што спадарыню Пінс лепш не ўмешваць у пошукі Нікаласа Фламеля. Без сумневу, яна падказала б, дзе знайсці патрэбную інфармацыю, але тады чуткі аб іх пошуках маглі б дайсці да Снэйпа, і сябры вырашылі, што лепей не рызыкаваць.
Гары сноўдаўся па калідоры ў надзеі, вельмі, зрэшты, слабой, што Рону або Герміёне пашчасціць больш. У рэшце рэшт, хоць пошукі і працягваліся ўжо цэлых два тыдні, але шукаць ім атрымоўвалася толькі ўрыўкамі, так што, пэўна, няма нічога дзіўнага ў адсутнасці бачных поспехаў? Вось калі б атрымалася правесці ў бібліятэцы столькі часу, колькі запатрабуецца, без спадарыні Пінс за спінай!
Праз пяць хвілін падышлі Рон з Герміёнай, адмоўна матляючы галовамі. Кампанія адправілася на абед.
- Вы ж не спыняйце пошукі, пакуль мяне не будзе! - папрасіла Герміёна. - І не забудзьце даслаць саву, калі нешта знойдзеце.
- А ты, можа, спытаеш у бацькоў пра Нікаласа Фламеля? - папытаў Рон. - Не страшна, калі ты іх спытаеш?
- Цалкам не страшна - яны абодва дантысты, - адказала Герміёна.
Пачаліся вакацыі, і для Гары з Ронам надышлі дзянькі занадта шчаслівыя, каб думаць аб Фламелі. У спальні зараз засталіся толькі яны двое, ды і ў агульнай гасцінай стала нашмат вальней, не трэба было наладжваць бойкі за лепшыя крэслы ля каміна. Яны сядзелі ў іх гадзінамі, ядучы ўсё, што толькі можна было падсмажыць на агні на доўгім відэльцы - хлеб, пончыкі, зефір - і будавалі падкопы супраць Малфоя - як бы зрабіць так, каб яго выключылі - і гэта было вельмі весела, нягледзячы на тое, што яны зусім не збіраліся ажыццяўляць свае планы.
Яшчэ Рон пачаў вучыць Гары гульні ў чароўныя шахматы. Гэтая гульня ў дакладнасці адпавядала маглавым шахматам, за выключэннем таго, што ўсе фігуры былі жывымі, і гулец, кіруючы войскам, пачуваўся палкаводцам на поле біітвы. Шахматы ў Рона былі вельмі старыя і абшарпаныя. Як і іншая маёмасць Рона, шахматы калісьці належалі камусьці іншаму ў сям'і - у дадзеным выпадку, дзядулі. Тым не менш, старыя фігуркі апынуліся бравымі ваякамі. Рон дасканала вывучыў іх характары, і ў яго ў войску не ўзнікала практычна ніякіх праблем з дысцыплінай.
Гары гуляў наборам Шэймаса Фінігана, і фігуркі яму не давяралі. Ён наогул яшчэ не навучыўся як след гуляць, фігуркі пастаянна крычалі на яго, давалі розныя парады, і ад гэтага Гары губляўся. "Не пасылай мяне туды, ты што, не бачыш каня саперніка? Пашлі таго, ён абсалютна бескарысны!"
У куццю Гары адправіўся спаць, прадчуваючы і заўтрашнюю весялосць, і ўрачыстую вячэру, але ніяк не атрыманне падарункаў. Аднак, прачнуўшыся ўранку, ён перш за ўсё ўбачыў ля ложка невялікую горку скруткаў.
- Шчаслівых Калядаў, - сонна прамармытаў Рон, калі пачуў, што Гары выбіраецца з ложку і нацягвае халат.
- Табе таксама, - адказаў Гары. - Паглядзі! Я атрымаў падарункі!
- А ты чакаў мяшок бручкі? - не занадта ветліва адрэагаваў Рон, паварочваючыся да ўласнай горкі, памерамі куды больш Гарынай.
Гары ўзяў у рукі верхні скрутак. Ён быў абвінуты ў шчыльную карычневую паперу і разляпіста надпісаны: "Гары ад Хагрыда". У ім аказалася грубавата выразаная з дрэва флейта. Хутчэй за ўсё, Хагрыд змайстраваў яе сваімі рукамі. Гары падзьмуў - раздаўся гук, які моцна нагадваў вуханне савы.
У другі, вельмі маленькі, пакуначак была ўкладзеная занатоўка:
"Атрымалі твой ліст. Твой калядны падарунак. Дзядзька Вернан і цётка Пятуння."
Да занатоўкі прыкладалася манетка ў пяцьдзесят пенсаў.
- Чароўна, - сказаў Гары.
Рон прыйшоў у захапленне ад пяцідзесяці пенсаў.
- Вось дзіўна! - закрычаў ён. - Якая незвычайная форма! І гэта - грошы?!
- Вазьмі сабе, - прапанаваў Гары, смяючыся над захапленнямі Рона. - Ад Хагрыда, ад дзядзькі з цёткай - тады ад каго гэта?