- Бачыш, Дамблдор меў рацыю, гэтае люстэрка сапраўды зводзіць людзей з глузду, - сказаў Рон, калі Гары распавёў яму аб начных кашмарах.
Герміёна, якая вярнулася ў школу за дзень да пачатку семестра, глядзела на рэчы інакш. Яна то ўпадала ў жах пры думцы, што Гары правёў цэлых тры ночы па-за спальняй, блукаючы па калідорах замка ("што, калі б Філч злавіў цябе!"), то шкадавала, што ён так і не высвятліў, хто такі Нікалас Фламель.
Дзеці амаль страцілі надзею знайсці згадку пра Фламеля ў бібліятэчных кніжках, хоць Гары па-ранейшаму знаходзіўся ва ўпэўненасці, што дзесьці ўжо сустракаў гэтае імя. Тым не менш, разам з пачаткам семестра яны вярнуліся да сваіх дзесяціхвілінных набегаў на бібліятэку падчас перапынкаў паміж заняткамі. Пры гэтым Гары мог выдзяляць на пошукі яшчэ менш часу, чым астатнія двое, таму што ў яго зноў пачаліся трэніроўкі па квідытчы.
Вуд прымушаў сваю каманду выкладвацца больш, чым калі-небудзь. Пахіснуць яго баявы дух не магло нішто, нават бясконцы дождж, які змяніў снегапады. Двайняты Уізлі стагналі і скардзіліся, абражаючы Вуда псіхам ненармалёвым, але Гары ў дадзеным выпадку прыняў бок капітана. Бо калі ім атрымаецца перамагчы "Хафлпаф", яны абыйдуць "Слізэрын" у барацьбе за кубак - першы раз за апошнія сем гадоў! Апроч цалкам зразумелага жадання выйграць матч, у Гары была яшчэ адна прычына старанна трэніравацца: ён выявіў, што радзей бачыць кашмары, калі ад стомленасці засынае як падкошаны.
Аднойчы пасля трэніроўкі, падчас якой каманда асабліва моцна вымакла і па вушы перапэцкалася, Вуд паведаміў дрэнную навіну. Ён як раз жудасна раззлаваўся на двайнятак Уізлі, якія задумалі бомбамі падаць зверху адзін на іншага, прычым той, які падвяргаўся бамбаванню прыкідваўся, што падае з мятлы.
- Хопіць ужо хуліганіць! - заекатаў у рэшце рэшт Вуд. - Менавіта з-за гэтага мы і прайграем матч! Бо судзіць будзе Снэйп, ужо ён стане прыдзірацца па поўнай праграме, абы знайсці падставу зняць балы з "Грыфіндора"!
Пры гэтай вестцы Джордж Уізлі і на самай справе зваліўся з мятлы.
- Снэйп будзе судзіць матч?! - невыразна булькнуў ён скрозь бруд, што набіўся ў рот. - Хіба ён калі-небудзь судзіў квідытчныя матчы? Ён не стане судзіць справядліва, калі ўбачыць, што ў выніку мы зможам абыйсці "Слізэрын".
Усе астатнія чальцы каманды прызямліліся побач з Джорджам і таксама пачалі абурацца.
- Ну а я што магу зрабіць?! - адбіваўся Вуд. - Нам трэба гуляць бездакорна, каб Снэйпу не было да чаго прычапіцца, вось і ўсё.
Усё гэта, вядома, выдатна, думаў Гары, але ў мяне свае прычыны жадаць, каб Снэйпа наогул не было на матчы, асабліва калі я буду ў паветры…
Напрыканцы трэніроўкі ўсе затрымаліся як заўжды ў распранальні, каб пагутарыць, але Гары накіраваўся наўпрост у Грыфіндорскую гасціную, дзе заспеў Рона і Герміёну за мірнай партыяй у шахматы - адзінае, у чым Герміёна адставала ад хлопчыкаў. Яна часта прайгравала, і Гары з Ронам знаходзілі гэта надзвычай карысным для яе.
- Не гавары мне зараз анічога, - прамармытаў Рон, калі Гары сеў побач, - мне трэба засяро... - ён убачыў выраз твару сябра, - Што здарылася? У цябе кашмарны выгляд.
Імкнучыся казаць вельмі ціха, каб ніхто іншы не пачуў, Гары распавёў сябрам аб раптоўным намеры Снэйпа быць суддзёй на матчы па квідытчы
- Не ўдзельнічай, - адразу сказала Герміёна.
- Скажы, што ты захварэў, - сказаў Рон.
- Скажы, што зламаў нагу, - прапанавала Герміёна.
- Зламай нагу па-сапраўднаму, - прапанаваў Рон.
- Не магу, - адмёў усе гэтыя прапановы Гары. - У нас няма запаснога Лаўца. Калі я не буду гуляць, то "Грыфіндор" наогул не выйдзе на поле.
Тут у гасціную ўніз галавой зваліўся Нэвіл. Як ён наогул здолеў прабрацца ў дзірку за партрэтам, засталося загадкай - з першага погляду было ясна, што яго нагі скаваныя Кайданным Праклёнам. Яму, пэўна, прыйшлося як зайцу прыгаць па шматлікіх прыступках Грыфіндорскай вежы.
Зразумела, усё пачалі дзіка рагатаць, і толькі Герміёна кінулася да яго і вымавіла контр-заклён. Ногі Нэвіла адскочылі адна ад адной, як быццам паміж імі лопнула спружына, і небарака, калоцячыся з галавы да ног, змог нарэшце ўстаць.
- Што здарылася? - спытала Герміёна, дапамагаючы Нэвілу дайсці да крэсла і ўсаджваючы яго побач з Гары і Ронам.
- Гэта Малфой, - дрыготкім голасам пачаў распавядаць Нэвіл. - Я натыкнуўся на яго каля бібліятэкі. Ён сказаў, што яму патрэбны паддоследны трус, каб папрактыкавацца.