Аднак, трэба з чагосьці пачаць. Асцярожна паставіўшы лямпу на пол, Гары абвёў поглядам ніжнюю паліцу ў пошуках якой-небудзь кніжкі з цікавай вокладкай. Яго ўвагу прыцягнуў вялікі чорны з срэбрам фаліянт. Не без цяжкасці - кніга была вельмі вялікай - Гары выцягнуў яе з паліцы, і, паклаўшы яе на калені, разгарнуў.
Пранізлівы лямант, ад якога кроў застыла ў жылах, прарэзаў урачыстую цішыню бібліятэкі - кніга закрычала! Гары паспешна загарнуў яе, але лямант не змаўкаў, ён разносіўся ва ўсе бакі на адной бесперапыннай, высокай ноце. Гары ніякавата адступіў назад і перакуліў лямпу, якая адразу жа згасла. Хлопчык запанікаваў, і тут у давяршэнне ўсіх бед з калідора пачуў чыесці імклівыя крокі. Гары хутчэй запхнуў крыклівую кнігу на месца і панёсся да выхада. Ён абмінуў Філча ў праходзе; бясколерныя, дзікія вочы паглядзелі прама скрозь яго. Гары прашмыгнуў пад выцягнутай у бок рукой і бясшумна заслізгаў прэчкі па калідоры, але ляманты патурбаванага фаліянта яшчэ доўга звінелі ў яго ў вушах.
Нечакана ён уторкнуўся галавой у рыцарскія латы. Гары быў так заклапочаны тым, каб прыбрацца далей ад бібліятэкі, што нават не звяртаў увагі, куды збяжыць. Зараз жа, магчыма, з-за цемры, ён ніяк не мог зразумець, дзе знаходзіцца,. Ён ведаў, што рыцарскія даспехі ёсць недалёка ад кухні, але зараз, па ідэі, ён павінен быць пяццю паверхамі вышэй.
- Вы прасілі мяне дакладваць непасрэдна вам, прафесар, калі хтосьці будзе блукаць па начах, дык вось, хтосьці пракраўся ў бібліятэку - у Зачынены Аддзел.
Гары фізічна адчуў, як кроў пакідае яго жылы. Дзе б ён зараз не знаходзіўся, а Філч, па ўсім, ведаў нейкі патаемны ход да гэтага ж месца, таму што яго ліслівы, ліпкі голас станавіўся ўсё болей чутны, і, да жаху Гары, адказваў Філчу Снэйп:
- Зачынены Аддзел? Што ж, яны не маглі сыйсці далёка, мы іх абавязкова зловім.
Гары быццам прырос да падлогі, а Снэйп з Філчам выйшлі насустрач яму з-за найблізкага кута. Яны, вядома, не маглі бачыць начнога падарожніка, але калідор быў вузкі, так што, калі яны падыдуць бліжэй, то абавязкова натыкнуцца на Гары - стаўшы нябачным, хлопчык тым не менш не спыніў сваё існаванне ў выглядзе цвёрдага фізічнага цела.
Гары, наколькі мог, адступіў назад. Злева ад сябе ён убачыў прыадчыненыя дзверы - яго адзіная надзея на выратаванне. Ён праслізнуў у шчыліну, стрымліваючы дыханне, імкнучыся не патурбаваць дзверы, і, да сваёй вялікай палёгкі, здолеў пракрасціся ў пакой так, што ніхто нічога не заўважыў. Філч са Снэйпам прайшлі паблізу, а Гары знясілена прыхінуўся да сцяны, цяжка дыхаючы, прыслухоўваючыся да сціхаючых крокаў. Гэтым разам яго ледзь не злавілі. Прайшло некалькі секунд, перш чым ён звярнуў увагу на пакой, у якім схаваўся.
Падаецца, гэта была класны пакой, якім доўга ніхто не карыстаўся. На фоне цёмнай сцяны чарнелі сілуэты дошкі і парт, пастаўленых адна на адну; у куце стаяў перавернуты ўверх дном кошык для папер – але ля процілеглай сцяны ўзвышалася штосьці цалкам у дадзеным становішчы недарэчнае, штосьці, змешчанае сюды з адзінай мэтай быць схаваным ад старонніх вачэй.
Гэта было шыкоўнае люстэрка, высокае, да столі, у пазалочанай раме, упрыгожаным багатым разьбярствам, на падстаўцы ў форме кагтістых лап. Паверсе ішоў інкруставаны надпіс: "Іёў цяін явор касон кілен".
Страх патроху пакінуў Гары, і ён асцярожна наблізіўся да люстэрка, думаючы ўбачыць сябе, але адлюстраванне чамусьці не з'явілася. Тады Гары адважна ўстаў прама перад люстэркам.
Яму прыйшлося заціснуць рот аберуч, каб не закрычаць. Ён імкліва абярнуўся. Сэрца калацілася значна мацней, чым калі заекатала кніга - у люстэрку ён убачыў не толькі сябе, але і цэлы натоўп народу за сваёй спінай.
Аднак пакой быў пусты. Часта і перарывіста дыхаючы, Гары, вельмі і вельмі павольна, зноў звярнуўся да люстэрка.
У люстэрку стаяў ён, белы ад жаху, і за яго спінай знаходзілася яшчэ па меншай меры чалавек дзесяць. Гары паглядзеў праз плячо - нікога не было. Або яны ўсе таксама нябачныя? Што жа адбываецца насамрэч? Ён стаіць у пакоі, поўным нябачных людзей, а люстэрка так наладжана, што адлюстроўвае іх незалежна ад таго, бачныя яны або нябачныя?
Гары зноў паглядзеў у люстэрка. Жанчына, што стаяла прама за спіной у яго адлюстравання, усміхалася і махала рукой. Гары памацаў рукой ззаду сябе. Калі б яна і на самай справе была ззаду, ён бы адчуў, занадта ўжо блізка адно да аднаго стаялі іх адлюстраванні, але рука прайшла скрозь паветра - жанчына і ўсе астатнія існавалі толькі ў люстэрку.