Выбрать главу

За індычкай рушыў услед калядны пудынг, паліты палаючым пуншам. Персі ледзь не зламаў зуб аб запечаны ў яго кавалак срэбны сікль. Гары з цікаўнасцю назіраў за Хагрыдам. Той патрабаваў яшчэ і яшчэ віна і ўсё больш барвавеў тварам. Скончылася тым, што ён пацалаваў прафесара МакГонагал у шчаку, а тая, да вялікага здзіўлення Гары, счырванела і захіхікала, бы дзяўчо, і шапка яе пры гэтым з'ехала набок.

Калі Гары нарэшце ўстаў з-за стала, ён быў нагружаны ўсякімі цікавымі штучкамі з крэкераў, уключаючы пакунак паветраных шарыкаў, якія, згодна сцвярджэнням вытворцаў, ніколі не лопаюцца, набор для самастойнай гадоўлі бародавак і свае ўласныя новенькія чароўныя шахматы. Белыя мышкі зніклі, і ў Гары з'явілася прыкрае падазрэнне, што яны паслужаць каляднай вячэрай для місіс Норыс.

Гары разам з усімі братамі Уізлі правёў другую палову дня ў двары, з захапленнем кідаючыся снежкамі. Потым, змерзлыя, змоклыя і задыханыя, яны ўваліліся ў агульную гасціную "Грыфіндора" і паселі ў крэслы перад камінам, дзе Гары з Ронам абнавілі шахматны набор, прычым Гары з трэскам прайграў. Ён, праўда, быў упэўнены, што прайграў бы не так ганебна, калі б Персі не гэтак старанна падказваў яму, як хадзіць.

За вячэрай, якая складалася з сэндвічаў з індычкай, здобных куханоў, труфеляў і каляднага пірага, усе зноўку аб'еліся і да самога адыходу да сну не маглі ўжо нічым заняцца, а толькі валяліся ў крэслах і гультаявата назіралі, як Персі ганяецца за Фрэдам і Джорджам па ўсёй Грыфіндорской вежы - у двайнят хапіла энергіі сцягнуць у брата значок "стараста".

Для Гары гэта быў самы лепшы калядны дзень за ўсё жыццё, усё ж нешта не пераставала падспудна грызці яго. Але падумаць аб гэтым як след не было часу датуль, пакуль ён не забраўся ўвечар у ложак. Такім чынам: плашч-нябачнік і хто ж яго даслаў.

Рон, наеўшыся індычкі з пірагом і не маючы за душой ніякіх думак, якія б яго турбавалі, заснуў адразу, ледзь толькі лёг. А Гары звесіўся са свайго ложка і выцягнуў з-пад яго плашч-нябачнік.

Гэта належала яго бацьку… бацьку… Ён лёгка перабіраў матэрыял у руках, і той струменіўся між пальцамі, мякчэй за шоўк, лягчэй паветра. “Выкарыстай яго з розумам”, было сказана ў занатоўцы.

Трэба памераць, зараз жа. Ён выслізнуў з ложка і закруціўся ў плашч. Зірнуўшы на ўласныя ногі, ён убачыў толькі цені ды месячнае святло. Вельмі дзіўнае адчуванне.

Выкарыстай яго з розумам.

Раптам Гары адчуў прыліў незвычайнай бадзёрасці. З гэтым плашчом перад ім адчынены ўвесь "Хогвартс". Хвалі нецярплівай узрушанасці прабягалі па целе, пакуль ён вагаючыся стаяў у маўклівай цемры спальні. У гэтым плашчы можна прайсці куды заўгодна, і ніякі Філч нічога не западозрыць.

Рон замармытаў у сне. Абудзіць яго? Нешта ўтрымала Гары - плашч яго бацькі - гэтым разам ён адчуў крэўную сувязь - упершыню - і яму захацелася застацца з плашчом сам-насам.

Гары паціху выбраўся са спальні, уніз па лесвіцы, праз гасціную, і ўскараскаўся ў адтуліну за партрэтам.

- Хто тут? - каркнула Тоўстая Цётка спрасонку. Гары нічога не адказаў. Ён пашыбаваў па калідоры.

Куды жа накіравацца? Ён спыніўся, ягонае сэрца шалёна калацілася, і стаў думаць. І раптам да яго дайшло - Зачынены Аддзел бібліятэкі! Ён зможа чытаць колькі пажадпе, столькі, колькі спатрэбіцца, каб адшукаць інфармацыю пра Нікаласа Фламеля. І Гары зрушыўся ў шлях, аберуч прытрымліваючы плашч, каб той не расхінуўся.

У бібліятэцы стаяла непраглядная цемрадзь і наогул было вельмі змрочна і жудасна. Гары запаліў лямпу, каб ведаць, куды ісці і не натыкнуцца на паліцы. Падавалася, што лямпа сама плыве ў паветры. Гары хоць і ведаў, што гэта ён нясе лямпу і адчуваў яе ў сваёй руцэ, ды ўсё адно ад гэтага відовішча нават у яго па спіне паўзлі мурашкі.

Зачынены Аддзел размяшчаўся ў задняй частцы бібліятэкі справа. Акуратна пераступіўшы заграджэнне, што аддзяляла забароненыя кнігі ад усіх астатніх, Гары прыўзняў лямпу вышэй і стаў чытаць загалоўкі.

Загалоўкі сказалі яму не занадта шмат. Аблупленыя, абгарэўшыя залатыя літары на карэньчыках утваралі словы на мовах, аб якіх Гары ніколі не чуў. У некаторых кніг загалоўка не было зусім. На вокладцы адной кнігі цямнела пляма, якая падазрона нагадвала кроў. Можа быць, яму здавалася, а можа быць, і не, але толькі ён выразна чуў ціхі шапаток, які даносіўся ад кніжных стэлажоў, як быццам тутэйшыя насельнікі адчулі, што хтосьці старонні, хтосьці, каму не варта тут знаходзіцца, уварваўся ў іх жыллё.